Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
21 снежня 2010 г. № Р-526/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внешней трудовой миграции»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внешней трудовой миграции».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внешней трудовой миграции» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

1. Закон Рэспублікі Беларусь «О внешней трудовой миграции» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 снежня 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 10 снежня 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання адносін у галіне знешняй працоўнай міграцыі, звязанай з працаўладкаваннем за межамі Рэспублікі Беларусь па працоўных дагаворах з замежнымі наймальнікамі грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, а таксама з працаўладкаваннем і ажыццяўленнем працоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь па працоўных дагаворах з наймальнікамі Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не маюць дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

 

У Законе замацоўваюцца патрабаванні, што датычацца ажыццяўлення юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян і іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама патрабаванні да дагавора аб садзейнічанні ў працаўладкаванні, дагавора аб працаўладкаванні, працоўнага дагавора, што заключаецца працуючым-эмігрантам і замежным наймальнікам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца асаблівасці працаўладкавання за межамі Рэспублікі Беларусь па студэнцкіх праграмах. Нормамі Закона рэгламентуюцца таксама пытанні працаўладкавання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземцаў, якія не маюць дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, і ажыццяўлення працоўнай дзейнасці працуючымі-імігрантамі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

2. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

У Рэспубліцы Беларусь чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі зяўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2 Канстытуцыі). Згодна з часткай першай артыкула 41 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека. Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы (частка першая артыкула 42 Канстытуцыі).

 

У адпаведнасці з артыкулам 10 Канстытуцыі грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуюцца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі.

 

Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі). У сілу патрабаванняў артыкула 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

Аналіз палажэнняў Закона ў цэлым з пазіцыі іх канстытуцыйнасці сведчыць аб тым, што канстытуцыйныя прынцыпы і нормы знаходзяць развіццё як у канкрэтызацыі асноўных напрамкаў заканадаўчага рэгулявання адносін у галіне знешняй працоўнай міграцыі, так і ва ўдасканальванні механізмаў рэалізацыі заканадаўчых норм. У выніку гэтага забяспечваецца стварэнне ўмоў для абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, у той або іншай якасці ўцягнутых у адносіны, якія складваюцца ў галіне знешняй працоўнай міграцыі, больш паслядоўнага і дзейснага кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ва ўказанай галіне.

 

Так, замацоўваемыя ў артыкуле 4 Закона асноўныя прынцыпы ажыццяўлення знешняй працоўнай міграцыі, што закліканы вызначаць змястоўную накіраванасць норм Закона, грунтуюцца не толькі на палажэннях Канстытуцыі, але і адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам, якія змяшчаюцца ў Статуце ААН, міжнародна-прававых актах у галіне правоў чалавека, аб неабходнасці заахвочвання і развіцця павагі да правоў чалавека і асноўных свабод. У норме ўказанага артыкула Закона, якая датычыцца прынцыпу недапушчальнасці дыскрымінацыі працоўных-эмігрантаў і працоўных-імігрантаў, рэалізавана і пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 17 ліпеня 2009 г. «Аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян у сферы працы», аб неабходнасці замацавання на заканадаўчым узроўні недапушчальнасці дыскрымінацыі ў залежнасці ад узросту, месца жыхарства, а таксама ўстанаўлення адкрытага пераліку дыскрымінацыйных акалічнасцей, што з'яўляецца дадатковай гарантыяй рэалізацыі грамадзянамі свайго права на працу.

 

3. У артыкулах 610 Закона рэгламентуюцца пытанні дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне знешняй працоўнай міграцыі, вызначаюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь ва ўказанай галіне. Канстытуцыйны Суд лічыць, што паўнамоцтвы дадзеных органаў, якія вызначаюцца ў Законе, грунтуюцца на палажэннях артыкулаў 79, 84, 107 Канстытуцыі, прынцыпе вяршэнства права, устаноўленым у артыкуле 7 Канстытуцыі.

 

4. У артыкуле 14 Закона замацоўваецца права працоўных-эмігрантаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі або асобамі без грамадзянства, пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, на абарону і заступніцтва з боку Рэспублікі Беларусь у дзяржаве працаўладкавання, а таксама вызначаюцца абавязкі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь па абароне працоўных-эмігрантаў.

 

Указаныя нормы Закона грунтуюцца на палажэннях як артыкулаў 10 і 11 Канстытуцыі, так і міжнародна-прававых актаў. Напрыклад, згодна з артыкулам 2 Дэкларацыі аб правах чалавека ў адносінах да асоб, якія не з'яўляюцца грамадзянамі краіны, у якой яны пражываюць, прынятай рэзалюцыяй 40/144 Генеральнай Асамблеі ААН ад 13 снежня 1985 года, законы і правілы, што прымаюцца дзяржавай у адносінах да іншаземцаў, павінны быць сумяшчальнымі з міжнародна-прававымі абавязацельствамі, узятымі на сябе гэтай дзяржавай, уключаючы абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.

 

5. У артыкуле 23 Закона, які вызначае ўмовы ажыццяўлення працоўнымі-імігрантамі працоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, устаноўлена, што ажыццяўленне такой дзейнасці дапускаецца, калі займанне свабодных рабочых месцаў (вакансій) не можа быць забяспечана грамадзянамі і іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць ў Рэспубліцы Беларусь. Тым самым у Законе замацоўваецца прыярытэтнасць права грамадзян і іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, на займанне свабодных рабочых месцаў (вакансій).

 

Ацэньваючы ўказанае заканадаўчае палажэнне, Канстытуцыйны Суд зыходзіць перш за ўсё з прадпісанняў артыкула 11 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі. Згодна з артыкулам 4 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах дзяржавы, якія удзельнічаюць ў дадзеным Пакце, прызнаюць, што ў адносінах да карыстання тымі правамі, якія тая або іншая дзяржава забяспечвае ў адпаведнасці з названым Пактам, дзяржава можа ўстанавіць толькі такія абмежаванні правоў, якія вызначаюцца законам, і толькі пастолькі, паколькі гэта сумяшчальна з прыродай указаных правоў, і выключна з мэтай садзейнічаць агульнаму дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве. Такім чынам, вызначэнне прыярытэтнасці правоў грамадзян і іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, на займанне свабодных рабочых месцаў (вакансій) грунтуецца на палажэннях як Канстытуцыі, так і міжнародна-прававых актаў.

 

У сілу артыкула 2 Дэкларацыі аб правах чалавека ў адносінах да асоб, якія не зяўляюцца грамадзянамі краіны, у якой яны пражываюць, ніводнае палажэнне гэтай Дэкларацыі не павінна тлумачыцца як права, што абмяжоўвае права любой дзяржавы прымаць законы і правілы, якія датычацца ўезду іншаземцаў і ўмоў іх знаходжання, або ўстанаўліваць адрозненні паміж яго грамадзянамі і іншаземцамі. А ў артыкуле 8 дадзенай Дэкларацыі, што датычыцца рэалізацыі іншаземцамі права на ўмовы працы, суб’ектамі ўказанага права прызнаюцца іншаземцы, якія пражываюць на законнай падставе і карыстаюцца сваім правам на працу ў адпаведнасці з нацыянальнымі законамі.

Прынцып ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы працаўладкавання замацаваны і ў заключаным у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў Пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны працоўных-мігрантаў ад 15 красавіка 1994 года, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

 

У сувязі з выкладзеным зяўляецца таксама абгрунтаванай магчымасць, што замацоўваецца Законам, устанаўлення квот на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь іншаземцаў, якія не маюць дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці на яе тэрыторыі (артыкул 24 Закона), рэалізацыя якой абумоўліваецца дзяржаўнымі інтарэсамі, сітуацыяй на рынку працы Рэспублікі Беларусь і прыярытэтнасцю права грамадзян і іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, на займанне свабодных рабочых месцаў (вакансій).

 

6. Згодна з артыкулам 25 Закона працоўныя-імігранты не маюць права займаць пасады, займанне якіх у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь звязана з прыналежнасцю да грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Указанае абмежаванне грунтуецца на канстытуцыйных нормах, якія прадугледжваюць магчымасць рэалізацыі пэўных правоў у залежнасці ад наяўнасці грамадзянства Рэспублікі Беларусь (артыкулы 38, 39, 80 Канстытуцыі), а таксама нормах канкрэтных заканадаўчых актаў, што развіваюць палажэнні Канстытуцыі, у прыватнасці Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (артыкулы 91, 94), Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (артыкулы 4, 57), законаў Рэспублікі Беларусь «О государственной службе в Республике Беларусь» (артыкул 5), «О Комитете государственного контроля Республики Беларусь и его территориальных органах» (артыкул 19), «О воинской обязанности и воинской службе» (артыкул 4) і інш.

 

7. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наяўнасць у Законе норм, якія могуць пацягнуць пэўныя складанасці, звязаныя з іх аднолькавым разуменнем і прымяненнем на практыцы.

 

Так, замацоўваючы ў артыкуле 36 Закона правы і абавязкі наймальніка Рэспублікі Беларусь, заканадавец прадугледзеў права наймальніка на ўключэнне ў працоўны дагавор, які заключаецца з працоўным-імігрантам, акрамя звестак і ўмоў, што прадугледжваюцца часткай першай артыкула 32 Закона, таксама дадатковых звестак і ўмоў у выпадку заключэння працоўнага дагавора на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым у прыведзенай норме заканадавец не вызначае крытэрыі, якія дазволілі б ацаніць дадатковыя звесткі і ўмовы з пазіцый іх законнасці і магчымасці ўключэння ў працоўны дагавор. Тым не менш, гэта не азначае, што вырашэнне дадзенага пытання фактычна аддаецца на меркаванне наймальніка.

 

З улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу ўказанай нормы Закона ў яе ўзаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці з іншымі заканадаўчымі палажэннямі Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права павінна забяспечвацца не толькі ў норматворчасці, але і ў правапрымяненні. Дзяржаўныя і іншыя арганізацыі, службовыя асобы і грамадзяне абавязаны выконваць патрабаванні Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. У артыкуле 4 Закона вызначаюцца асноўныя прынцыпы ажыццяўлення знешняй працоўнай міграцыі, у тым ліку прынцып недапушчальнасці найму працоўных-імігрантаў на ўмовах, што зневажаюць іх чалавечую годнасць, наносяць шкоду іх здароўю, недапушчальнасці дыскрымінацыі працоўных-імігрантаў у залежнасці ад пералічаных у гэтым артыкуле і іншых акалічнасцей, якія не звязаны з дзелавымі якасцямі і не абумоўлены спецыфікай працоўных функцый або статусу работніка. Тым самым заканадаўцам устанаўліваюцца крытэрыі, якімі павінен кіравацца наймальнік пры ўключэнні ў працоўны дагавор дадатковых звестак і ўмоў. Рэалізацыя прынцыпаў ажыццяўлення знешняй працоўнай міграцыі, што замацоўваюцца ў Законе, дазволіць, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выключыць неабгрунтаванае бачанне правапрымяняльнікаў пры прымяненні норм Закона, забяспечыць выкананне яго патрабаванняў у строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй і палажэннямі міжнародна-прававых актаў.

 

8. У заключных палажэннях Закона змяшчаюцца нормы, у адпаведнасці з якімі ўносяцца змяненні і дапаўненні ў некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь, а таксама прызнаюцца страціўшымі сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1998 года «О внешней трудовой миграции» і асобныя палажэнні іншых законаў.

 

Указаны заканадаўчы падыход у частцы вызначэння нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу, змяненню і (або) дапаўненню ў сувязі з прыняццем новага нарматыўнага прававога акта, адпавядае патрабаванням артыкула 59 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь». Канстытуцыйны Суд лічыць, што адначасовая падрыхтоўка і замацаванне такіх пералікаў у заключных палажэннях новага акта адпавядае ўстаноўленаму ў артыкуле 7 дадзенага Закона прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку яго прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внешней трудовой миграции» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                  
                                                     П.П.Міклашэвіч