Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 лістапада 2010 г. № Р-522/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Марыскіна А.У., суддзяў Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да разглядаемага пытання, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 лістапада 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 лістапада 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон з’яўляецца актам аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі (далей – Пагадненне), якое падпісана ў г. Парыжы 20 студзеня 2010 года ў мэтах паглыблення і пашырэння рамак супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама вызначэння прынцыпаў і правілаў супрацоўніцтва.

 

Бакі гэтага Пагаднення, пацвярджаючы сваю гатоўнасць да ўстанаўлення дружалюбных двухбаковых адносін, заснаваных на ўзаемнай павазе, раўнапраўі, даверы і захаванні ўзаемных інтарэсаў, дамовіліся згодна з артыкулам 1 Пагаднення ўмацоўваць і пашыраць супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама падрыхтоўкі кадраў з мэтай садзейнічання больш глыбокаму разуменню гісторыі і культуры краін-партнёраў.

 

У артыкуле 14 Пагаднення прадугледжана, што для ўступлення гэтага міжнароднага дагавора ў сілу неабходна яго ратыфікацыя.

 

Згодна з абзацам другім артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» ратыфікацыі падлягаюць міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы, у якіх прадугледжана ратыфікацыя ў якасці адзінага спосабу выражэння згоды на абавязковасць міжнароднага дагавора. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 20 гэтага Закона Пагадненне падлягае ратыфікацыі Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у форме закона. У сувязі з гэтым выбар віду нарматыўнага прававога акта для мэты ратыфікацыі Пагаднення з’яўляецца абгрунтаваным.

 

Па свайму зместу Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

 

Парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі. Суб’екты заканадаўчага працэсу пры прыняцці Закона дзейнічалі ў межах кампетэнцыі, замацаванай артыкуламі 97–99 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта, парадку яго прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі пры прыняцці акта Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
намеснік Старшыні

Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         А.У.Марыскін