17 мая 2012 г. № Р-706/2012
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У, Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Цікавенку А.Г., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 мая
Палажэннямі Закона вызначаюцца прававы рэжым тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, крытэрыі аднясення гэтых тэрыторый да зон радыеактыўнага забруджвання, рэжым іх выкарыстання і аховы, умовы пражывання, ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці на дадзеных тэрыторыях.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
1. Згодна з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. У Канстытуцыі вызначана таксама, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21).
У адпаведнасці з артыкулам 45 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя; права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя.
Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя (артыкул 46 Канстытуцыі).
Рад норм Закона накіраваны на зніжэнне радыяцыйнага ўздзеяння на насельніцтва і навакольнае асяроддзе, што забяспечвае кожнаму рэалізацыю неад’емнага канстытуцыйнага права, замацаванага ў артыкуле 46 Канстытуцыі. У прыватнасці, у мэтах забеспячэння радыяцыйнай бяспекі насельніцтва на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання Рэспублікі Беларусь у артыкуле 6 Закона выдзяляюцца наступныя зоны: зона эвакуацыі (адчужэння), зона першачарговага адсялення, зона наступнага адсялення, зона з правам на адсяленне і зона пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, важнымі гарантыямі забеспячэння радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, канстытуцыйных правоў на ахову здароўя і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе з’яўляюцца прадугледжаныя артыкуламі 35 і 36 Закона кантроль радыеактыўнага забруджвання і радыяцыйны маніторынг сельскагаспадарчых зямель, ляснога фонду, глебы, атмасфернага паветра і водных аб’ектаў. У артыкулах 11, 12, 15 Закона ў развіццё палажэнняў артыкулаў 84, 107 і 120 Канстытуцыі, што замацоўваюць адпаведна кампетэнцыю Кіраўніка дзяржавы, Урада і органаў мясцовага кіравання, канкрэтызуюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне забеспячэння прававога рэжыму тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. У артыкулах 13 і 14 Закона ўстанаўліваецца кампетэнцыя рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў галіне пераадолення вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння прававога рэжыму тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ва ўказанай галіне.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што стварэнне заканадаўчай асновы дзяржаўнага кіравання ў галіне забеспячэння прававога рэжыму тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання будзе садзейнічаць стабільнасці прававых адносін, канкрэтызацыі адказнасці дзяржавы і яе органаў за радыяцыйную бяспеку насельніцтва і рэалізацыю мер па аздараўленню навакольнага асяроддзя.
2. У мэтах забеспячэння радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе ў Законе прадугледжваюцца абмежаванні на віды дзейнасці ў зоне эвакуацыі (адчужэння), зоне першачарговага адсялення, зоне наступнага адсялення, зоне з правам на адсяленне і зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем, а таксама забарона на дзейнасць у залежнасці ад шчыльнасці забруджвання ўказаных зон радыенуклідамі (артыкулы 24–27). У прыватнасці, у зоне наступнага адсялення забараняюцца: сельскагаспадарчая дзейнасць на землях адчужэння; вытворчасць (нарыхтоўка) прадукцыі, утрыманне радыенуклідаў у якой перавышае рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні; прыродакарыстанне, якое не адпавядае патрабаванням норм і правіл па забеспячэнню радыяцыйнай бяспекі; збор дзікарослых раслін і (або) іх частак, паляванне, рыбалоўства (артыкул 26 Закона). На тэрыторыях, якія не адносяцца да зон радыеактыўнага забруджвання, забараняюцца таксама ажыццяўленне сельскагаспадарчай дзейнасці на землях адчужэння, вытворчасць (нарыхтоўка) прадукцыі, утрыманне радыенуклідаў у якой перавышае рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні (частка другая артыкула 28 Закона).
Канстытуцыйны Суд адзначае правамернасць указанага падыходу да забеспячэння радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, што адпавядае частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы ў прадугледжаных законам выпадках у інтарэсах аховы здароўя насельніцтва. Дадзены падыход адпавядае таксама прынцыпу прапарцыянальнасці, паколькі абмежавальныя меры, што ўстанаўліваюцца ў Законе, суразмерныя канстытуцыйнай мэце, якая дасягаецца, – ахове здароўя насельніцтва.
Згодна з Канстытуцыяй грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь (артыкул 30). Разам з тым прадугледжваемая нормамі Закона забарона пражывання насельніцтва ў зоне эвакуацыі (адчужэння) і зоне першачарговага адсялення (артыкулы 24 і 25), як і ўстанаўліваемы на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання кантрольна-прапускны рэжым, што рэгламентуе знаходжанне грамадзян і вываз маёмасці, якая знаходзіцца на тэрыторыях зоны эвакуацыі (адчужэння), зоны першачарговага адсялення і зоны наступнага адсялення (артыкулы 18 і 23), абмяжоўваюць дадзенае канстытуцыйнае права.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, заканадаўчае абмежаванне канстытуцыйнага права выбару месца жыхарства, а таксама знаходжання грамадзян на тэрыторыях з кантрольна-прапускным рэжымам і вывазу маёмасці, якая знаходзіцца на ўказаных тэрыторыях, апраўдана канстытуцыйнай мэтай аховы здароўя насельніцтва, у тым ліку шляхам выключэння распаўсюджвання радыенуклідаў.
3. У артыкуле 4 Закона ў якасці аднаго з крытэрыяў вызначэння тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ўстанаўліваецца магчымасць вытворчасці прадукцыі, утрыманне радыенуклідаў у якой не перавышае рэспубліканскіх дапушчальных узроўняў. Рэалізацыя прадукцыі, атрыманай на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, ажыццяўляецца пры ўмове абавязковага кантролю яе радыеактыўнага забруджвання і наяўнасці дакумента, які пацвярджае адпаведнасць утрымання радыенуклідаў у такой прадукцыі рэспубліканскім дапушчальным узроўням (артыкул 29 Закона).
Замацоўваючы магчымасць вытворчасці прадукцыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, а таксама яе рэалізацыі ў выпадку адпаведнасці ўтрымання ў ёй радыенуклідаў рэспубліканскім дапушчальным узроўням, заканадавец не вызначае нарматывы такіх узроўняў, прадугледжваючы, што яны вызначаюцца адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па ўзгадненню з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў галіне пераадолення вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (артыкул 14 Закона).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры выкарыстанні ўказанага падыходу можа не ў поўнай меры забяспечвацца канстытуцыйнае права на ахову здароўя, паколькі асноўны змест і прынцыпы ажыццяўлення правоў, свабод грамадзян павінны быць вызначаны, як прадугледжваецца палажэннямі Канстытуцыі (пункт 2 часткі першай артыкула 97), на заканадаўчым узроўні. Замацаванне адпаведных узроўняў у заканадаўчых актах дазволіць стварыць дадатковыя ўмовы для забеспячэння аховы жыцця і здароўя ад шкоднага ўздзеяння радыенуклідаў.
4. Згодна з часткай першай артыкула 34 Канстытуцыі грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя.
З улікам дадзенай канстытуцыйнай нормы Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на артыкул 9 Закона, у адпаведнасці з якім грамадзяне маюць права на атрыманне поўнай, своечасовай і дакладнай інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы, мерах, якія прымаюцца па яе паляпшэнню, а таксама аб прававым рэжыме тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і аб адказнасці за яго парушэнне. У частцы другой гэтага артыкула прадугледжваецца, што парадак прадастаўлення і распаўсюджвання інфармацыі аб радыеактыўнай абстаноўцы, мерах, якія прымаюцца па яе паляпшэнню, а таксама аб прававым рэжыме тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і аб адказнасці за яго парушэнне ўстанаўліваецца заканадаўствам аб ахове навакольнага асяроддзя, аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і іншым заканадаўствам.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устанаўліваемы парадак прадастаўлення і распаўсюджвання інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы, аб прававым рэжыме тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і аб адказнасці за яго парушэнне шляхам адсылкі да заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і іншага заканадаўства, гэта значыць фактычна да агульных правіл, якія датычацца любой даступнай інфармацыі, сведчыць аб недастатковых гарантыях рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя ў частцы радыяцыйнай абстаноўкі. У сілу асобай значнасці ўказанай інфармацыі для здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь асаблівасці парадку яе прадастаўлення і распаўсюджвання патрабуюць урэгулявання на заканадаўчым узроўні.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч