Навіны
Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне аб аднясенні пастаноў Вярхоўнага Савета да заканадаўчых актаў

12 красавіка 2011 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў прыняў рашэнне «Аб заканадаўчых актах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (суддзя-дакладчык Сяргеева В.Г.).

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда адзначаецца, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1978 года, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 года да ўнясення ў яе змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь як заканадаўчым органам у мэтах рэгулявання найбольш важных грамадскіх адносiн нароўні з законамі прымаліся пастановы. Пастановы Вярхоўнага Савета, якія маюць нарматыўны характар, былі абавязковымi для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі, арганізацыямі і грамадзянамі на тэрыторыі рэспублікі.

Канстытуцыйным Судом былі прааналізаваны канстытуцыйныя палажэнні, якія азначалі статус і кампетэнцыю Вярхоўнага Савета, а таксама патрабаваннi дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» да актаў заканадаўства. У выніку Суд прыйшоў да вываду аб неабходнасці аднясення пастаноў Вярхоўнага Савета нарматыўнага характару да заканадаўчых актаў.

Канстытуцыйным Судом вызначана наяўнасць прабелу ў заканадаўстве ў частцы вызначэння месца пастаноў Вярхоўнага Савета ў сістэме нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і іх юрыдычнай сілы.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь».

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адпаведнае заканадаўчае рэгуляванне дапаможа забяспечыць належную абарону правоў і свабод грамадзян, правоў і абараняемых законам інтарэсаў арганізацый, а таксама прытрымлівацца прынцыпу прававой дакладнасці.