Пасланне Канстытуцыйнага Суда прынята на падставе разгледжаных у 2012 годзе спраў і матэрыялаў.
1. Канстытуцыйны Суд у 2012 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю праверыў канстытуцыйнасць 113 законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Усе нормы законаў прызнаны адпавядаючымі Канстытуцыі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд на падставе канстытуцыйных палажэнняў сфармуляваў у рашэннях больш за 20 прававых пазіцый, накіраваных на ўдакладненне канстытуцыйна-прававога сэнсу асобных норм, выпрацоўку дзейснага заканадаўчага механізма рэалізацыі і абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
2. У Канстытуцыйны Суд паступіла 772 звароты грамадзян і арганізацый. На падставе некаторых зваротаў Канстытуцыйным Судом прыняты рашэнні, накіраваныя на ўстараненне прабелаў, выключэнне калізій і прававой недакладнасці. Так, у рашэннях указвалася на неабходнасць:
устаранення канстытуцыйна-прававога прабелу ў заканадаўчым рэгуляванні шляхам замацавання права выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракту;
выключэння прававой недакладнасці ў рэгуляванні адносiн, звязаных з абаронай маёмасных інтарэсаў крэдытора, грашовымі сродкамі якога неправамерна карыстаўся даўжнік;
выключэння калізіі ў прававым рэгуляванні парадку і памераў пакрыцця работнікам расходаў па праездзе пры службовых камандзіроўках і інш.
3. Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўнымі органамі праводзіцца паслядоўная работа па выкананню яго рашэнняў шляхам прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, а таксама ўнясення неабходных змяненняў і дапаўненняў у дзеючыя акты заканадаўства. На працягу мінулага года выканана 13 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ў іх прававыя пазіцыі ўлічаны заканадаўцам:
у Жыллёвым кодэксе, прынятым 28 жніўня 2012 года, шляхам замацавання правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і пастаянна пражываючых за яе межамі, набываць кватэры (дамы) па дагаворы куплі-продажу ў любых населеных пунктах Беларусі незалежна ад пастаяннага месца жыхарства; прававога рэгулявання парадку здачы на кароткатэрміновы перыяд грамадзянамі ўнаём жылых памяшканняў на сістэматычнай аснове;
у Законе «Аб пенсіённым забеспячэнні» вызначаны больш працяглы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку грамадзяніна ў банку, на які пераводзіцца яго пенсія;
у Законе «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» шляхам урэгулявання пытанняў чарговасці пагашэння расходаў, якія ўзнікаюць у працэсе ліквідацыі даўжніка і непасрэдна звязаны з ім;
у іншых нарматыўных прававых актах.
4. Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў 2012 годзе, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ў заканатворчым працэсе не было дапушчана істотных парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм. Пры гэтым на заканадаўчым узроўні выпрацоўваліся і ўдасканальваліся прававыя механізмы, якія забяспечваюць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы.
Правы і свабоды чалавека, будучы галоўным арыенцірам у жыццядзейнасці грамадства, выступаюць у якасці яго асновы, што абумоўлівае неабходнасць павышэння ўзроўню правасвядомасці, фарміравання канстытуцыйнай культуры, канстытуцыялiзацыi грамадскіх адносiн.
Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ва ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці павінны ўносіць свой уклад не толькі дзяржаўныя органы і службовыя асобы, адказныя за стварэнне канстытуцыйнага правапарадку, але і грамадзяне, арганізацыі, інстытуты грамадзянскага грамадства, што забяспечыць вяршэнства права ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, паслядоўнае развіццё і ўмацаванне Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.