Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
7 красавіка 2011 г. № П-258/2011
Аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па Закону Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе падпункта 1.5 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні прапанову Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб выкладанні пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

 

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сваёй прапанове ўказала, што 29 сакавіка 2008 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка», дзеянне якога распаўсюджваецца на ўсе рэспублікі былога Саюза ССР, у тым ліку Рэспубліку Беларусь, уключаючы яе грамадзян.

Па меркаванню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» супярэчыць нормам міжнароднага права і прынцыпу добрасуседства, а іменна:

 

1) прадастаўленне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ўладальнікам Карты паляка правоў, якія датычацца атрымання доўгатэрміновай польскай візы, працаўладкавання, ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, атрымання розных форм адукацыі, карыстання медыцынскім абслугоўваннем пры надзвычайных акалічнасцях, і іншых правоў, прадугледжаных артыкуламі 5 і 6 названага Закона, у выніку чаго замежныя грамадзяне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, у тым ліку грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць Карту паляка, будуць не роўныя ў правах з замежнымі грамадзянамі, якія не маюць Карту паляка, – такім асноватворным міжнародным дакументам у сферы правоў чалавека, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ад 10 снежня 1948 года, Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі ад 21 снежня 1965 года і Канвенцыя адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў ад 25 чэрвеня 1958 года, а таксама Дагавору паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года;

 

2) палажэнні часткі 2 артыкула 12, частак 1 і 4 артыкула 18, згодна з якімі органам, упаўнаважаным выдаваць Карту паляка, з’яўляецца консул Рэспублікі Польшча ў адпаведнасці з месцам жыхарства заяўніка, – палажэнням пункта «m» артыкула 5 Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах ад 24 красавіка 1963 года, артыкулаў 26 і 29 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 2 сакавіка 1992 года;

 

3) правілам асобных двухбаковых дагавораў паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемным працаўладкаванні грамадзян ад 27 верасня 1995 года і Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян, заключанае шляхам абмену нотамі 20 снежня 2007 года), паколькі Закон Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» прадугледжвае іншыя правілы, чым тыя, што змяшчаюцца ў гэтых двухбаковых дагаворах, а таксама палажэнням артыкула 1 Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года, які ўстанаўлівае, што Рэспубліка Беларусь і Рэспубліка Польшча выстройваюць свае адносіны як дружалюбныя дзяржавы ў духу ўзаемнай павагі, добрасуседства і партнёрства, кіруюцца прынцыпамі суверэннай роўнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы.

 

Палата прадстаўнікоў лічыць, што рэалізацыя норм Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка», прынятага без уліку меркавання Рэспублікі Беларусь, закранае інтарэсы Рэспублікі Беларусь, таму што прымяненне дадзенага Закона на тэрыторыі Беларусі можа аказаць ўплыў на грамадзянскую згоду і стабільнасць у беларускім грамадстве.

 

У ходзе падрыхтоўкі пытання да разгляду Канстытуцыйны Суд атрымаў пісьмовыя заключэнні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь: Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства юстыцыі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, у якіх змяшчаецца вывад аб тым, што асобныя нормы Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і прыняты без уліку некаторых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.

 

Канстытуцыйным Судом падвяргаўся аналізу тэкст Закона Рэспублікі Польшча ад 7 верасня 2007 года «Аб Карце паляка» (Ustawa z dnia 7 września 2007 r. o Karcie Polaka (Dzennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej z 2007 r. Nr 180, poz. 1280, z 2008 r. Nr 52, poz. 305, Nr 214, poz. 1348, Nr 216, poz. 1367).

 

Пры разглядзе Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» (далей – Закон) Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што суб’ектамі адносін, што рэгулююцца Законам, прызнаюцца ў тым ліку грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім Рэспубліка Беларусь як суверэнная дзяржава ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе абарону і заступніцтва на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.

 

Аднымі з мэт прыняцця Закона, як вынікае з яго прэамбулы, з’яўляюцца ўмацаванне сувязей, якія аб’ядноўваюць палякаў на Усходзе з Радзімай, а таксама падтрымка іх намаганняў па захаванню польскай мовы і культываванню нацыянальных традыцый. У Законе вызначаны асобы, якім можа быць выдадзена Карта паляка (артыкулы 2 і 16), правы ўладальніка Карты паляка (артыкулы 5 і 6), умовы і парадак выдачы, спынення дзеяння і анулявання Карты паляка, тэрмін яе дзеяння (артыкулы 2, 12–20), а таксама кампетэнцыя і парадак дзейнасці розных органаў (асоб) па пытаннях, звязаных з Картай паляка (артыкулы 9, 12, 13, 15, 18 і інш.). Згодна з часткай 2 артыкула 2 Закона Карта паляка можа быць выдадзена асобе, якая з’яўляецца на дзень падачы заявы аб выдачы Карты паляка грамадзянінам пэўнай краіны, у тым ліку Рэспублікі Беларусь, або валодае ў адной з гэтых дзяржаў статусам асобы без грамадзянства. Органам, які прымае рашэнні аб выдачы Карты паляка, адмове ў яе выдачы або ануляванні Карты паляка, з’яўляецца консул Рэспублікі Польшча ў адпаведнай краіне (артыкулы 12, 13, 17–19 Закона).

 

Пры аналізе Закона ў частцы яго адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Асноўныя прынцыпы міжнароднага права замацаваны ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (далей – Статут ААН) і Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН, адобранай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 24 кастрычніка 1970 года № 2625 (XXV) (далей Дэкларацыя аб прынцыпах міжнароднага права). Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ад 1 жніўня 1975 года (далей – Заключны акт СБСЕ 1975 года), іншыя міжнародныя прававыя акты дапаўняюць пералік асноўных прынцыпаў міжнароднага права, прадугледжаных ва ўказаных міжнародных прававых актах.

 

У цяперашні час агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права з’яўляюцца перш за ўсё суверэнная роўнасць дзяржаў, добрасумленнае выкананне міжнародных абавязацельстваў, мірнае ўрэгуляванне міжнародных спрэчак, непрымяненне сілы і пагрозы сілай у міжнародных адносінах, неўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржаў, супрацоўніцтва дзяржаў, раўнапраўе і самавызначэнне народаў, тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаў, непарушнасць дзяржаўных граніц, павага правоў чалавека і яго асноўных свабод.

 

Разам з агульнапрызнанымі прынцыпамі ў сістэму міжнароднага права ўключаюцца нормы міжнароднага права. Гэтыя нормы з’яўляюцца правіламі паводзін, якія прыняты ў выніку ўзгаднення пазіцый дзяржаў і ўстанаўліваюць іх правы і абавязкі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва. Нормы міжнароднага права змяшчаюцца як у рашэннях і рэзалюцыях міжнародных арганізацый, у тым ліку такіх універсальных, як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародная арганізацыя працы (МАП), у якія ўваходзіць большасць дзяржаў свету, так і ў міжнародных дагаворах.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд пры разглядзе Закона ў частцы яго адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права зыходзіць са Статута ААН, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года (далей – Пакт аб грамадзянскіх правах), Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад 16 снежня 1966 года (далей – Пакт аб эканамічных правах), Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах ад 24 красавіка 1963 года (далей – Венская канвенцыя), іншых міжнародных актаў, Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года (далей – Дагавор аб добрасуседстве) і іншых двухбаковых міжнародных дагавораў паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча, якія прадугледжваюць як агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы, што ляжаць у аснове міжнародных адносін, так і палажэнні, якія канкрэтызуюць змест гэтых прынцыпаў і норм у адносінах да ўмоў двухбаковага супрацоўніцтва.

 

2. У Дэкларацыі аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 18 снежня 1992 года № 47/135, што развівае агульныя прынцыпы і нормы Пакта аб эканамічных правах і Пакта аб грамадзянскіх правах, якія прадугледжваюць роўнасць усіх перад законам і правы меншасцей, замацавана, што асобы, якія належаць да меншасцей, маюць права ўстанаўліваць і падтрымліваць без якой-небудзь дыскрымінацыі свабодныя і мірныя кантакты з іншымі членамі сваёй групы і з асобамі, што належаць да іншых меншасцей, а таксама кантакты праз граніцы з грамадзянамі іншых дзяржаў, з якімі яны звязаны нацыянальнымі, этнічнымі, рэлігійнымі або моўнымі сувязямі (пункт 5 артыкула 2).

 

Згодна з Рамачнай канвенцыяй аб абароне нацыянальных меншасцей, падпісанай дзяржавамі членамі Савета Еўропы 1 лютага 1995 года, Бакі абавязваюцца не перашкаджаць ажыццяўленню правоў асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей, устанаўліваць і падтрымліваць свабодныя і мірныя кантакты праз граніцы з асобамі, якія на законных падставах знаходзяцца на тэрыторыі іншых дзяржаў, у прыватнасці з асобамі, з якімі яны маюць агульную этнічную, культурную, моўную і рэлігійную самабытнасць або агульную культурную спадчыну (пункт 1 артыкула 17).

 

З улікам указанага Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржавы, не перашкаджаючы ўстанаўленню кантактаў паміж асобамі, якія належаць да нацыянальных меншасцей, у адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі і нормамі могуць падтрымліваць такія кантакты шляхам прадстаўлення прывілей нацыянальным меншасцям, якія пражываюць у іншых краінах, зыходзячы з этнічнага сваяцтва. Прадстаўленне такіх прывілей знаходзіцца ў межах суверэннай кампетэнцыі дзяржавы, заснаванай на праве кожнай дзяржавы ў адпаведнасці з Дэкларацыяй аб прынцыпах міжнароднага права свабодна выбіраць і развіваць свае сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сістэмы і ў адпаведнасці з Заключным актам СБСЕ 1975 года – устанаўліваць свае законы і адміністрацыйныя правілы.

 

У канстытуцыях раду еўрапейскіх краін (напрыклад, Венгрыі, Македоніі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі) замацаваны абавязак дзяржавы падтрымліваць сваіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой.

 

На ўзроўні закона падтрымка, асобая апека і абарона краінай паходжання сваіх суайчыннікаў, якія пражываюць у замежных дзяржавах, прадугледжаны, у прыватнасці, у Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Грэцыі, Італіі, Македоніі, Расіі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіне, Харватыі, Чэхіі.

 

У ліку заканадаўчых мер падтрымкі суайчыннікаў значацца спрошчаныя працэдуры натуралізацыі і іміграцыі ў дзяржаву паходжання, розныя льготы пры атрыманні адукацыі, правядзенні навуковых даследаванняў, наведванні музейных устаноў, карыстанні транспартам, атрыманні медыцынскіх паслуг, працаўладкаванні, набыцці нерухомай маёмасці і інш.

 

Канстытуцыйны Суд у сувязі з гэтым адзначае, што пунктам 9 плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2011 г. № 10, прадугледжана ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларускіх суайчынніках замежжа», у якім маецца на ўвазе прадугледзець адпаведныя прывілеі для беларусаў, якія пражываюць за мяжой.

 

Такім чынам, прыняцце заканадаўчых актаў дзяржавай паходжання, што ўстанаўліваюць якія-небудзь прывілеі для суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, адпавядае нормам міжнароднага права і з’яўляецца дастаткова распаўсюджанай міжнароднай практыкай.

 

Аднак пры гэтым магчымасць устанаўлення дзяржавай пэўных прывілей і льгот па прымеце этнічнага паходжання для грамадзян замежных дзяржаў звязваецца з неабходнасцю прытрымлівання прынцыпаў суверэннай роўнасці дзяржаў, добрасумленнага выканання міжнародных абавязацельстваў, захавання дружалюбных адносін паміж дзяржавамі, павагі правоў і асноўных свабод чалавека, забароны дыскрымінацыі.

 

Згодна з заключнай часткай даклада, прынятага на 48-й пленарнай сесіі Камісіі Савета Еўропы «За дэмакратыю праз права», якая адбылася 19–20 кастрычніка 2001 года (далей – даклад Венецыянскай камісіі), выкананне ўказаных прынцыпаў патрабуе прытрымлівання ў тым ліку асаблівасцей у адносінах да льготнага рэжыму, які:

 

можа быць прадастаўлены асобам, якія належаць да нацыянальных меншасцей, у галіне адукацыі і культуры, калі ён мае абгрунтаваную мэту ўмацавання культурных сувязей і суразмерны дадзенай мэце;

 

не можа быць прадастаўлены ў галінах, якія не датычацца адукацыі і культуры, за выключэннем асобых выпадкаў, калі ён мае законную мэту і суразмерны дадзенай мэце.

 

У Законе адным з крытэрыяў, якім павінны адпавядаць асобы, што прэтэндуюць на атрыманне Карты паляка, устаноўлена пэўная ўмова – «актыўны ўдзел у дзейнасці на карысць польскай мовы і польскай культуры або польскай нацыянальнай меншасці на працягу не менш трох апошніх гадоў», пацверджаны адпаведнай даведкай (пункт 3 часткі 1 артыкула 2); адной з падстаў адмовы ў выдачы Карты паляка паводзіны заяўніка ва ўрон базавым інтарэсам Рэспублікі Польшча (пункт 6 артыкула 19); адной з падстаў анулявання Карты паляка паводзіны ўладальніка Карты паляка, якія знеслаўляюць Польшчу або палякаў (пункт 1 часткі 1 артыкула 20).

 

Такім чынам, магчымасць выдачы, адмовы ў выдачы або анулявання Карты паляка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь звязана з неабходнасцю пэўных паводзін (выканання фактычна пэўных абавязкаў) грамадзян Рэспублікі Беларусь, прычым не толькі польскай нацыянальнасці, перад Рэспублікай Польшча, што не адпавядае агульнапрызнаным прынцыпам павагі правоў чалавека і яго асноўных свабод і недыскрымінацыі. Наяўнасць у Законе ўказаных норм артыкулаў 2, 19 і 20 стварае перадумовы для дыскрымінацыйных праяўленняў на практыцы, калі адрозненні ў падыходах да грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць атрымаць Карту паляка, звязваюцца з паводзінамі грамадзяніна, яго жыццёвымі поглядамі і грамадзянскай пазіцыяй, што таксама ў пэўнай меры несумяшчальна і з абавязкамі грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку грамадзян, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе.

 

У Законе (артыкул 5, пункты 1 і 2 часткі 1 артыкула 6) вызначаны іншыя правілы вызвалення ад платы за выдачу візы на знаходжанне, якая прадугледжвае шматразовы ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча, або пакрыцця гэтай платы, чым тыя, што былі замацаваны ў артыкуле 18 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян ад 26 жніўня 2003 года, якое дзейнічала на момант прыняцця Закона, і змяшчаюцца ў артыкуле 15 дзеючага ў цяперашні час Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян, заключанага шляхам абмену нотамі 20 снежня 2007 года, а таксама іншыя правілы працаўладкавання грамадзян Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, чым прадугледжаныя ў артыкуле 2 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемным працаўладкаванні грамадзян ад 27 верасня 1995 года.

 

У Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права адным з агульнапрызнаных прынцыпаў абвешчаны прынцып добрасумленнага выканання дзяржавамі абавязацельстваў, прынятых імі ў адпаведнасці са Статутам ААН. Згодна з артыкуламі 26 і 31 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года дагаворы павінны выконвацца і тлумачыцца добрасумленна. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што асобныя нормы Закона, прынятага Рэспублікай Польшча без уліку меркавання Рэспублікі Беларусь, якія датычацца правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь у галіне візавага рэжыму і працаўладкавання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, адрозніваюцца ад правілаў у гэтых галінах, замацаваных у двухбаковых міжнародных дагаворах. Тым самым пры ўстанаўленні ў Законе такіх норм не захаваны прынцып добрасумленнага выканання дагавораў.

 

Акрамя таго, візавы рэжым, працаўладкаванне, ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці не датычацца сферы адукацыі і культуры, таму прадастаўленне ўладальнікам Карты паляка прывілей і льгот у гэтых галінах (артыкул 5, пункты 1 і 2 часткі 1 артыкула 6) выходзіць за рамкі мэт прыняцця Закона, а таксама несуразмерна ўказаным мэтам. Прывілеі і льготы ў дадзеных сферах могуць быць прадастаўлены толькі ў выключных выпадках, калі гэта абгрунтавана сапраўднай мэтай падтрымання сувязей з дзяржавамі паходжання або адпавядае ёй, на што звернута ўвага ў дакладзе Венецыянскай камісіі.

 

3. У Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права аднымі з асноўных прынцыпаў міжнароднага права, якімі закліканы кіравацца дзяржавы ў сваёй міжнароднай дзейнасці і на аснове строгага прытрымлівання якіх яны закліканы развіваць свае ўзаемаадносіны, названы прынцып неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой іншай дзяржавы, а таксама прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў.

 

Прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы прадугледжвае, што ні адна дзяржава або група дзяржаў не мае права ўмешвацца прама або ўскосна па якой на тое б ні было прычыне ва ўнутраныя і знешнія справы любой іншай дзяржавы. У выніку гэтага ўсе формы ўмяшання, накіраваныя супраць правасуб’ектнасці дзяржавы, з’яўляюцца парушэннем міжнароднага права.

 

Прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў уключае наступныя элементы: юрыдычную роўнасць дзяржаў; карыстанне дзяржавай правамі, уласцівымі поўнаму суверэнітэту; абавязак павагі правасуб’ектнасці іншых дзяржаў; недатыкальнасць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці дзяржавы; права дзяржавы свабодна выбіраць і развіваць свае палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сістэмы, а таксама абавязак кожнай дзяржавы выконваць поўнасцю і добрасумленна свае міжнародныя абавязацельствы і жыць у міры з іншымі дзяржавамі.

 

У адпаведнасці з пунктам 3 часткі 1 артыкула 2 Закона адной з умоў атрымання Карты паляка з’яўляецца прадстаўленне асобай даведкі ад польскай або паланійнай арганізацыі, што працуе ў тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь, якая пацвярджае яе актыўны ўдзел у дзейнасці на карысць польскай мовы і культуры або польскай нацыянальнай меншасці на працягу, прынамсі, апошніх трох гадоў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў кантэксце ўказанага артыкула дадзеная норма прадугледжвае выдачу грамадскай арганізацыяй даведкі іменна для мэты атрымання Карты паляка.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пункце 3 часткі 1 артыкула 2 Закона ўстаноўлена правамоцтва грамадскіх аб’яднанняў, якія зарэгістраваны і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выдаваць грамадзянам Рэспублікі Беларусь дакумент, што мае юрыдычнае значэнне для атрымання Карты паляка ў консульскіх установах Рэспублікі Польшча ў адпаведнасці з адміністрацыйнымі працэдурамі, урэгуляванымі заканадаўствам Рэспублікі Польшча. Прамое ўскладанне дзяржаўным органам Рэспублікі Польшча правамоцтваў на суб’ектаў права, у тым ліку на грамадскія аб’яднанні, якія зарэгістраваны і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з яе заканадаўствам, прадугледжана таксама часткай 4 артыкула 13 Закона, згодна з якой Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Польшча аб’яўляе ва ўрадавым весніку Рэспублікі Польшча «Манітор польскі» (Dzennik Urzęndowy Rzeczypospolitej Polskiej «Monitor Polski») пералік польскіх і паланійных арганізацый, упаўнаважаных выдаваць указаныя вышэй даведкі.

 

Прыведзеныя нормы Закона сведчаць аб распаўсюджванні яго палажэнняў не толькі на суб’ектаў права, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь, але і на яе тэрыторыю, паколькі ўказаныя суб’екты ўпаўнаважваюцца ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у мэтах забеспячэння юрыдычных працэдур, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Польшча.

 

У адным з вывадаў, змешчаных ў дакладзе Венецыянскай камісіі, падкрэсліваецца, што ніякая квазіафіцыйная функцыя не можа быць замацавана дзяржавай у адносінах да няўрадавых грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных у іншай дзяржаве. Любая форма пасведчання на месцы павінна быць атрымана праз консульскія ўлады ў рамках іх паўнамоцтваў, атрыманых у звычайным парадку.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы, якія змяшчаюцца ў пункце 3 часткі 1 артыкула 2 і частцы 4 артыкула 13 Закона, не адпавядаюць такім агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, як прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцып неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы.

 

4. Згодна з часткай 2 артыкула 12 Закона органам, упаўнаважаным выдаваць Карту паляка, з’яўляецца консул Рэспублікі Польшча ў адпаведнасці з месцам жыхарства заяўніка. У частцы 6 артыкула 13 Закона ўстаноўлена, што ў адносінах да заяўніка, які мае асобыя заслугі перад Польшчай, консул можа прыняць рашэнне аб выдачы Карты паляка без абавязковага прадстаўлення дакументаў, указаных у частцы 3 артыкула 13 дадзенага Закона. У частках 1 і 4 артыкула 18 Закона прадугледжана, што асобе, якой можа быць выдадзена Карта паляка, адпаведны дакумент уручае консул або ўпаўнаважаная ім асоба; у выпадку страты або знішчэння Карты паляка консул па заяве ўладальніка Карты выдае яе дублікат. У Законе вызначаны таксама падставы для прыняцця рашэння консула аб адмове ў выдачы Карты паляка або яе ануляванні (артыкулы 19 і 20).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што асноўным міжнародным прававым актам, які рэгулюе грамадскія адносіны, што датычацца выканання консульскіх функцый, з’яўляецца Венская канвенцыя. Пералік консульскіх функцый, замацаваны ў артыкуле 5 дадзенай Канвенцыі, не носіць вычарпальнага характару, і ў адпаведнасці з пунктам «m» гэтага артыкула на консульскую ўстанову прадстаўляемай дзяржавай можа быць ускладзена выкананне іншых функцый, якія не забаронены законамі і правіламі дзяржавы знаходжання або супраць выканання якіх дзяржава знаходжання не мае пярэчанняў альбо якія прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі, дзеючымі паміж прадстаўляемай дзяржавай і дзяржавай знаходжання.

 

У Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 2 сакавіка 1992 года канкрэтызаваны консульскія функцыі на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў, у прыватнасці прадугледжана, што консульская службовая асоба мае права выдаваць візы, дакументы, якія даюць права на ўезд у прадстаўляемую дзяржаву, а таксама выдаваць, аднаўляць, пагашаць пашпарты грамадзян прадстаўляемай дзяржавы (артыкул 29). Ва ўказанай Консульскай канвенцыі пацверджаны палажэнні Венскай канвенцыі аб тым, што консульская службовая асоба мае права выконваць іншыя афіцыйныя консульскія абавязкі, акрамя вызначаных дадзенай Канвенцыяй, калі яны не супярэчаць заканадаўству дзяржавы знаходжання або калі дзяржава знаходжання не пярэчыць супраць гэтага (пункт 1 артыкула 26).

 

З аналізу паўнамоцтваў консульскай службовай асобы ў адпаведнасці з Консульскай канвенцыяй паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча вынікае, што права гэтай службовай асобы на прыняцце рашэнняў наконт выдачы (адмовы ў выдачы, анулявання) Карты паляка ў дадзенай Канвенцыі не прадугледжана. Іншыя двухбаковыя міжнародныя дагаворы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча, якія ўстанаўліваюць функцыі консульскіх службовых асоб Рэспублікі Польшча па выдачы Карты паляка, не заключаны.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што з боку Рэспублікі Беларусь – дзяржавы знаходжання консульскай службовай асобы Рэспублікі Польшча ў поўнай адпаведнасці з вышэйназванымі міжнароднымі пагадненнямі польскаму боку былі накіраваны прапановы, якія сведчаць аб наяўнасці пярэчанняў Рэспублікі Беларусь супраць прымянення Закона ў адносінах да грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта, у прыватнасці, праект Мемарандума па выніках кансультацый паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча адносна Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка», перададзены Рэспубліцы Польшча ў маі 2008 г., прапановы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь аб увядзенні мараторыя на прымяненне Закона ў адносінах да грамадзян Беларусі. Тым самым выдача на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь консулам Рэспублікі Польшча якіх-небудзь дакументаў, што прадастаўляюць асобным грамадзянам Беларусі правы на прывілеі і льготы, Рэспублікай Беларусь належным чынам не санкцыяніравана.

 

Акрамя таго, надзяленне Законам консула Рэспублікі Польшча паўнамоцтвамі па вырашэнню ў Рэспубліцы Беларусь пытанняў, звязаных з Картай паляка, неабходна разглядаць як не адпавяднае Дагавору аб добрасуседстве, які прадугледжвае правядзенне палітыкі двухбаковага супрацоўніцтва.

 

Такім чынам, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рэалізацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь норм артыкулаў 12, 13 і 18 Закона аб прыняцці рашэння і выдачы Карты паляка консулам Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не адпавядае палажэнням артыкулаў 5 і 73 Венскай канвенцыі, артыкулаў 26 і 29 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча.

 

З улікам агульнапрызнанага прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржава карыстаецца поўным суверэнітэтам, або юрысдыкцыяй, у межах сваёй тэрыторыі. Ніякая іншая дзяржава не можа ажыццяўляць юрысдыкцыю на тэрыторыі дзяржавы без яе згоды.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь лічыць, што Закон Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» закранае інтарэсы Рэспублікі Беларусь і яго асобныя нормы не адпавядаюць некаторым агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, а іменна:

 

нормы пункта 3 часткі 1 артыкула 2 і часткі 4 артыкула 13 Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» ў частцы ўстанаўлення правамоцтваў пэўных грамадскіх аб’яднанняў, якія зарэгістраваны і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на вырашэнне пытанняў, звязаных з выдачай Карты паляка, як нормы, што сведчаць аб распаўсюджванні дзеяння дадзеных норм на суб’ектаў права, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй беларускай дзяржавы, і на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы, прадугледжаным у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, што датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адобранай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 24 кастрычніка 1970 года № 2625 (XXV), і іншых асноватворных міжнародных прававых актах;

 

нормы часткі 2 артыкула 12, частак 5 і 6 артыкула 13, частак 1 і 4 артыкула 18 Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка», якія датычацца пытанняў выдачы Карты паляка грамадзянам Рэспублікі Беларусь консулам Рэспублікі Польшча, які ажыццяўляе консульскія функцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не адпавядаюць палажэнням артыкулаў 5 і 73 Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах ад 24 красавіка 1963 года, артыкулаў 26 і 29 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 2 сакавіка 1992 года, паколькі іх рэалізацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прыводзіць да парушэння ўказаных артыкулаў гэтых канвенцый, што прадугледжваюць неабходнасць адсутнасці пярэчанняў Рэспублікі Беларусь на выкананне консульскай службовай асобай Рэспублікі Польшча функцый, не ўстаноўленых у дадзеных канвенцыях, а таксама палажэнням Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года аб выстройванні адносін паміж дзяржавамі ў духу ўзаемнай павагі, добрасуседства і партнёрства;

 

нормы артыкула 5, пунктаў 1 і 2 часткі 1 артыкула 6 Закона Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка» ў частцы прадастаўлення  грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія маюць Карту паляка, ільготнага візавага рэжыму і прывілей у галіне працаўладкавання як не адпаведныя заяўленым ва ўказаным Законе мэтам і ўстаноўленыя ў аднабаковым парадку, без узгаднення з Рэспублікай Беларусь, не адпавядаюць палажэнням артыкула 15 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян, заключанага шляхам абмену нотамі 20 снежня 2007 года, а таксама артыкула 2 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемным працаўладкаванні грамадзян ад 27 верасня 1995 года як парушаючыя агульнапрызнаны прынцып добрасумленнага выканання дзяржавамі абавязацельстваў, прадугледжаны ў Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адобранай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 24 кастрычніка 1970 года № 2625 (XXV), і ў артыкулах 26 і 31 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь звяртае ўвагу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на магчымасць з мэтай абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь уліку выкладзенай у гэтым рашэнні пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь пры ўдасканальванні норм законаў «О государственной службе в Республике Беларусь», «Об общественных объединениях», «О гражданстве Республики Беларусь», а таксама пры заканадаўчым рэгуляванні адпаведных адносін, якія датычацца беларускіх суайчыннікаў за мяжой.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч