Навіны
Прынята Пасланне Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2010 годзе»

 

25 студзеня 2011 г. прынята Пасланне Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2010 годзе».

У 2010 годзе дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, заклiканага ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, усталявання канстытуцыйнай законнасці ў норматворчасцi і правапрымяненні.

У парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў разгледжана 129 законаў, у тым ліку 80 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, перад падпісаннем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Усе законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.

Пры гэтым у рашэннях Канстытуцыйны Суд сфармуляваў больш за 50 прававых пазіцый, у якіх канстатаваў замацаванне ў прымаемых ў Рэспубліцы Беларусь законах механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Канстытуцыйным Судом адзначалася, што абмежаванні правоў і свабод, якія ўстанаўліваюцца на заканадаўчым узроўні, абумоўлены неабходнасцю абароны канстытуцыйна значных каштоўнасцей, адпавядаюць агульнаправавому прынцыпу прапарцыянальнасці, забяспечваюць баланс дзяржаўных, грамадскіх і асабістых інтарэсаў.

У мэтах захавання прынцыпу прававой пэўнасці ў заканадаўстве Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на нявызначанасць, недакладнасць, няяснасць зместу асобных норм законаў.

Для забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў Канстытуцыйным Судом прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ўстараненнепрабелаў заканадаўства.

Па выніках праверкі канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што ў законах, якія правяраюцца знайшлі развіццё нормы і прынцыпы Канстытуцыі аб прадастаўленні ўсім роўных правоў у мэтах ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантый роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, на падставе канстытуцыйных палажэнняў у Рэспубліцы Беларусь ствараюцца ўмовы і механізмы фарміравання канстытуцыйнай эканомікі як найважнейшай састаўляючай пабудовы сацыяльнай дзяржавы.

На стан канстытуцыйнай законнасці аказваюць уплыў як якасць заканадаўства, законнасць і справядлівасць правапрымянення, так і стан канстытуцыйнай культуры ў цэлым у грамадстве і дзяржаве. Заснаваная на Канстытуцыі правасвядомасць, якая адлюстроўвае погляды і ўяўленні адносна канстытуцыйных каштоўнасцей, садзейнiчае забеспячэнню балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што правы і свабоды чалавека і грамадзяніна як найвышэйшая каштоўнасць павінны вызначаць змест законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, падмацоўвацца эфектыўным механізмам іх рэалізацыі. Прыняцце дзяржавай усіх даступных мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей забяспечваюць грамадзянскую згоду, непахіснасць устояў народаўладдзя і канстытуцыйнага ладу.