У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь спыніўся на змесце прынятага 18 студзеня 2012 г. Канстытуцыйным Судом Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе». Пры гэтым былі адзначаны наступныя моманты.
Фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы немагчыма без права, якое не толькі замацоўвае дасягнуты ўзровень грамадскіх адносін, але і выступае ў якасці вектара іх цывілізаванага развіцця.
Дэмакратыя і вяршэнства права – дзве ўзаемаабумоўленыя і ўзаемазвязаныя канстытуцыйныя каштоўнасці.З дэмакратыяй, заснаванай на Канстытуцыі, звязана рэалізацыя такіх каштоўнасцей, як законнасць, роўнасць, справядлівасць, правы і свабоды чалавека.Далейшае ўдасканальванне канстытуцыйнай дэмакратыі прадугледжвае напаўненне яе новымі формамі і зместам, якія адпавядаюць патрэбнасцям развіцця беларускага грамадства і дзяржавы на сучасным этапе.
У дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на вяршэнстве права і раздзяленні ўлад, важная роля належыць судовай уладзе, закліканайз дапамогай ажыццяўлення правасуддзя абараняць канстытуцыйныя каштоўнасці, перш за ўсё гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды кожнага чалавека і грамадзяніна. Роля канстытуцыйнага правасуддзя ў забеспячэнні абароны гэтых каштоўнасцей абумоўлена агульным функцыянальным прызначэннем Канстытуцыйнага Суда – ажыццяўленнем кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі.
Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда ў 2011 годзе была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, абарону канстытуцыйнага ладу і правапарадку, падтрыманне балансу інтарэсаў асобы, грамадства, дзяржавы, фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай.
Канстытуцыйны Суд у 2011 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці разгледзеў 109 законаў, у тым ліку 59 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Усе правераныя законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.
Гэта сведчыць аб тым, што ў заканатворчым працэсе выкарыстоўваецца сістэмны падыход, забяспечваецца ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў па якаснай падрыхтоўцы законапраектаў, заканадаўца праяўляе належную павагу да Асноўнага Закона і выканання яго прававых палажэнняў.
Пры ацэнцы канстытуцыйнасці норм законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд зыходзіць з прынцыпаў і норм Канстытуцыі, выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм, якія правяраюцца, у тым ліку асноўваючыся на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права. У выніку Канстытуцыйны Суд сфармуляваў у сваіх рашэннях каля 30 прававых пазіцый, накіраваных на забеспячэнне прававой дакладнасці, законнасці, роўнасці і справядлівасці з мэтай недапушчэння неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.
Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда выступаюць своеасаблівым арыенцірам для нарматворчых органаў пры прыняцці новых прававых норм, дазваляюць устараняць супярэчнасці, якія ўзнікаюць у заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы, садзейнiчаюць фарміраванню цэласнай канстытуцыйна-прававой прасторы і забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці.
У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд нароўні з ажыццяўленнем абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў надзелены і іншымі паўнамоцтвамі.
Па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выкладзена пазіцыя Канстытуцыйнага Суда аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што палажэннi некаторых норм дадзенага Закона не адпавядаюць такім агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, як прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцып неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю iншай дзяржавы.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на магчымасць з мэтай абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь уліку выкладзенай пазіцыі Канстытуцыйнага Суда пры ўдасканальванні норм асобных законаў.
На падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда Парламентам унесены змяненнi і дапаўненнi ў законы Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» і «Аб грамадскіх аб’яднаннях».
Адносна рэалізацыі Канстытуцыйным Судом іншых паўнамоцтваў, прадугледжаных у Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14, Канстытуцыйны Суд адзначае, што адпаведных прапаноў ад упаўнаважаных суб’ектаў у 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд не паступала.
Грамадзяне і арганізацыі ва ўмовах адсутнасці ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь інстытута індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі могуць рэалізаваць сваё права на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя звярнуўшыся да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта. Такое права прадастаўлена грамадзянам і арганізацыям у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
У 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд упаўнаважаныя органы з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў не звярталіся. Пры гэтым на працягу года да іх паступіла 58 ініцыятыўных зваротаў грамадзян і арганізацый, у якіх ставіліся пытанні аб неабходнасці праверкі асобных нарматыўных прававых актаў у сувязі з наяўнасцю, па меркаванню заяўнікаў, пэўных праблем прававога рэгулявання.
Раней Канстытуцыйным Судом была ініцыіравана прапанова аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у нацыянальнае заканадаўства з мэтай устанаўлення дакладнай прававой рэгламентацыі працэдуры ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб’ектаў.
У цяперашні час завяршаецца распрацоўка праектаў законаў Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаўладкаваннi» і «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў», у якіх мяркуецца ўрэгуляваць працэдуру ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб’ектаў.
Канстытуцыйны Суд у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае паўнамоцтвы, накіраваныя на выяўленне ў заканадаўстве канстытуцыйна-прававых прабелаў. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў Канстытуцыйны Суд прымаў рашэннi на падставе зваротаў грамадзян і арганізацый.
У 2011 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 837 зваротаў грамадзян і арганізацый, у якіх змяшчаліся даныя, якія сведчаць аб супярэчнасцях, прабелах і калізіях у заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы.
З мэтай абароны правоў і свабод грамадзян Канстытуцыйным Судом прыняты рашэнні, накіраваныя на ўстараненне канстытуцыйна-прававых прабелаў у сферы працоўнага, сацыяльнага, крымінальнага, адміністрацыйнага заканадаўства і заканадаўства аб нарматыўных прававых актах.
У сувязі са зваротам грамадзян прынята, напрыклад, рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 кастрычніка 2011 г., у якім Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным заканадаўча замацаваць права працуючых бацькі, іншых сваякоў дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці, на прадастаўленне ім водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў і ў тым выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.
У прынятым на падставе зваротаў грамадзян рашэнні ад 21 кастрычніка 2011 г. Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях змяненнi і дапаўненнi ў частцы вызначэння паняцця, складу і парадку спагнання працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе.
У цэлым нацыянальнае заканадаўства дазваляе вырашаць задачы, якія стаяць перад дзяржавай, і забяспечваць гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды грамадзян, правы і законныя інтарэсы арганізацый.
Канстытуцыйны Суд адзначае ў асноўным станоўчыя вынікі дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб па рэалізацыі прававых пазіцый, сфармуляваных у рашэннях Канстытуцыйнага Суда. Усяго выканана большза 10 рашэнняў.
Так, на падставе рашэння ад 27 мая 2010 г. унесены дапаўненні ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць парадак судовага абскарджання асуджанымі да пазбаўлення волі прымененых да іх мер спагнання.
На падставе рашэння ад 4 сакавіка 2010 г. унесены дапаўненні ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць парадак абскарджання рашэнняў вышэйстаячых падатковых органаў, прынятых па зваротах, звязаных з пытаннямі падаткаабкладання (растлумачэння падатковага заканадаўства).
Парламентам улiчаны таксама шэраг прававых пазіцый, выкладзеных Канстытуцыйным Судом у ходзе абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.
Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў заканатворчым працэсе і правапрымяняльнай практыцы ў цэлым забяспечвалася вяршэнства Канстытуцыі, ствараўся і рэалізоўваўся механізм больш поўнага забеспячэння правоў і свабод грамадзян.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што прынцып вяршэнства права ў нарматворчасцi і правапрымяненні выступае ў якасці галоўнага фактару забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці і развіцця канстытуцыйнай дэмакратыі. Вяршэнства права як найважнейшая ўласцівасць прававой дзяржавы ўключае неабходныя элементы, якія маюць не толькі фармальнае, але і матэрыяльнае значэнне. Да гэтых элементаў адносяцца: законнасць, прававая дакладнасць, забарона самавольства, доступ да правасуддзя ў незалежных і непрадузятых судах, выкананне правоў чалавека, роўнасць усiх перад законам.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што безумоўнае прытрымліванне ў нарматворчасці і правапрымяненні канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права дазволіць заканадаўцу забяспечыць стабільнае, зразумелае і адпаведнае сучасным патрабаванням заканадаўства, а правапрымяняльніку – эфектыўную абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
У Пасланні адзначана, што прынцып вяршэнства права ў сілу сваёй усеагульнасці з’яўляецца асноватворным і для міжнародных адносін. У сувязі з гэтым акты органаў міждзяржаўных утварэнняў і правапрымяняльная практыка павінны грунтавацца на вяршэнстве права, якое ў інтэграцыйных аб’яднаннях зацвярджаецца пры дапамозе фарміравання наднацыянальнага права, арыентаванага на максімальна магчымае гарманічнае спалучэнне і баланс нацыянальных інтарэсаў, універсалізацыю прававых стандартаў, перш за ўсё ўгаліне правоў чалавека.
У межах сваіх паўнамоцтваў Канстытуцыйны Суд даваў прававую ацэнку канстытуцыйнасці законаў і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, грунтуючыся на прынцыпе вяршэнства права з улікам усiх яго элементаў. Пры гэтым указана, што няўхільнае прытрымліванне прынцыпу вяршэнства права ў нарматворчасціiправапрымяненні стварае неабходныя ўмовы для фарміравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой толькі і магчымы дастойнае развіццё асобы, ажыццяўленне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне гарантый іх рэалізацыі.
У другой частцы прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адказаў на пытанні журналістаў.