19 снежня 2011 г. № Р-655/2011
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О борьбе с коррупцией».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О борьбе с коррупцией» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О борьбе с коррупцией» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 снежня
Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы барацьбы з карупцыяй, а таксама прывядзення норм Закона Рэспублікі Беларусь «О борьбе с коррупцией» у адпаведнасць з іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Палажэннямі Закона ўдакладняецца змест тэрмінаў «дзяржаўныя службовыя асобы», «асобы, прыраўнаваныя да дзяржаўных службовых асоб», уводзіцца вызначэнне тэрміна «канфлікт інтарэсаў»; дапаўняецца пералік мер барацьбы з карупцыяй; уводзяцца дадатковыя абмежаванні, што ўстанаўліваюцца ў сувязі з аднясеннем некаторых катэгорый грамадзян да дзяржаўных службовых асоб; прадугледжваюцца гарантыі фізічным асобам, якія садзейнічаюць выяўленню карупцыі, і інш.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
1. Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся прававой дзяржавай, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1); у мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што палажэнні Закона накіраваны на рэалізацыю норм Канстытуцыі і міжнародных дагавораў у сферы барацьбы з карупцыяй.
У пункце 1 артыкула 5 Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць карупцыі ад 31 кастрычніка 2003 года (далей – Канвенцыя), удзельніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, устаноўлена, што кожная Дзяржава-ўдзельніца распрацоўвае і ажыццяўляе або праводзіць эфектыўную і скаардынаваную палітыку процідзеяння карупцыі, якая спрыяе ўдзелу грамадства і адлюстроўвае прынцыпы правапарадку, належнага кіравання публічнымі справамі і публічнай маёмасцю, сумленнасці і непадкупнасці, празрыстасці і адказнасці.
Палажэнні артыкула 1 Закона, якія прадугледжваюць дадатковыя меры супраць карупцыі, адлюстроўваюць указаныя прынцыпы і адпавядаюць падыходам, замацаваным у Канвенцыі, у дачыненні прыёму на работу публічных службовых асоб (артыкул 7), кодэкса іх паводзін (артыкул 8), мерапрыемстваў па інфармаванню насельніцтва (артыкул 13), абароны асоб, якія паведамляюць інфармацыю (артыкул 37), і інш. У прыватнасці, норма пункта 1 артыкула 1 Закона, што ўдакладняе пералік асоб, якія адносяцца да дзяржаўных службовых асоб і прыраўнаваных да іх асоб, у тым ліку прадугледжвае выключэнне з указанага пераліку асоб дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі і ажыццяўляюць дзейнасць, звязаную з непасрэдным задавальненнем патрэб, запытаў і патрэбнасцей насельніцтва, адпавядае падпункту «а» артыкула 2 Канвенцыі, што вызначае паняцце «публічная службовая асоба».
2. У сувязі з удакладненнем Законам пераліку абмежаванняў, устаноўленых для дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб, прадугледжваецца абавязак дзяржаўных служачых, а таксама супрацоўнікаў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, якія маюць ва ўласнасці долі ўдзелу (акцыі, правы) у статутных фондах камерцыйных арганізацый, у трохмесячны тэрмін пасля прызначэння (выбрання) на пасаду перадаць гэтыя долі ў давернае кіраванне пад гарантыю дзяржавы на час праходжання службы (частка трэцяя артыкула 17 Закона «О борьбе с коррупцией»).
Канстытуцыя, гарантуючы замацаваныя ў ёй правы і свабоды грамадзян, устанаўлівае, што іх абмежаванне дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).
Грамадзянін, які выказвае жаданне рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах, павінен прыняць умовы (у прыватнасці, абмежаванні), з якімі звязаны набываемы статус дзяржаўнага служачага. Адна з такіх умоў – патрабаванне аб перадачы ў давернае кіраванне пад гарантыю дзяржавы на час праходжання службы знаходзячыхся ва ўласнасці доляў удзелу (акцый, праў) у статутных фондах камерцыйных арганізацый. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такая ўмова не можа разглядацца як неправамернае абмежаванне гарантаванага Канстытуцыяй грамадзянам Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з іх здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах (артыкул 39), а таксама права ўласнасці (частка першая артыкула 44).
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні Закона, якія ўстанаўліваюць спецыяльныя ўмовы ў адносінах да асоб, якія маюць публічна-прававы статус, што набываецца імі ў сувязі з займаннем пэўных дзяржаўных пасад, адпавядаюць нормам Канстытуцыі.
3. Законам (пункт 9 артыкула 1) устанаўліваецца норма, што рэгламентуе парадак прадухілення і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў у сувязі з выкананнем абавязкаў дзяржаўнай службовай асобы, у адпаведнасці з якой дзяржаўная службовая асоба абавязана, у прыватнасці, паведаміць у пісьмовай форме свайму кіраўніку аб узнікненні канфлікту інтарэсаў або магчымасці яго ўзнікнення, як толькі ёй стане аб гэтым вядома, і мае права ў пісьмовай форме заявіць самаадвод ад прыняцця рашэння, удзелу ў прыняцці рашэння або ажыццяўлення іншых дзеянняў па службе (рабоце), што выклікаюць або могуць выклікаць узнікненне канфлікту інтарэсаў, а кіраўнік дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, якому стала вядома аб узнікненні або магчымасці ўзнікнення канфлікту інтарэсаў, абавязаны неадкладна прыняць меры па яго прадухіленню або ўрэгуляванню (артыкул 181 Закона «О борьбе с коррупцией»). Пры гэтым у адпаведнасці з абзацам шостым пункта 1 артыкула 1 Закона пад канфліктам інтарэсаў разумеецца сітуацыя, пры якой асабістыя інтарэсы дзяржаўнай службовай асобы, яе мужа (жонкі), блізкіх сваякоў або сваякоў маюць уплыў або могуць мець уплыў на належнае выкананне дзяржаўнай службовай асобай сваіх службовых (працоўных) абавязкаў пры прыняцці ёй рашэння або ўдзеле ў прыняцці рашэння або ажыццяўленні іншых дзеянняў па службе (рабоце).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што норма Закона, накіраваная на вырашэнне канфлікту інтарэсаў, пры якім рэалізацыя дзяржаўнымі службовымі асобамі сваіх асабістых правоў як грамадзян Рэспублікі Беларусь можа ўваходзіць у супярэчнасць з выкананнем імі службовых абавязкаў у сувязі са сваім статусам, адпавядае артыкулу 59 Канстытуцыі і раздзелу II Міжнароднага кодэкса паводзін дзяржаўных службовых асоб, які прыняты Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 12 снежня 1996 года і рэгламентуе дзеянні дзяржаўных службовых асоб пры калізіі інтарэсаў.
Парадак прадухілення і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў, што замацоўваецца ў пункце 9 артыкула 1 Закона, з’яўляецца суразмерным пункту гледжання захоўвання балансу паміж асабістымі інтарэсамі дзяржаўнай службовай асобы і належным выкананнем ёй сваіх службовых (працоўных) абавязкаў.
Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным звярнуць увагу на тое, што рэалізацыя кіраўніком дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі паўнамоцтваў па прадухіленню або ўрэгуляванню канфлікту інтарэсаў, якія надаюцца яму Законам, у тым ліку права перавесці дзяржаўную службовую асобу ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, з пасады, выкананне абавязкаў па якой выклікала або можа выклікаць узнікненне канфлікту інтарэсаў, на іншую раўназначную пасаду, не павінна парушаць гарантаванае Канстытуцыяй права грамадзян Рэспублікі Беларусь на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей (частка першая артыкула 41).
Пацвярджаючы раней выказаную прававую пазіцыю аб тым, што норма часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі мае прамое дзеянне ў сілу патрабаванняў, замацаваных у артыкуле 137 Канстытуцыі, а права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспубліка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, Канстытуцыйны Суд адзначае, што права дзяржаўнай службовай асобы абскардзіць прымяненне да яе мер па прадухіленню або ўрэгуляванню канфлікту інтарэсаў у судовым парадку з’яўляецца найважнейшай гарантыяй выканання канстытуцыйных правоў і свабод кожнага.
4. Пунктам 2 артыкула 1 Закона пералік мер барацьбы з карупцыяй, замацаваны ў артыкуле 5 Закона «О борьбе с коррупцией», дапаўняецца наступнымі мерамі: правядзенне мерапрыемстваў па інфармаванню насельніцтва, якія садзейнічаюць стварэнню атмасферы нецярпімасці ў дачыненні карупцыі (антыкарупцыйная адукацыя і выхаванне); забеспячэнне публічнасці ў дзейнасці дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; правядзенне ва ўстаноўленым парадку крыміналагічнай экспертызы праектаў прававых актаў Рэспублікі Беларусь, раней прынятых (выдадзеных) прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
Указаныя меры накіраваны на ўдасканальванне прававых механізмаў папярэджання і спынення карупцыі, стварэнне належных умоў для незалежнасці службовай дзейнасці дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб, умацаванне даверу насельніцтва да дзяржавы і яе органаў.
Такі падыход заканадаўца адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 34 Канстытуцыі, якія замацоўваюць, у прыватнасці, права грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці.
5. Артыкулам 10 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.
На рэалізацыю прыведзенай нормы, а таксама артыкулаў 21, 24, 25, 28, 59 Канстытуцыі накіраваны палажэнні Закона, якія прадугледжваюць, што фізічная асоба, якая паведаміла аб факце правапарушэння, звязанага з карупцыяй, або іншым чынам садзейнічае выяўленню карупцыі, знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Пры гэтым указанай асобе, яе мужу (жонцы), блізкім сваякам або сваякам пры наяўнасці дастатковых даных, якія ўказваюць на тое, што ў адносінах да іх маецца рэальная пагроза забойства, прымянення насілля, знішчэння або пашкоджання маёмасці, ажыццяўлення іншых проціпраўных дзеянняў, гарантуецца прымяненне мер па забеспячэнню бяспекі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (пункт 13 артыкула 1 Закона).
6. Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткі другая і трэцяя артыкула 44 Канстытуцыі).
У той жа час згодна з абзацам шостым пункта 14 артыкула 1 Закона грашовыя сродкі, якія прадастаўлены ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і паступілі на банкаўскі рахунак членаў сям’і дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы, падлягаюць пералічэнню ў рэспубліканскі бюджэт на працягу дзесяці дзён з дня, калі дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобе стала вядома аб гэтым.
Указаныя палажэнні Закона адпавядаюць нормам часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі як па форме акта, што замацоўвае іх, так і з пункту гледжання прынцыпу прапарцыянальнасці, які прадугледжвае прытрымліванне суразмернасці паміж дзяржаўнымі і грамадскімі інтарэсамі і неабходнасцю абароны правоў і свабод асобы пры ўвядзенні заканадаўчых абмежаванняў, а таксама часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якой ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы.
Уносімыя заканадаўцам змяненні і дапаўненні ў Закон «О борьбе с коррупцией», накіраваны на павышэнне эфектыўнасці прымаемых мер па папярэджанню, выяўленню, спыненню правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйных правапарушэнняў, ліквідацыі іх вынікаў, а таксама забеспячэнне аднастайнай практыкі прымянення крымінальнай, адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці за ўказаныя правапарушэнні. Канстытуцыйны Суд лічыць, што меры па ўзмацненню барацьбы з карупцыяй, якія прадугледжваюцца Законам, з’яўляюцца канстытуцыйна апраўданымі з пункту гледжання ўзмацнення абароны асобы, грамадства і дзяржавы ад карупцыйных правапарушэнняў.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках кампетэнцыі ў адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О борьбе с коррупцией» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч