Навіны
Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне, якое датычыцца заканадаўчага вызначэння тэрміна «працаздольная асоба»

 

Рашэнне «Аб заканадаўчым вызначэнні тэрміна «працаздольная асоба» для мэт прымянення пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (суддзя-дакладчык Падгруша В.В.) прынята Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь 27 верасня 2011 г. па звароту Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адносна магчымасці заліку ў стаж працы перыяду догляду інваліда I групы, састарэлага, якi дасягнуў 80-гадовага ўзросту, што ажыццяўляецца асобай, абмежаванай у працаздольнасці.

Паколькі ў Законе аб пенсійным забеспячэнні змест тэрміна «працаздольная асоба» не раскрываецца, то для вызначэння ўказаннага тэрміна на практыцы выкарыстоўваюцца іншыя нормы названага Закона, якія ў прыватнасці, змяшчаюцца ў частцы трэцяй артыкула 35 Закона і вызначаюць непрацаздольных членаў сям’і, што маюць права на пенсію з выпадку страты карміцеля. На гэтай падставе робіцца вывад аб тым, што пры прымяненні пункта «д» часткі другой артыкула 51 гэтага ж Закона да працаздольных асоб трэба адносiць асоб працаздольнага ўзросту (мужчын – ад 16 да 60 гадоў, жанчын – ад 16 да 55 гадоў), якія не з’яўляюцца інвалідамі.

Прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона аб пенсійным забеспячэнні і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што гарантуючы права на атрыманне пенсіі па ўзросту і ўстанаўлiваючы  магчымасць рэалізацыі ўказаннага права з дасягненнем асобай агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, заканадаўца не звязвае магчымасць атрымання грамадзянамі пенсіі па ўзросту з наяўнасцю або адсутнасцю ў іх працаздольнасці.

Устанаўленне інваліднасці таксама не заўсёды азначае, што асоба страчвае здольнасць да працы. Аб гэтым сведчыць рад палажэнняў законаў «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў», «Аб занятасці насельнiцтва Рэспублікі Беларусь» і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, накіраваных на працоўную рэабілітацыю інвалідаў і рэгуляванне асаблівасцей іх працы.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што выбіральны падыход пры вырашэнні пытання аб заліку перыяду ўказаннага догляду ў стаж работы ў залежнасці ад працаздольнасці (пры якім такі перыяд не залічваецца ў стаж працы асоб пры дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або асоб, якія з’яўляюцца інвалідамі, абмежаванымі ў працаздольнасці) супярэчыць прынцыпам юрыдычнай роўнасці і недапушчэння дыскрымінацыі па прымеце ўзросту або інваліднасці, а таксама сацыяльнай справядлівасці.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд устанавіў наяўнасць заканадаўчага прабелу ў норме пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні, прызнаўшы неабходным яго ўстараненне шляхам вызначэння тэрміна «працаздольная асоба» для мэт прымянення ўказаннага пункта.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны законапраект.