Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 лістапада 2012 г. № Р-779/2012
Аб праве работнікаў на пакрыццё расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні пытанне аб праве работнікаў на пакрыццё расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках.

 

У зваротах, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, грамадзяне ставяць пытанне аб неправамернасці нарматыўных палажэнняў, згодна з якімі расходы па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад не кампенсуюцца без прадстаўлення праязных білетаў і іншых дакументаў у арыгінале.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – Працоўны кодэкс) і іншых актаў заканадаўства, а таксама пазіцыю шэрагу дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, выкладзеную ў адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыi выказалi розныя пункты гледжання па пытанню аб правамернасці ўстаноўленага адпаведнымі пастановамі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, згодна з якім не падлягаюць пакрыццю расходы па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад пры непрадстаўленні сапраўдных праязных дакументаў.

 

Так, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, указваючы на абумоўленасць неабходнасці прадстаўлення пацвярджаючых дакументаў аб зробленых работнікам камандзіровачных расходах устаноўленым у Рэспубліцы Беларусь парадкам вядзення касавых аперацый, дапускае магчымасць пакрыцця кошту праезду на падставе афіцыйна заверанай копіі дакумента, які пацвярджае факт набыцця білета і праезду работніка.

 

Міністэрства фінансаў лічыць, што пакрыццё работніку расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад магчыма выключна пры прадстаўленні ім арыгіналаў праязных дакументаў, якія пацвярджаюць панесеныя расходы па праезду.

 

Па меркаванню Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, пакрыццё работніку расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад на падставе сапраўдных праязных дакументаў не супярэчыць нормам Працоўнага кодэкса, але пакрыццё такіх расходаў магчыма і на іншых падставах, устаноўленых у працэсе ўдасканальвання норм заканадаўства з улікам практыкі яго прымянення.

 

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь мяркуе, што нарматыўныя прававыя акты Міністэрства фінансаў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, палажэннямі якіх рэгламентуецца кампенсацыя расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад, прыняты ў межах прадастаўленай гэтым органам кампетэнцыі і пытанняў у правапрымяняльнай практыцы не выклікаюць.

 

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь звяртае ўвагу на адсутнасць дастатковых падстаў для змянення ўстаноўленага парадку пакрыцця расходаў, панесеных у ходзе камандзіроўкі, у тым ліку ў частцы замацавання магчымасці пакрыцця такіх расходаў на падставе копій праязных дакументаў.

 

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь адзначае, што існуючы ў цяперашні час парадак пакрыцця работніку расходаў па праезду да месца камандзіроўкі і назад не зяўляецца абмежаваннем права работніка на кампенсацыю і што Міністэрства фінансаў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не перавысілі прадастаўленыя ім паўнамоцтвы пры вызначэнні парадку і памераў, гарантый і кампенсацый пры службовых камандзіроўках.

 

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі лічыць, што кампенсацыя работніку расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад толькі пры прадстаўленні сапраўдных праязных дакументаў пазбаўляе наймальніка магчымасці кампенсаваць работніку расходы па праезду нават у тым выпадку, калі ён гатовы зрабіць пэўныя выплаты і пры адсутнасці такіх дакументаў. Безальтэрнатыўнае нарматыўнае ўстанаўленне неабходнасці пацвярджэння расходаў па праезду сапраўднымі праязнымі дакументамі зяўляецца абмежаваннем права работніка на кампенсацыю гэтых расходаў. Па меркаванню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, неабходна ўстанавіць механізм пакрыцця дадзеных расходаў і пры адсутнасці праязных дакументаў, што забяспечыць рэалізацыю права работніка на кампенсацыю расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад у любым выпадку.

 

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт» у сваім адказе ўказвае, што ўмова аб кампенсацыі работніку расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад толькі пры прадяўленні ім сапраўдных праязных дакументаў можа быць расцэнена як абмежаванне права работніка, у якога адпаведныя дакументы адсутнічаюць, на кампенсацыю такога роду расходаў, калі работнік выканаў заданне наймальніка і факт знаходжання яго ў камандзіроўцы адпаведным чынам пацверджаны. Часткай трэцяй артыкула 95 Працоўнага кодэкса Ураду Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанаму ім органу прадастаўлена права вызначаць парадак і памеры пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках, але не права ўводзіць абмежаванні, якія датычацца  пакрыцця гэтых расходаў.

 

У заключэнні кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначаецца, што ў частцы другой артыкула 95 Працоўнага кодэкса прадугледжана права работніка на пакрыццё расходаў па праезду да месца камандзіроўкі і назад, пры гэтым не ўстаноўлена патрабаванне аб прадстаўленні сапраўдных дакументаў. Згодна з часткай трэцяй указанага артыкула Ураду Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанаму ім органу даручана вызначыць толькі парадак і памеры пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках. Памер і парадак пакрыцця расходаў не могуць абмяжоўваць права работніка на кампенсацыю гэтых расходаў, паколькi работнік мае права на кампенсацыю расходаў па праезду і пры адсутнасці праязных дакументаў. Абумоўленасць кампенсацыі прадстаўленнем толькі арыгіналаў праязных дакументаў зяўляецца абмежаваннем права работніка на дадзеную кампенсацыю.

 

2. У адпаведнасці з часткамі першай і трэцяй артыкула 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь зяўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

 

Праца па працоўнаму дагавору як адна з форм рэалізацыі канстытуцыйнага права на працу (частка першая артыкула 41 Канстытуцыі) непарыўна звязана з безумоўным забеспячэннем шэрагу замацаваных Працоўным кодэксам працоўных правоў работнікаў. Да ліку такіх правоў нароўні з правамі на заработную плату, на працоўныя і сацыяльныя водпускі, на ахову працы і іншымі правамі адносіцца таксама права работнікаў на кампенсацыю расходаў, звязаных з выкананнем імі працоўных абавязкаў, асобныя выпадкі прадастаўлення якой прадугледжаны ўказаным Кодэксам (артыкулы 95, 96, 99 і інш.).

 

Згодна з часткай другой артыкула 90 Працоўнага кодэкса кампенсацыі – грашовыя выплаты, устаноўленыя з мэтай пакрыцця работнікам выдаткаў, звязаных з выкананнем імі працоўных абавязкаў.

 

3. Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагі артыкул 19 Працоўнага кодэкса, згодна з якім асноўныя правы і абавязкі работнікаў вызначаюцца бакамі працоўнага дагавора з выкананнем патрабаванняў, прадугледжаных указаным Кодэксам. У пункце 2 часткі першай артыкула 53 Працоўнага кодэкса ўстаноўлены абавязак работнікаў выконваць пісьмовыя і вусныя загады (распараджэнні) наймальніка, якія не супярэчаць заканадаўству і лакальным нарматыўным прававым актам.

 

Па распараджэнню наймальніка работнік можа быць, у прыватнасці, накіраваны ў службовую камандзіроўку. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 91 Працоўнага кодэкса службовай камандзіроўкай прызнаецца паездка работніка па распараджэнню наймальніка на пэўны тэрмін у іншую мясцовасць для выканання службовага задання па-за месцам яго пастаяннай работы.

 

Накіраванне работнікаў у службовую камандзіроўку афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка з выдачай камандзіровачнага пасведчання ўстаноўленай формы, пры гэтым тэрмін фактычнага знаходжання ў службовай камандзіроўцы вызначаецца па  адзнаках на камандзіровачным пасведчанні аб дні прыбыцця і выбыцця з месца знаходжання (артыкул 93 і частка першая артыкула 94 Працоўнага кодэкса).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што накіраванне работнікаў у службовую камандзіроўку ажыццяўляецца па ініцыятыве наймальніка, у яго інтарэсах і зяўляецца абавязковым для работніка, за выключэннем выпадкаў, калі ў дачыненні да асобных катэгорый работнікаў у Працоўным кодэксе прадугледжана забарона на накіраванне іх у службовую камандзіроўку або калі накіраванне ў такую камандзіроўку дапускаецца толькі з іх згоды (часткі першая і трэцяя артыкула 263, частка шостая артыкула 287). Пры гэтым у дадзеным Кодэксе не змяшчаецца палажэнняў аб абавязку работніка аплачваць расходы, звязаныя з выкананнем  ім службовага задання, за свой кошт. Больш таго, выдаткі работніка павінны быць кампенсаваны наймальнікам, на якога ўскладзены адпаведныя абавязкі.

 

4. У адносінах да службовых камандзіровак права работніка на кампенсацыю выдаткаў заснавана на палажэннях часткі другой артыкула 90 і часткі другой артыкула 95 Працоўнага кодэкса, згодна з якімі наймальнік абавязаны выдаць аванс і кампенсаваць работніку расходы па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад, па найму жылога памяшкання, за пражыванне па-за месцам пастаяннага жыхарства (сутачныя), а таксама іншыя зробленыя работнікам з дазволу або ведама наймальніка расходы. Згодна з часткамi трэцяй і пятай артыкула 95 парадак і памеры пакрыцця раходаў пры службовых камандзіроўках у межах Рэспублікі Беларусь вызначаюцца, а гарантыі і кампенсацыі пры службовых камандзіроўках за мяжу ўстанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам.

 

Парадак і памеры пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках устаноўлены Інструкцыяй аб парадку і памерах пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках у межах Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 35 (са змяненнямі і дапаўненнямі) (далей – Інструкцыя № 35), пастановамі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2001 г. № 7 «Об установлении норм оплаты командировочных расходов при служебных командировках за границу» (са змяненнямі і дапаўненнямі), ад 21 кастрычніка 2011 г. № 107 «Об установлении размеров возмещения расходов при служебных командировках», а таксама Інструкцыяй аб парадку і ўмовах прадастаўлення гарантый і кампенсацый пры службовых камандзіроўках за мяжу, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2010 г. № 115 (са змяненнямі і дапаўненнямі) (далей – Інструкцыя № 115).

 

Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагі, што ўказанымі нарматыўнымі прававымі актамі памер пакрыцця расходаў за пражыванне па-за месцам пастаяннага жыхарства (сутачных) вызначаны канкрэтнай грашовай сумай у нацыянальнай або замежнай (пры камандзіроўках за мяжу) валюце. Расходы па найму жылога памяшкання кампенсуюцца па фактычных выдатках, пацверджаных дакументальна, але пры камандзіроўках за мяжу  не звыш адпаведных гранічных норм; пры адсутнасці пацвярджаючых дакументаў памер пакрыцця вызначаны канкрэтнай грашовай сумай.

 

Разам з тым пры вызначэнні парадку і памераў пакрыцця работніку расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад устаноўлена, што такога віду кампенсацыя ажыццяўляецца толькі пры прадстаўленні сапраўдных праязных дакументаў (частка першая падпункта 6.1 пункта 6 Інструкцыі № 35, пункт 13 Інструкцыі № 115). Пры службовых камандзіроўках у межах Рэспублікі Беларусь дапускаецца кампенсацыя аплаты за праезд па мінімальным яго кошце без прадстаўлення праязных дакументаў пры нерэгулярных транспартных зносінах у межах аднаго адміністрацыйнага раёна з дазволу наймальніка (частка другая падпункта 6.1 пункта 6 Інструкцыі № 35).

 

Такім чынам, згодна з указаным нарматыўным прававым актам прадугледжанае ў Працоўным кодэксе права работніка на пакрыццё расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад не можа быць рэалізавана без прадстаўлення сапраўдных праязных дакументаў. Дадзенае права не можа быць рэалізавана таксама ў выпадках, калі факт знаходжання работніка ў службовай камандзіроўцы і выканання ім задання наймальніка пацверджаны іншымі дакументамі.

 

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што ва ўказаных выпадках у сілу замацаванага актамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання парадку пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках работнік фактычна пазбаўляецца прадугледжанага ў артыкуле 95 Працоўнага кодэкса права на кампенсацыю расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад.

 

Права работніка на кампенсацыю камандзіровачных расходаў замацавана і ў заканадаўстве іншых краін. Так, у адпаведнасці з артыкулам 168 Працоўнага кодэкса Расійскай Федэрацыі работадавец пры службовай камандзіроўцы кампенсуе работніку зробленыя ім расходы, у тым ліку расходы па праезду. У прыватнасці, у адносінах да  пакрыцця расходаў, звязаных са службовымі камандзіроўкамі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, для работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца за кошт сродкаў федэральнага бюджэту, у пастанове Урада Расійскай Федэрацыі ад 2 кастрычніка 2002 г. № 729 прадугледжваецца магчымасць пакрыцця расходаў на праезд да месца службовай камандзіроўкі і назад пры адсутнасці праязных дакументаў, што пацвярджаюць зробленыя расходы, у памеры мінімальнага кошту праезду.

 

Такі падыход да прававога рэгулявання пакрыцця камандзіровачных расходаў гарантуе рэалізацыю работнікам права на кампенсацыю ў вызначаных памерах зробленых ім расходаў па праезду да месца службовай камандзіроўкі і назад. Адсутнасць праязных дакументаў не пазбаўляе работніка права на кампенсацыю, а ўплывае толькі на памер пакрыцця расходаў, які ў гэтым выпадку вызначаецца мінімальным коштам праезду.

 

5. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі).

 

Канстытуцыйны Суд у Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе» ўказаў, што прынцып вяршэнства права ў нарматворчасці і правапрымяненні выступае ў якасці галоўнага фактару забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці і развіцця канстытуцыйнай дэмакратыі.

 

Вяршэнства права як найважнейшая ўласцівасць прававой дзяржавы ўключае шэраг неабходных элементаў, да якіх адносіцца ў тым ліку законнасць. Рэалізацыя прынцыпу законнасці прадугледжвае неабходнасць выканання законаў не толькі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, але і органамі дзяржаўнай улады, службовымі і іншымі асобамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя функцыі і павінны дзейнічаць у межах прадастаўленых ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў. Пры гэтым павінна быць выключана фармальнае прымяненне закона, якое не адпавядае духу права і справядлівасці.

 

Грунтуючыся на канстытуцыйным прынцыпе вяршэнства права і прымаючы да ўвагі канстытуцыйны абавязак дзяржавы гарантаваць замацаваныя ў законах правы і свабоды грамадзян, а таксама палажэнні часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якія дапускаюць магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што ўстаноўленае ў Працоўным кодэксе права работніка на кампенсацыю расходаў пры службовых камандзіроўках не можа быць абмежавана нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства фінансаў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Разам з тым пры прымяненні заканадаўчай нормы дадзеныя міністэрствы фактычна выйшлі за межы прадастаўленых ім паўнамоцтваў, паколькі ўстаноўленае імі прававое рэгуляванне парадку і памераў пакрыцця расходаў выключае ў асобных выпадках магчымасць рэалізацыі работнікам права на кампенсацыю расходаў па праезду. Такое вызначэнне парадку і памераў кампенсацыі камандзіровачных расходаў прыводзіць да калізіі разгледжаных вышэй палажэнняў актаў указаных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання з палажэннямі Працоўнага кодэкса.

 

Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, законнасці і справядлівасці, палажэнняў артыкула 23 Канстытуцыі ў іх узаемасувязі, а таксама з улікам артыкула 95 Працоўнага кодэкса лічыць неабходным устараніць калізію ў прававым рэгуляванні парадку і памераў пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, законнасці і справядлівасці пры рэалізацыі работнікамі права на кампенсацыю камандзіровачных расходаў прызнаць неабходным устараніць калізію ў прававым рэгуляванні, вызначыўшы парадак і памеры пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках таксама ў выпадку адсутнасці сапраўдных праязных дакументаў.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняць ва ўстаноўленым парадку меры, накіраваныя на ўдакладненне прававога рэгулявання пакрыцця работнікам расходаў па праезду пры службовых камандзіроўках.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч