Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
17 мая 2012 г. № Р-707/2012
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У, Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 мая 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8 мая 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон прыняты з мэтай забеспячэння комплекснасці прававога рэгулявання ў сферы стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў.

 

Згодна з часткай першай артыкула 1 Закона пад афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі разумеюцца заснаваныя адпаведнымі дзяржаўнымі органамі (службовымі асобамі), іншымі арганізацыямі сімвалы, якія адлюстроўваюць гістарычныя, геаграфічныя, нацыянальныя, сацыяльныя, культурныя, тапанімічныя і іншыя традыцыі і асаблівасці, указваюць на службовую, прафесійную ці іншую прыналежнасць, з’яўляюцца формай заахвочвання за ўклад у развіццё і ўдасканаленне дзейнасці дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі.

 

У Законе ўстанаўліваецца, што яго дзеянне не распаўсюджваецца на вызначэнне прававога статусу ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, а таксама на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 3).

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

У адпаведнасці з артыкулам 15 Канстытуцыі дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. У артыкуле 54 Канстытуцыі прадугледжаны абавязак кожнага берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

 

Дадзеным канстытуцыйным палажэнням адпавядае замацаваны ў абзацы трэцім артыкула 5 Закона такі асноўны прынцып стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў, як захаванне агульнадзяржаўных інтарэсаў, гістарычных, нацыянальных, сацыяльных, культурных і іншых традыцый, геральдычных правіл, якія адносяцца да афіцыйных геральдычных сімвалаў.

 

Палажэннямі часткі трэцяй артыкула 10 Закона прадугледжваецца, што падставамi для вынясення Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь экспертнага заключэння аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала могуць быць:

 

неадпаведнасць дакументаў, прадстаўленых для правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы афіцыйных геральдычных сімвалаў, патрабаванням, змешчаным у Законе;

 

тоеснасць афіцыйнага геральдычнага сімвала іншаму сімвалу, які раней быў унесены ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь, або зарэгістраванаму ва ўстаноўленым парадку таварнаму знаку;

 

выкарыстанне ў якасці афіцыйнага геральдычнага сімвала элемента, які ўвайшоў у агульнае ўжыванне з іншым сэнсам;

 

парушэнне геральдычных правіл, неадпаведнасць агульнадзяржаўным інтарэсам, гістарычным, нацыянальным, сацыяльным, культурным, прафесійным і іншым традыцыям;

 

невыкананне патрабаванняў, згодна з якімі афіцыйныя геральдычныя сімвалы не павінны служыць мэтам ажыццяўлення прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што пры вынясенні экспертнага заключэння аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала на ўказаных падставах неабходна ў поўнай меры ўлічваць канстытуцыйнае права грамадзян на свабоду мастацкай і навуковай творчасці (частка другая артыкула 51 Канстытуцыі).

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах кампетэнцыі ў адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч