Навіны
У Нацыянальным прэс-цэнтры 23 студзеня 2013 г. адбылася прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. на тэму «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе»

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда спыніўся на змесце прынятага 22 студзеня 2013 г. Канстытуцыйным Судом Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе». Пры гэтым было адзначана наступнае.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі зяўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, што па сутнасці вызначае змест палітычных, эканамічных, сацыяльных і прававых адносiн, якія ўстанаўліваюцца і ахоўваюцца Канстытуцыяй.

У Канстытуцыі вызначаны і такія каштоўнасці, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, дэмакратыя і вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, канстытуцыйная эканоміка, якія знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі і патрабуюць забеспячэнні неабходнага балансу пры дэмакратычным развіцці грамадства і дзяржавы.

Пры гэтым канстытуцыйныя каштоўнасці аказваюць арганізуючае уздзеянне на адпаведныя сферы грамадскіх адносiн, выступаюць у якасці арыенціраў, стандартаў, установак для дзяржаўных органаў і службовых асоб, грамадзян і грамадства ў цэлым.

Парламентам у мінулым годзе прыняты шэраг законаў, якія рэгулююць адносiны ў эканамічнай сферы, у іх ліку – аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці, аб камерцыйнай тайне, аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве); жыллёвай, сацыяльнай і культурнай сферах (тут перш за ўсё неабходна адзначыць новы Жыллёвы кодэкс). Шэраг законаў накіраваны на ўдасканальванне праваахоўнай і судовай дзейнасці, абароны, барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Рэалізуючы свае канстытуцыйныя функцыі і паўнамоцтвы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у мэтах абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна пры разглядзе спраў і матэрыялаў праз прызму канстытуцыйных каштоўнасцей забяспечваў вяршэнства і непасрэднае дзеянне Канстытуцыі, сцвярджаў канстытуцыйную законнасць у нарматворчасцi і правапрымяненні.

1. Канстытуцыйны Суд у 2012 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю праверыў канстытуцыйнасць 113 законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Усе законы прызнаны адпаведнымi Канстытуцыі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд на падставе канстытуцыйных палажэнняў сфармуляваў у рашэннях больш за 20 прававых пазіцый, накіраваных на ўдакладненне канстытуцыйна-прававога сэнсу асобных норм, выпрацоўку дзейснага заканадаўчага механізма рэалізацыі і абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда арыентуюць дзяржаўныя органы на паслядоўную і сістэматычную рэалізацыю ў сваёй дзейнасці канстытуцыйных прынцыпаў і норм, развіццё і абарону канстытуцыйных каштоўнасцей.

2. У 2012 годзе ўпаўнаважаныя суб’екты, вызначаныя ў артыкуле 116 Канстытуцыі (Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў) у Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў не звярталіся.

Гэта сведчыць як аб дасягнутым належным узаемадзеянні паміж суб’ектамі нарматворчай дзейнасці, так і аб працэсе канстытуцыялiзацыi грамадства і дзяржавы, калі выкананне Канстытуцыі становіцца правілам, нормай жыцця, у тым ліку пад уплывам прававых пазіцый, якiя выказваюцца Канстытуцыйным Судом.

3. У 2012 годзе ў дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд, паступіла 73 звароты: 68 – ад грамадзян і 5 – ад арганізацый. Упаўнаважаныя суб’екты палічылі, што пытанні, якія ставіліся грамадзянамі, не змяшчаюць дастатковых падстаў для падрыхтоўкі прапаноў у Канстытуцыйны Суд.

Агульнымі судамі таксама не прымаліся рашэнні на падставе часткі другой артыкула 112 Канстытуцыі, згодна з якой калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, то ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленным парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, для забеспячэння больш поўнай рэалізацыі права грамадзян і арганізацый на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, наебходна адпаведнае рэгуляванне парадку разгляду і прыняцця рашэнняў па ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый да ўпаўнаважаных суб’ектаў.

У цяперашні час Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у Парламент унесены праект Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», якім прадугледжаны пэўны працэсуальны парадак ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя.

4. У мінулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 772 звароты грамадзян і юрыдычных асоб. На падставе некаторых зваротаў Канстытуцыйным Судом прыняты рашэнні, накіраваныя на ўстараненне прававой недакладнасці, прабелаў і калізій у прававым рэгуляванні з мэтай папярэджання магчымых парушэнняў правоў і свабод грамадзян, забеспячэння іх рэалізацыі і абароны.

Так, у рашэннях указвалася на неабходнасць:

устаранення канстытуцыйна-прававога прабелу ў заканадаўчым рэгуляванні шляхам замацавання права выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракту;

выключэння прававой нявызначанасці ў рэгуляванні адносiн, звязаных з абаронай маёмасных інтарэсаў крэдытора, грашовымі сродкамі якога неправамерна карыстаўся даўжнік;

выключэння калізіі ў прававым рэгуляванні парадку і памераў пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках і інш.

5. На працягу 2012 года выкананы 13 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ў іх прававыя пазіцыі ўлічаны заканадаўцам:

у Жыллёвым кодэксе замацаваны правы грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку пастаянна пражываючых за яе межамi, набываць кватэры (дамы) па дагавору куплі-продажу ў любых населеных пунктах Беларусі незалежна ад пастаяннага месца жыхарства; устаноўлена прававое рэгуляванне парадку здачы на кароткатэрміновы перыяд грамадзянамі ўнаём жылых памяшканняў на сістэматычнай аснове;

у Законе «Аб пенсіённым забеспячэнні» вызначаны больш працяглы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку грамадзяніна ў банку, на які пералічваецца яго пенсія;

у Законе «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» урэгуляваны пытанні чарговасці пагашэння расходаў, якія ўзнікаюць у працэсе ліквідацыі даўжніка і непасрэдна звязаны з ім.

Знайшло далейшую рэалізацыю і рашэнне ад 7 красавіка 2011 г. «Аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па Законе Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка». На заканадаўчым узроўні устаноўлены абмежаваннi для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, якія не маюць права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, што прадастаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынiкае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

У цэлым дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь праводзіцца паслядоўная работа па выкананню рашэнняў Канстытуцыйнага Суда шляхам прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, а таксама ўнясення неабходных змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства.

Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў 2012 годзе, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ў заканатворчым працэсе не было дапушчана істотных парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм. Пры гэтым на заканадаўчым узроўні выпрацоўваліся і ўдасканальваліся прававыя механізмы, якія забяспечваюць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйныя каштоўнасці і мэты становяцца прававымі стандартамі і галоўнымі арыенцірамі ў заканадаўчай дзейнасці.

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда звернута ўвага на неабходнасць забеспячэння ў заканадаўчай палітыцы прынцыпу прадказальнасці як найважнейшай умовы ўпэўненасці ўдзельнікаў грамадскіх адносiн у стабільнасці свайго прававога статусу, фарміравання даверу да заканадаўчых актаў і іх безумоўнага выканання. У мэтах павышэння эфектыўнасці нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, забеспячэння належнай якасці нарматыўных прававых актаў і іх рэалізацыі неабходна ўкараненне прававога маніторынгу як сістэмнай дзейнасці дзяржаўных і іншых арганізацый па ацэнцы эфектыўнасці нацыянальнага заканадаўства.

Найважнейшымі састаўляючымі асноў канстытуцыйнага ладу і ў той жа час фундаментальнымі канстытуцыйнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца правы і свабоды чалавека, справядлівасць і роўнасць. Гарантыі іх рэалізацыі і забеспячэння прадстаўляюць сабой найважнейшую канстытуцыйную мэту, а таксама абавязак дзяржавы.

Правы і свабоды чалавека, будучы галоўным арыенцірам у жыццядзейнасці грамадства, выступаюць у якасці яго асновы, што абумоўлівае неабходнасць павышэння ўзроўню правасвядомасці, фарміравання канстытуцыйнай культуры, канстытуцыялiзацыi грамадскіх адносiн.

Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ва ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці павінны ўносіць свой уклад не толькі дзяржаўныя органы і службовыя асобы, адказныя за стварэнне канстытуцыйнага правапарадку, але і грамадзяне, арганізацыі, інстытуты грамадзянскага грамадства, што забяспечыць вяршэнства права ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, паслядоўнае развіццё Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

У другой частцы прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда адказаў на пытанні журналістаў.