Навіны
Пад старшынствам Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. адбылося пасяджэнне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
31 ліпеня 2012 г. адбылося пасяджэнне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Савет), на якім разгледжана пытанне аб прававых аспектах стварэння адзінага цэнтра судовых экспертыз у Рэспубліцы Беларусь.

З дакладамі па абмяркоўваемаму пытанню выступілі Старшыня Савета П.П.Міклашэвіч і член Савета, загадчык кафедры крымінальнага права юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта І.А.Грунтоў.

Упершыню пытанне аб рэфармаванні сістэмы дзяржаўных судова-эскпертных устаноў было пастаўлена ў Канцэпцыі судова-прававай рэформы, адобранай пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 1992 г. У далейшым пытанні аб’яднання ўсіх судова-экспертных устаноў у адзіны цэнтр разглядаліся неаднаразова, у тым ліку на першым і другім з’ездах суддзяў Рэспублікі Беларусь (у 1997 і 2002 гадах).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2003 г. № 407 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню судова-экспертнай дзейнасці” рэгламентаваны асобныя пытанні, якія датычацца судова-экспертнай дзейнасці. Сістэму дзяржаўных судова-экспертных устаноў (падраздзялянняў) у рэспубліцы ў адпаведнасці з названым Указам утварае рад судова-экспертных устаноў, падпарадкаваных розным дзяржаўным органам. Каардынацыя дзейнасці судова-экспертных устаноў ускладзена на Міжведамасную камісію па пытаннях судова-экспертнай дзейнасці пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

На пасяджэнні Савета была заслухана інфармацыя Міністра юстыцыі А.Л.Сліжэўскага, начальніка штаба Міністэрства ўнутраных спраў А.Л.Бароўскага, начальніка Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра Міністэрства ўнутраных спраў У.І.Аўсяннікава.

Па разглядаемаму пытанню выступілі таксама намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.В.Міцкевіч (намеснік старшыні Савета), члены Савета – І.А.Грунтоў, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В.А.Сукала, Старшыня Гомельскага абласнога суда Л.С.Міхалькова, дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінскі авіярамонтны завод” Я.С.Вайцэховіч, дырэктар юрыдычнага дэпартамента ТАА “Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк” Р.Р.Тамковіч, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў В.І.Чайчыц, намеснік Старшыні і суддзя Вярхоўнага Суда ў адстаўцы І.А.Міранічэнка.

На пасяджэнні Савета адзначана, што ў цяперашні час узрасла актуальнасць забеспячэння якасці і аператыўнасці судовых экспертыз. Акцэнт на неабходнасць павышэння ўзроўню экспертнага забеспячэння дзейнасці судоў зроблены ў Пасланні аб перспектывах развіцця сістэмы агульных судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2011 г. № 454 “Аб мерах па ўдасканальванню дзейнасці агульных судоў Рэспублікі Беларусь”.

У 2011 годзе ў мэтах удасканальвання дзейнасці органаў папярэдняга следства, узмацнення абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовым вядзенні крымінальных спраў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, што таксама патрабуе якаснага і аператыўнага правядзення судовых экспертыз.

У сувязі з указаным пытаннем аб стварэнні адзінага цэнтра судовых экспертыз у Рэспубліцы Беларусь належыць разглядаць у першую чаргу з улікам неабходнасці належнага забеспячэння вядзення па крымінальных, грамадзянскіх, гаспадарчых справах, справах аб адміністрацыйных правапарушэннях шляхам выкарыстання спецыяльных навуковых ведаў.

Зыходзячы з аналізу міжнароднага права, замежнага вопыту і нацыянальнага заканадаўства, у Рэспубліцы Беларусь ёсць прававыя падставы для выключэння судова-экспертных устаноў са структуры дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць крымінальнае пераследаванне, у мэтах больш поўнай рэалізацыі прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе, а таксама забеспячэння працэсуальнай незалежнасці экспертнай дзейнасці.

Савет прызнаў неабходным стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь адзінага цэнтра судовых экспертыз у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў у судовым працэсе, належнага забеспячэння правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага, грамадзянскага, гаспадарчага або адміністрацыйнага працэсу шляхам выкарыстання спецыяльных навуковых ведаў, каардынацыі і ўдасканальвання арганізацыйна-прававога механізма ажыццяўлення экспертнай дзейнасці, дасягнення аб’ектыўнасці і навуковай абгрунтаванасці экспертных вывадаў, павышэння якасці і аператыўнасці правядзення экспертыз.

Савет прапанаваў для рэалізацыі ўказаных мэт прыняць адпаведны акт Кіраўніка дзяржавы, які рэгулюе арганізацыйныя і кадравыя пытанні стварэння адзінага цэнтра судовых экпертыз, а таксама забяспечыць заканадаўчае рэгуляванне судова-экспертнай дзейнасці.

Прэс-служба Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь