Навіны
Адбылася рабочая сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкi А.Г. са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Мiклашэвiчам П.П.

У час сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ролю Канстытуцыйнага Суда паступова трэба павышаць.

«У вас сканцэнтраваны самыя вопытныя і дасведчаныя людзі ў галіне права, – адзначыў Прэзідэнт. – Але Канстытуцыйны Суд у нас усё ж не адыгрывае тую ролю, якую павінен адыгрываць. Мне здаецца, паступова, як мы калісьці дамаўляліся, ролю Канстытуцыйнага Суда трэба павышаць».

«Мне хацелася б, каб вы не толькі выяўлялі і выкрывалі якія-небудзь недахопы, але, павышаючы ролю Канстытуцыйнага Суда, каб вы больш актыўна уздзейнічалі на адпаведныя суб’екты нашага грамадскага жыцця ў плане канстытуцыйнасці іх дзеянняў, у плане навядзення парадку ў сферы прававых адносін. Гэта вельмі важна», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне, каб Канстытуцыйны Суд больш актыўна ўдзельнічаў у рабоце міжнародных арганізацый.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што хацеў бы абмеркаваць пытанні ролі Канстытуцыйнага Суда ў краіне, удасканальвання яго дзейнасці ў перспектыве, канстытуцыйнага судаводства ў больш шырокім складзе з удзелам як суддзяў, так і спецыялістаў з яго апарату.

Як адзначыў Пётр Мiклашэвiч, у чэрвені 2008 года Дэкрэтам Прэзідэнта былі пашыраны паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда з наданнем яму права правяраць канстытуцыйнасць законаў, прынятых Нацыянальным сходам, да іх падпісання Прэзідэнтам. «Такія шырокія паўнамоцтвы не мае ні адзін канстытуцыйны суд у Еўропе», – падкрэсліў Пётр Мiклашэвiч.

За мінулы перыяд Канстытуцыйным Судом праведзена значная работа ў гэтым напрамку. Праверана 444 законы, прынятых Парламентам. Усе законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі. Старшыня Канстытуцыйнага Суда лічыць, што гэта – сведчанне таго, што заканатворчы працэс у краіне пастаўлены на дастаткова высокі ўзровень, праводзіцца дакладная якасная падрыхтоўка законапраектаў, ідзе адпаведнае ўзгадненне з усімі дзяржаўнымі органамі, праяўляецца павага да Асноўнага Закона краіны – Канстытуцыі, яе прынцыпаў і норм.

Разам з тым у ходзе праверкі канстытуцыйнасці ўстанаўліваліся пэўныя недахопы прынятых законаў. Канстытуцыйным Судом выпрацавана больш за сто прававых пазіцый, у якіх ўказвалася на канстытуцыйна-прававыя прабелы, растлумачваўся канстытуцыйна-прававы сэнс норм законаў, выпрацоўваліся прававыя пазіцыі, адрасаваныя правапрымяняльнiкам, каб пры правапрымяненні не скажаўся канстытуцыйна-прававы сэнс норм закона.

Прэзідэнт праінфармаваны таксама аб тым, што ў мiнулы год Канстытуцыйным Судом было прынята рашэнне аб ацэнцы адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» міжнародным нормам і прынцыпам. Па яе выніках былі ўнесены змяненнi ў законы «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» і «Аб грамадскіх аб’яднаннях» у частцы наяўнасці Карты паляка ў дзяржаўных служачых.

Што датычыцца практыкі прымянення тых або іншых нарматыўных прававых актаў, то, як адзначыў Пётр Мiклашэвiч, у краіне ўжо выпрацаваны пэўны механізм ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб’ектаў – Урад, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На сустрэчы было выказана меркаванне аб магчымым вяртанні ў бліжэйшы час да пытання стварэння інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека. Як растлумачыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда, грамадзяне маглі б звяртацца да ўпаўнаважанага па найбольш важных пытаннях, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, а ўпаўнаважаны па правах чалавека мог бы пасля звяртацца ў Канстытуцыйны Суд.