Навіны
У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П.

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П., прысвечаная прыняццю Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2010 годзе».

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь спыніўся на змесце Паслання. Пры гэтым былі адзначаны наступныя моманты.

У мінулым годзе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь прайшоў шэраг дзяржаўна-палітычных мерапрыемстваў. Найбольш важнымі былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чацвёрты Усебеларускi народны сход, якi ўяўляе канстытуцыйную форму непасрэднага ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, і выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускі народ выказаў сваё суверэннае волевыяўленне. Правядзенне выбараў у адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі і заснаваным на іх выбарчым заканадаўстве забяспечыла іх свабодны і дэмакратычны характар.

Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, заклiканага ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, усталяванне канстытуцыйнай законнасці ў норматворчасцi і правапрымяненні.

Канстытуцыйны Суд прымаў рашэнні, у якіх фармуляваў прававыя пазіцыі праз прызму такіх канстытуцыйных каштоўнасцей, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, правы і свабоды чалавека, вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, канстытуцыйная эканоміка.

У парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 129 законаў, у тым ліку 80 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. У іх ліку – Кодэкс аб адукацыі, законы, якія рэгулююць праваадносіны ў сферы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, аказання псіхалагічнай дапамогі, дзяржаўных сакрэтаў, донарства крыві і яе кампанентаў, найменняў геаграфічных аб'ектаў, аднаўляемых крыніц энергіі, знешняй працоўнай міграцыі, фінансаў і падаткаў і інш.

Усе законы, разгледжаныя ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю, прызнана адпаведнымі Канстытуцыі.

Пры гэтым у рашэннях сфармулявана больш за 50 прававых пазіцый, якія канстатуюць замацаванне ў законах механізмаў рэалізацыі адпаведных канстытуцыйных норм і прынцыпаў, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Адзначана, што абмежаванні правоў і свабод, якія ўстанаўліваюцца на заканадаўчым узроўні, адпавядаюць агульнаправавому прынцыпу прапарцыянальнасці, забяспечваюць баланс дзяржаўных, грамадскіх і асабістых інтарэсаў, суразмерныя каштоўнасцям і мэтам, што абараняюцца Канстытуцыяй.

Для захавання прынцыпу прававой пэўнасці ў заканадаўстве звярталася ўвага заканадаўца на недапушчэнне нявызначанасці, недакладнасці, няяснасці зместу асобных норм законаў, удакладняўся канстытуцыйна-прававы сэнс законаў з мэтай выключэння скажэнняў пры iх правапрымяненні.

Прававыя пазіцыі, сфармуляваныя ў рашэннях, накіраваны на папярэджанне парушэнняў канстытуцыйнай законнасці, выключэнне магчымых негатыўных вынiкаў дзеяння неканстытуцыйных норм законаў, дасягненне аднастайнасці правапрымяняльнай практыкі. Гэта дапамагае павышэнню якасці законаў, эфектыўнасці прававога рэгулявання ў цэлым. Такім чынам ствараюцца ўмовы для больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Упаўнаважаныя органы: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў з прапановамі аб праверцы нарматыўных прававых актаў у парадку наступнага кантролю ў Канстытуцыйны Суд не звярталіся. Гэта гаворыць аб высокай ступені ўзгодненнасцi праектаў законаў на стадыі іх падрыхтоўкі ўсімі дзяржаўнымі органамі.

У парадку рэалізацыі права на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя грамадзяне накіравалі ўпаўнаважаным органам 57 ініцыятыўных зваротаў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Аднак прававых падстаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці ўпамянутых у зваротах нарматыўных прававых актаў упаўнаважаныя органы не выявілі.

На падставе зваротаў у Канстытуцыйны Суд дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і грамадзян прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ўстараненне прабелаў у заканадаўстве.

На рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і вынiкаючага з яго прынцыпу прававой дакладнасці накіравана рашэнне ад 15 снежня 2010 г. «Аб дзеянні нарматыўнага прававога акта ў часе пры спыненні дэлегаваных паўнамоцтваў на яго прыняцце (выданне)». Гэтым рашэннем прызнана неабходным у мэтах ўстаранення прабелу ў заканадаўстве ў частцы дзеяння норм права ў часу рэгламентаваць на заканадаўчым узроўні пытанні, звязаныя з устанаўленнем парадку і тэрмінаў прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) у парадку дэлегавання паўнамоцтваў на іх прыняцце (выданне), у сувязі са спыненнем дэлегаваных паўнамоцтваў дзяржаўнага органа на прыняцце (выданне) акта. Савету Міністраў прапанавана распрацаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку адпаведны праект закона.

Усяго у Канстытуцыйны Суд у 2010 годзе паступіў 1181 зварот, у тым ліку 1138 зваротаў грамадзян і 43 звароты арганізацый. 89 % з гэтых зваротаў датычацца пытанняў правапрымянення. Каля 6% зваротаў змяшчаюць пытанні аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Каля 3% – пытанні тлумачэння нарматыўных прававых актаў, унясення ва ўказаныя акты змяненняў і дапаўненняў.

У 2010 годзе было выканана 6 рашэнняў па змяненню і дапаўненню заканадаўства, іншыя знаходзяцца ў стадыі выканання.

У ліку выкананых – рашэнне ад 15 чэрвеня 2007 г. «Аб праве фізічных асоб на юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйным працэсе». У ім указвалася, што нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадастаўляюць розны аб'ём правоў па аказанню юрыдычнай дапамогі ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу. Прапановы рэалізаваны, і цяпер па хадайніцтву фізічнай асобы, у дачыненні якога вядзецца адміністрацыйны працэс, у якасці абаронцы па пастанове органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, можа быць дапушчаны адзін з яго блізкіх сваякоў або законных прадстаўнікоў.

Дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь паслядоўна рэалізуюць у нарматыўных прававых актах змешчаныя ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда прававыя пазіцыі і прапановы па ўстараненню прабелаў у прававым рэгуляванні, выключэнню калізій і прававой нявызначанасці.

Па выніках праверкі канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу ўстаноўлена, што ў іх знайшлі развіццё нормы і прынцыпы Канстытуцыі аб прадастаўленні ўсім роўных правоў у мэтах ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантый роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, на падставе канстытуцыйных палажэнняў у Рэспубліцы Беларусь ствараюцца ўмовы і механізмы фарміравання канстытуцыйнай эканомікі як найважнейшай састаўляючай пабудовы сацыяльнай дзяржавы.

На стан канстытуцыйнай законнасці аказваюць уплыў як якасць заканадаўства, законнасць і справядлівасць правапрымянення, так і стан канстытуцыйнай культуры ў цэлым у грамадстве і дзяржаве. Заснаваная на Канстытуцыі правасвядомасць, якая адлюстроўвае погляды і ўяўленні адносна канстытуцыйных каштоўнасцей, садзейнiчае забеспячэнню балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што правы і свабоды чалавека і грамадзяніна як найвышэйшая каштоўнасць павінны вызначаць змест законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, падмацоўвацца эфектыўным механізмам іх рэалізацыі. Прыняцце дзяржавай усіх даступных мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей забяспечваюць грамадзянскую згоду, непахіснасць устояў народаўладдзя і канстытуцыйнага ладу.

У другой частцы прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адказаў на пытанні журналістаў.