14 лістапада 2012 г. Канстытуцыйны Суд па выніках разгляду звароту грамадзяніна Крыжберского Р.В. прыняў рашэнне «Аб пакрыцці сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі, пры іх добраахвотным паступленні на ваенную службу» (суддзя-дакладчык Сяргеева В.Г.).
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што канстытуцыйныя палажэнні замацоўваюць адзінства абавязку і свяшчэннага доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь па абароне сваёй краіны. Тым самым на ўзроўні Асноўнага Закона прызнана асобая значнасць воінскай службы ў параўнанні з іншымі відамі дзяржаўнай службы і працоўнай дзейнасцю, што абумоўлівае неабходнасць устанаўлення гарантый яе выканання як па прызыву, так і пры добраахвотным паступленні на ваенную службу.
Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, якія замацоўваюць адзінства абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь (артыкул 57), а таксама нормах аб роўнасці ўсiх перад законам і праве без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22), Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб неабходнасці прымянення аднолькавых падыходаў да ўсіх грамадзян, якія паступаюць на ваенную службу.
У цяперашні час ад абавязку пакрыцця выпускнікамі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы, сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку, вызваляюцца толькі выпускнікі, якія прызваны на ваенную службу па прызыву ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні і звольнены з яе. Канстытуцыйны Суд указаў, што такое прававое рэгуляванне вызначаных адносiн, замацаванае ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, сведчыць аб канстытуцыйна-прававым прабеле ў заканадаўстве.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што адрозненне падстаў паступлення на ваенную службу (па абавязковаму прызыву або добраахвотна на ўмовах заключанага кантракта) не павінна ўплываць на вынiкi невыканання абавязку выпускнікоў адпрацаваць ўстаноўлены тэрмін, паколькі ў любым з гэтых выпадкаў выпускнікі распачынаюць ваенную службу – выкананне адзінага канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь.
Для забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці пры рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным замацаваць на заканадаўчым узроўні права выпускнікоў, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання і якiя не адпрацавалi ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы ў сувязі з добраахвотным паступленнем на ваенную службу па кантракту, на аслабаненне ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку.
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб адпаведных змяненнях Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.