Навіны
Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяцi»

Рашэнне «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяцi» прынята Канстытуцыйным Судом 4 кастрычніка 2011 г. (суддзя-дакладчык Падгруша В.В.) па выніках разгляду пытання, пастаўленага ў звароце грамадзянкі К., аб правамернасці непрадастаўлення водпуску па догляду дзіцяцi да дасягнення ім узросту трох гадоў бацьку, iншаму сваяку дзіцяці ў выпадку ажыццяўлення маці дзіцяці прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Паколькі маці дзіцяці з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, яна не падпадае пад дзеянне артыкула 185 Працоўнага кодэкса і ёй сацыяльны водпуск па догляду дзіцяцi да дасягнення ім узросту трох гадоў не прадастаўляецца. У такім выпадку не прадастаўляецца ўказаны водпуск і бацьку або iншаму сваяку дзіцяці, бо права бацькі на гэты водпуск лічыцца вытворным ад права маці.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што дадзены падыход да разумення сутнасці права працуючага бацькі, iншага сваяка дзіцяці, якi фактычна ажыццяўляе яго догляд, на прадастаўленне яму сацыяльнага водпуску па догляду дзіцяцi як вытворнага ад права маці дзіцяці на ўказаны сацыяльны водпуск з'яўляецца неправамерным. Права працуючага бацькі, iншага сваяка дзіцяці, якi фактычна ажыццяўляе яго догляд, на такі сацыяльны водпуск з'яўляецца самастойным правам, рэалізацыя якога гарантуецца дзяржавай.

На падставе аналізу норм Канстытуцыі, Працоўнага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб наяўнасці заканадаўчага прабелу ў частцы рэгулявання адносін, якія складаюцца пры прадастаўленні сацыяльнага водпуску па догляду дзіцяцi да дасягнення ім узросту трох гадоў бацьку, iншаму сваяку дзіцяці ў выпадку, калі маці з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. У вынiку гэтага не выконваюцца канстытуцыйныя прынцыпы юрыдычнай роўнасці, прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод грамадзян, нормы, якія гарантуюць права на працу і сацыяльнае забеспячэнне, недапушчэнне дыскрымінацыі ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін, не забяспечваюцца сацыяльная справядлівасць, дзейсная абарона сям'і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што ўказаны прабел павінен быць устаранёны такім чынам, каб працуючаму бацьку, iншаму сваяку дзіцяці прадастаўляўся сацыяльны водпуск па яго догляду і ў выпадку, калі маці дзіцяці з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

Савету Міністраў прапанавана падрыхтаваць праект закона, які прадугледжвае ўнясенне адпаведных змяненняў у Працоўны кодэкс, Закон «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.