Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 лістапада 2012 г. № Р-778/2012
Аб пакрыцці сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі, пры іх добраахвотным паступленні на ваенную службу

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючагаСтаршыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні зварот грамадзяніна Крыжберскага Р.В. (далей – заяўнік) аб правамернасці, з улікам паступлення на ваенную службу па кантракту, патрабавання да яго ўстановы вышэйшай адукацыі аб пакрыцці сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на яго навучанне ў гэтай установе.

 

У сваім звароце заяўнік указаў, што ў 2010 годзе ён скончыў установу адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава», у якой атрымаў адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі на бюджэтнай аснове, і згодна з планам размеркавання быў накіраваны ў адпаведны раённы аддзел адукацыі. Аднак заяўнік на падставе добраахвотна заключанага кантракта паступіў на ваенную службу, у сувязі з чым да працы па размеркаванню не прыступіў, а ўстанова адукацыі, улічваючы дадзеныя абставіны, у адпаведнасці з заканадаўствам звярнулася ў суд з іскам аб спагнанні з указанага грамадзяніна сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на яго падрыхтоўку як выкладчыка.

 

Прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей – Кодэкс), Закона Рэспублікі Беларусь «О воинской обязанности и воинской службе» (далей – Закон аб воінскім абавязку) і іншых актаў заканадаўства, даследаваўшы выкладзеныя ў пісьмовым выглядзе зварот заяўніка, меркаваннi дзяржаўных органаў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. Заяўнік лічыць, што нормы Кодэкса і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь  ад 22 чэрвеня 2011 г. № 821 «О некоторых вопросах распределения, перераспределения, направления на работу, последующего направления на работу выпускников, возмещения затраченных государством средств на их подготовку и целевой подготовки специалистов, рабочих, служащих», што прадугледжваюць магчымасць спагнання сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на яго падрыхтоўку, і нормы Закона аб воінскім абавязку, якія замацоўваюць  прыярытэт воінскай службы перад іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю, не адпавядаюць адна другой. Па меркаванню заяўніка, служба Радзіме не можа быць менш важнай, чым праца настаўніка.

 

Канстытуцыйны Суд прызнае, што пастаўленыя ў звароце пытанні патрабуюць выяўлення канстытуцыйна-прававых аспектаў прававога рэгулявання адносін, звязаных з выкананнем канстытуцыйнага абавязку  па абароне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку забеспячэннем правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія выконваюць гэты абавязак.

 

2. Аналіз атрыманых афіцыйных адказаў некаторых дзяржаўных органаў сведчыць аб неадназначным вывадзе аб тым, ці павінны выпускнікі, месца працы якім прадастаўлена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы ў сувязі з паступленнем на ваенную службу па кантракту, мець права на вызваленне ад абавязку кампенсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на іх падрыхтоўку.

 

Так, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь мяркуюць, што з улікам артыкула 57 Канстытуцыі, згодна з якім абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, і артыкула 5 Закона аб воінскім абавязку, які ўстанавіў прыярытэт воінскай службы перад іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю, выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія паступілі да заканчэння ўстаноўленага тэрміну працы па размеркаванню на ваенную службу па кантракту, павінны вызваляцца ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку. У сувязі з гэтым указаныя дзяржаўныя органы лічаць, што артыкул 88 Кодэкса патрабуе адпаведнай  карэкціроўкі.

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на аснове аналізу заканадаўчых актаў аб воінскай службе, аб адукацыі, а таксама норм Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, што датычацца прадастаўлення гарантый і кампенсацый грамадзянам, якія праходзяць ваенную службу, указвае, што было б апраўданым тэрмін ваеннай службы па кантракту залічваць у тэрмін абавязковай працы па размеркаванню.

 

У той жа час Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь  звяртае ўвагу на тое, што з улікам добраахвотнага характару ваеннай службы па кантракту згодна з пунктам 4 артыкула 88 Кодэкса ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку выпускнікоў, вызваляюцца толькі асобы, якія паступілі на ваенную службу па прызыву ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні і звольненыя з яе. Грамадзянін, які паступіў на ваенную службу па кантракту, у адрозненне ад прызванага на ваенную службу, атрымлівае заработную плату, памер якой дазваляе кампенсаваць расходы на яго навучанне. Зыходзячы з гэтага, Генеральная пракуратура лічыць, што сфера дзейнасці грамадзяніна не павінна мець значэння для вызвалення яго ад пакрыцця дзяржаве якіх-небудзь выдаткаў; прынцыповым зяўляецца наяўнасць абавязку па пакрыццю сродкаў у выпадку адмовы ад працы па размеркаванню.

 

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама адзначае, што іменна адрозненне ў падставах паступлення на ваенную службу прадвызначнае існуючы падыход да пакрыцця выпускнікамі сродкаў, выдаткаваных на іх падрыхтоўку. Ваенная служба па прызыву зяўляецца абавязковай ваеннай службай грамадзян мужчынскага полу, якія прызнаны ва ўстаноўленым парадку прыгоднымі да яе праходжання. З улікам абавязковасці такой ваеннай службы для грамадзян, якія праходзяць ваенную службу па прызыву, у Кодэксе прадугледжаны дадатковыя правы (пункт 4 артыкула 88), а ў Законе аб воінскім абавязку ўстаноўлены катэгорыі грамадзян, якія ў абавязковым парадку падлягаюць прызыву на ваенную службу, і грамадзян, якія вызваляюцца або якім прадастаўляецца адтэрміноўка ад прызыву (артыкулы 30–32). У адпаведнасці з Кодэксам дадатковымі правамі для грамадзян, якія праходзяць ваенную службу па прызыву, зяўляюцца магчымасць (па жаданню выпускніка) у парадку, вызначаным артыкуламі 83–86 Кодэкса, заліку перыяду ваеннай службы па прызыву ва Узброеных Сілах і іншых воінскіх фарміраваннях у тэрмін абавязковай працы па размеркаванню, а таксама вызваленне ад пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных на іх падрыхтоўку.

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прытрымліваецца аналагічнай пазіцыі наконт устанаўлення розных вынікаў невыканання  выпускніком абавязку адпрацаваць прадугледжаны тэрмін у месцы, вызначаным згодна з размеркаваннем. На думку гэтага Міністэрства, прававы аналіз норм артыкула 88 Кодэкса сведчыць аб тым, што пералік катэгорый асоб, якія маюць права на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных на іх падрыхтоўку, і пералік выпадкаў, пры наступленні якіх названыя сродкі не спаганяюцца, як правіла, вызначаны заканадаўцам без уліку такога крытэрыю, як воля асобы (выпускніка). Напрыклад, у лік  асоб, што вызваляюцца ад пакрыцця ўказаных сродкаў, уключаны асобы, якія маюць медыцынскія проціпаказанні да працы па атрыманай  спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на працу новага месца працы з улікам стану іх здароўя. Паступленне на ваенную службу па кантракту ўяўляе акт добраахвотнага волевыяўлення асобы.

 

Акрамя таго, Міністэрства юстыцыі разглядае праваадносіны, звязаныя з добраахвотным праходжаннем воінскай службы і абавязковай працай па размеркаванню, як маючыя розную галіновую прыналежнасць, паколькі пакрыццё сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку выпускніка, па сваёй сутнасці зяўляецца эканамічнай адказнасцю за невыкананне дагавора.

 

3. У Канстытуцыі, зыходзячы з абвешчанай адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі (прэамбула), устаноўлена, што абарона Рэспублікі Беларусь – доўг і свяшчэнны абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; парадак праходжання воінскай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам (артыкул 57).

 

Катэгорыя абавязку мае як юрыдычнае, так і этычнае значэнне, прыўносіць у сферу канстытуцыйнага рэгулявання духоўныя пачаткі, указвае на каштоўнасныя арыенціры, якія падлягаюць асобаму клопату чалавека і грамадзяніна і іх прававой абароне. Канстытуцыйны Суд адзначае, што выкананне абавязку не выключае магчымасць выбару спосабаў і форм удзелу грамадзян у абароне дзяржавы. У Законе аб воінскім абавязку, канкрэтызуючы канстытуцыйнае палажэнне, заканадавец прадугледзеў нароўні з абавязковай ваеннай службай па прызыву і добраахвотную ваенную службу па кантракту.

 

Пры гэтым канстытуцыйны абавязак і свяшчэнны доўг па абароне Рэспублікі Беларусь з улікам артыкула 2 Канстытуцыі падлягаюць абавязковаму выкананню, таму што ва ўказаным артыкуле  прадугледжана ўзаемная адказнасць дзяржавы і грамадзяніна: дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў  для свабоднага і годнага развіцця асобы, а грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.

 

Прававыя і арганізацыйныя асновы выканання грамадзянамі Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь шляхам праходжання воінскай службы вызначаюцца ў Законе аб воінскім абавязку. У адпаведнасці з артыкулам 1 дадзенага Закона воінская служба – асобы від дзяржаўнай службы, які ўключае перш-наперш праходжанне ваеннай службы; ваенная служба асноўны від воінскай службы, які заключаецца ў непасрэдным выкананні грамадзянамі воінскага абавязку (канстытуцыйнага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь) у складзе Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў; ваенная служба падраздзяляецца на ваенную службу па прызыву і ваенную службу па кантракту.

 

У адрозненне ад ваеннай службы па прызыву, якая зяўляецца абавязковай ваеннай службай грамадзян мужчынскага полу, прызнаных ва ўстаноўленым парадку прыгоднымі да яе праходжання, ваенная служба па кантракту зяўляецца ваеннай службай грамадзян, якую яны ў мэтах выканання канстытуцыйнага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь добраахвотна абавязваюцца праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на ўмовах заключанага кантракта (артыкул 1 Закона аб воінскім абавязку).

 

Згодна з абзацам другім артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» Узброеныя Сілы – структурны элемент ваеннай арганізацыі дзяржавы, прызначаны для забеспячэння ваеннай бяспекі  і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Ва ўказаным Законе ўстаноўлена, што Узброеныя Сілы камплектуюцца на аснове спалучэння воінскага абавязку з добраахвотным паступленнем на ваенную службу па кантракту (частка першая артыкула 7); фінансаванне Узброеных Сіл ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 15).

 

Такім чынам, зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў аб абавязку і свяшчэнным доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь абараняць Рэспубліку Беларусь, на заканадаўчым узроўні вызначаны формы выканання гэтага канстытуцыйнага абавязку – ваенная служба па прызыву і ваенная служба па кантракту.

 

4. У артыкуле 49 Канстытуцыі ўстаноўлена, што кожны мае права на адукацыю; сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага; кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымліваць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.

 

Адзіным комплексным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе праваадносіны ў сферы адукацыі, зяўляецца Кодэкс.

 

Дзяржава, прадастаўляючы грамадзяніну права атрымліваць у тым ліку вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, ускладае на яго абавязак адпрацаваць пасля заканчэння адпаведнай установы  адукацыі тэрмін, вызначаны ў артыкуле 83 Кодэкса.

 

Згодна з Кодэксам размеркаванне – гэта працэдура вызначэння месца працы выпускніка, якая ажыццяўляецца дзяржаўнай установай  адукацыі або ў выпадках, устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным органам у мэтах сацыяльнай абароны выпускнікоў, задавальнення патрэбнасцей галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых, служачых (пункт 1 артыкула 83).

 

Тэрмін абавязковай працы па размеркаванню для асоб, якія атрымалі вышэйшую адукацыю I ступені, за выключэннем асоб, якія прыняты ў год атрымання вышэйшай адукацыі I ступені ва ўстановы адукацыі для атрымання вышэйшай адукацыі II ступені за кошт сродкаў  рэспубліканскага бюджэту ў дзённай форме атрымання адукацыі і атрымалі адпаведную адукацыю, складае два гады (пункт 3 артыкула 83 Кодэкса).

 

Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы палажэнні артыкулаў 83–86 Кодэкса, што рэгламентуюць пытанні размеркавання, накіравання на працу, пераразмеркавання, наступнага накіравання на працу, у тым ліку тэрміны  абавязковай працы па размеркаванню, на іх адпаведнасць Канстытуцыі, у рашэнні ад 30 снежня 2010 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Кодекса Республики Беларусь об образовании» пацвердзіў прававую пазіцыю, раней выказаную ў рашэнні ад 6 снежня 2000 г. Сутнасць гэтай пазіцыі заключаецца ў тым, што дзяржава, узяўшы на сябе  расходы па падрыхтоўцы неабходных спецыялістаў за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, можа ўстанаўліваць некаторыя патрабаванні да асоб, якія атрымалі адукацыю на такіх умовах, якія датычацца месца працы і тэрміну іх працы ў якасці маладых спецыялістаў, з адначасовым прадастаўленнем ім шэрагу сацыяльных ільгот і гарантый.

 

Невыкананне маладымі спецыялістамі ўстаноўленых дзяржавай патрабаванняў цягне наступленне пэўных вынікаў. Так, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 88 Кодэкса выпускнікі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі тэрмін абавязковай працы, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на іх падрыхтоўку.

 

Палажэннем аб парадку пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011 г. № 821, прынятай на падставе пункта 7 артыкула 88 Кодэкса, вызначаецца парадак разліку і пакрыцця такіх сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты.

 

У пунктах 2 і 3 указанага артыкула Кодэкса замацаваны пералік катэгорый асоб, якія маюць права на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, і пералік выпадкаў, пры наступленні якіх названыя сродкі не кампенсуюцца.

 

Пры гэтым у пункце 4 артыкула 88 Кодэкса прадугледжана, што выпускнікі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, прызваныя на ваенную службу па прызыву ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь і звольненыя з яе, вызваляюцца ад пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку.

 

У той жа час у Кодэксе адсутнічаюць нормы аб вызваленні асоб, якія паступілі на ваенную службу па кантракту, ад пакрыцця ўказаных сродкаў.

 

5. Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным пры аналізе Кодэкса і Закона аб воінскім абавязку зыходзіць з таго, што Рэспубліка Беларусь згодна з Канстытуцыяй валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі; абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад (часткі другая і трэцяя артыкула 1).

 

З улікам палажэнняў артыкулаў 1, 2 і 57 Канстытуцыі абарона дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу складае сутнасць воінскага абавязку.

 

Дадзеная абарона не зводзіцца да абавязку нясення ваеннай службы або ўдзелу ў адбіцці ваеннай агрэсіі, а зяўляецца таксама маральным абавязацельствам, якое заснавана на любові і павазе да Радзімы, свайго народа і вызначае паводзіны грамадзяніна не толькі ў выпадку ўзброеных замахаў на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйны лад, але і ў мірны час. Ваенная служба абавязвае ваеннаслужачых выконваць пастаўленыя задачы ў любых умовах, у тым ліку звязаных са значнай рызыкай для жыцця і здароўя. Гэтым прадвызначаецца прававы статус ваеннаслужачых, а таксама змест і характар абавязкаў дзяржавы ў дачыненні да дадзенай катэгорыі асоб.

 

Зыходзячы з канстытуцыйна значных задач, якія выконваюцца ваеннаслужачымі, у артыкуле 5 Закона аб воінскім абавязку заканадавец прадугледзеў прыярытэт воінскай службы перад іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю. Дадзены прыярытэт выражаецца ў спыненні грамадзянамі працы, навучання і іншай дзейнасці пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу, прызыве на службу ў рэзерве, на зборы, а таксама ў павышаным узроўні сацыяльнай абароненасці грамадзян, якія праходзяць ваенную службу, службу ў рэзерве.

 

Такім чынам, канстытуцыйныя палажэнні замацоўваюць адзінства абавязку і свяшчэннага доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь па абароне сваёй краіны, што надае асобую значнасць воінскай службе ў параўнанні з іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю, абумоўлівае неабходнасць устанаўлення гарантый яе выканання як па прызыву, так і пры добраахвотным  паступленні на ваенную службу.

 

Разгледзеўшы палажэнні артыкула 57 Канстытуцыі ў сістэмнай сувязі з артыкулам 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, Канстытуцыйны Суд знаходзіць, што ўскладанне на грамадзян Рэспублікі Беларусь абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь азначае неабходнасць прымянення аднолькавых падыходаў да ўсіх грамадзян, якія паступаюць на ваенную службу.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванае ў Кодэксе прававое рэгуляванне адносін, якія датычацца абавязку пакрыцця выпускнікамі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы, сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, у частцы вызвалення ад такога пакрыцця толькі тых выпускнікоў, якія прызваны на ваенную службу па прызыву ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні і звольнены з яе, сведчыць аб канстытуцыйна-прававым прабеле ў заканадаўчым рэгуляванні. Адрозненне падстаў  паступлення на ваенную службу (па абавязковаму прызыву або добраахвотна на ўмовах заключанага кантракта) не павінна цягнуць розныя вынікі невыканання абавязку выпускнікоў адпрацаваць устаноўлены тэрмін, паколькі ў любым з гэтых выпадкаў выпускнікі прыступаюць да адзінай па сваёй прававой прыродзе ваеннай службы – выканання канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым неабходна забяспечыць прытрымліванне прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і заснаваных на ім прынцыпаў законнасці і прававой дакладнасці, накіраваных на прадухіленне парушэнняў правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

 

Канстытуцыйны Суд  з улікам выяўленага сэнсу артыкула 57 Канстытуцыі прыходзіць да вываду аб тым, што на заканадаўчым узроўні неабходна замацаваць права выпускнікоў, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін  абавязковай працы ў сувязі з добраахвотным паступленнем на ваенную службу па кантракту, на вызваленне ад пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку.

 

Зыходзячы з палажэнняў артыкулаў 1, 7, 22, 57 Канстытуцыі, прававы прабел павінен быць устаранёны шляхам унясення адпаведных змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці пры рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь прызнаць неабходным устараніць канстытуцыйна-прававы прабел у заканадаўчым рэгуляванні, замацаваўшы права выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі на вызваленне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракту.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона, які прадугледжвае адпаведныя змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч