Канстытуцыйны Суд 11 кастрычніка 2011 г. прыняў рашэнне «Аб дзеянні законаў аб амністыі ў часе» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.) па выніках разгляду звароту Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. У сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве афіцыйнага тлумачэння па пытанню дзеяння законаў аб амністыі ў часе і з мэтай выпрацоўкi аднастайнай практыкі прымянення гэтых законаў Генеральная пракуратура прасіла выкласці пазіцыю аб тым, ці з'яўляюцца законы аб амністыі бестэрміновымі нарматыўнымі прававымі актамі.
У рашэнні Канстытуцыйным Судом адзначана канстытуцыйна-прававая прырода амністыі, якая з'яўляецца актам гуманізму дзяржавы, накіраваным на вызваленне пэўных катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, ад крымінальнай адказнасці і пакарання, змякчэнне або ўстараненне прававых вынiкаў назначанага пакарання, заснаваным на прынцыпах справядлівасці, роўнасці правоў грамадзян, суразмернасці і балансу канстытуцыйных каштоўнасцей у галiне процiдзеяння правапарушэнням.
Прымаемыя Парламентам Рэспублікі Беларусь законы аб амністыі маюць пэўныя асаблівасці, але пры гэтым адпавядаюць усім агульным патрабаванням, якія прад'яўляюцца да нарматыўнага прававога акта ў адпаведнасці з Законам «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Так, згодна з часткай першай артыкула 66 гэтага Закона нарматыўны прававы акт дзейнічае бестэрмінова, калі ў яго тэксце не агаворана іншае.
Норма аб тэрміне выканання закона (шэсць месяцаў з дня ўступлення яго ў сілу), якая змяшчаецца ва ўсіх законах аб амністыі, ускладае на ўпаўнаважаныя органы абавязак выканаць у пэўны тэрмін прадпісаннi дадзеных законаў у дачыненні да асоб, якiя прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, або асуджаных, не ўстанаўлiваючы пры гэтым граніц дзеяння амністыі ў часе. Амністыя з'яўляецца бестэрміновым актам, у сферу дзеяння якога трапляюць асобы, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення закона аб амністыі ў сілу і на якiх у адпаведнасці з прадугледжанымі кожным канкрэтным законам аб амністыі крытэрыямі распаўсюджваецца дзеянне амністыі.
На аснове аналізу норм Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што прабелаў у заканадаўчым рэгуляванні ў частцы вызначэння дзеяння законаў аб амністыі не iснуе і на гэтыя законы ў поўнай меры распаўсюджваюцца нормы Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», адзначыўшы ў рашэнні таксама, што Парламент Рэспублікі Беларусь мае права ўстанаўлiваць у законах аб амністыі крытэрыі іх прымянення, у тым ліку вызначаць кола асоб, якія падлягаюць амністыі, умовы прымянення амністыі і тэрміны выканання законаў аб амністыі. Увага Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і іншых правапрымяняльных органаў звернута на тое, што для правільнага прымянення амністыі да канкрэтных асоб неабходна ўлічваць у сукупнасці ўстаноўленыя заканадаўцам у законах аб амністыі крытэрыі вызначэння асоб, якія падлягаюць амністыі, умовы прымянення амністыі, адрозніваючы пры гэтым тэрміны дзеяння і тэрміны выканання гэтых тэрмінаў.