Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
17 лістапада 2010 г. № Р-514/2010
Аб заканадаўчым рэгуляванні адказнасці арандатараў зямельных участкаў (плацельшчыкаў арэнднай платы)

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Маскаленкі Л.Дз., суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь – Міхнюк А.М., суддзі Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Шостака Р.А., начальніка аддзела па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства ўпраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь – Сяліцкай Э.А., начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь – Васевіча А.В., намесніка начальніка ўпраўлення падатковай палітыкі – начальніка аддзела падаткаабкладання даходаў галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Волчэк І.А., намесніка начальніка ўпраўлення фінансаў прыродакарыстання, перапрацоўчай прамысловасці і спажывецкай кааперацыі галоўнага ўпраўлення фінансаў аграпрамысловага комплексу Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Станько Т.М., начальніка аддзела фінансаў маёмасных адносін і гандлю галоўнага ўпраўлення фінансаў вытворчай сферы Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Гармаза Н.А., галоўнага юрыста юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь,

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, якія вынікаюць з кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда, разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот адкрытага акцыянернага таварыства «Белтрансгаз» па пытанню адказнасці арандатараў зямельных участкаў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, за неналежнае выкананне абавязкаў па выплаце плацяжоў за карыстанне гэтымі зямельнымі ўчасткамі.

 

У звароце ўказана, што падатковыя органы для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці арандатараў, якія дапусцілі нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, прымяняюць частку 1 артыкула 13.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КабАП). Разам з тым згодна з указанай нормай адміністрацыйная адказнасць можа наступаць толькі за нявыплату або няпоўную выплату плацельшчыкам, іншай абавязанай асобай сумы падатку, збору (пошліны). Аднак арэндная плата не аднесена ні да аднаго з устаноўленых Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь відаў падаткаў, збораў (пошлін). У звароце таксама адзначана, што ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 4.8 КабАП юрыдычная асоба можа несці адказнасць толькі за адміністрацыйныя правапарушэнні, прама прадугледжаныя артыкуламі Асаблівай часткі КабАП.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), КабАП, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год» (далей – Закон аб бюджэце на 2010 год), Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 101 «Аб спагнанні арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці» (далей – Указ № 101), іншых нарматыўных прававых актаў і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь  устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з часткай пятай артыкула 13 Канстытуцыі дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.

 

Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы (артыкул 59 Канстытуцыі).

 

Згодна з пунктам 2 артыкула 31 Закона аб бюджэце на 2010 год плацельшчыкі арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, арэндадаўцамі якіх зяўляюцца сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя выканаўчыя і распарадчыя органы, карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі, устаноўленыя для плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін).

 

Падатковыя органы пры ажыццяўленні кантролю за правільным вылічэннем, поўным і своечасовым унясеннем арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, арэндадаўцамі якіх зяўляюцца сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя выканаўчыя і распарадчыя органы, пры прымяненні спосабаў забеспячэння яе выплаты, а таксама выплаты пені, спагнанні гэтай платы і пені карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі, устаноўленыя для ажыццяўлення падатковага кантролю, прымянення спосабаў забеспячэння выканання падатковых абавязацельстваў, спагнання падаткаў, збораў (пошлін) і пені.

 

Нявыплата або няпоўнае пакрыццё плацяжоў за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, арэндадаўцамі якіх зяўляюцца сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя выканаўчыя і распарадчыя органы, парушэнне ўстаноўленага тэрміну прадстаўлення падатковых дэкларацый (разлікаў) па гэтай плаце цягнуць адказнасць, устаноўленую заканадаўствам за нявыплату, няпоўную выплату падаткаў, збораў (пошлін), парушэнне ўстаноўленага тэрміну прадстаўлення ў падатковы орган падатковай дэкларацыі (разліку).

 

З 1 студзеня 2010 г. парадак спагнання арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, рэгулюецца Указам № 101. Устаноўлена, што кантроль за выкананнем парадку вылічэння і выплаты арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, ажыццяўляецца падатковымі органамі, мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і адміністрацыямі свабодных эканамічных зон у адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Згодна з падпунктам 1.17 пункта 1 Указа № 101 плацельшчыкі арэнднай платы за зямельныя ўчасткі карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі, устаноўленыя для плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін). Падатковыя органы пры ажыццяўленні кантролю за правільным вылічэннем, поўнай і своечасовай выплатай арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, прымяненні спосабаў забеспячэння яе выплаты, а таксама выплаты пені, спагнанні гэтай платы і пені карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі, устаноўленыя для ажыццяўлення падатковага кантролю, прымянення спосабаў забеспячэння выканання падатковых абавязацельстваў, спагнання падаткаў, збораў (пошлін) і пені. Нявыплата або няпоўная выплата арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы дадзенай платы цягнуць адказнасць, устаноўленую заканадаўствам за нявыплату, няпоўную выплату падаткаў, збораў (пошлін), парушэнне устаноўленага тэрміну ўнясення ў падатковы орган падатковай дэкларацыі (разліку).

 

Такім чынам, Законам аб бюджэце на 2010 год і Указам № 101 устаноўлена проціпраўнасць дзеяння, якая заключаецца ў нявыплаце або няпоўнай выплаце арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнні тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы разліку сумы арэнднай платы за гэтыя ўчасткі, якая цягне прадугледжаную заканадаўствам адказнасць аднолькавага ўзроўню, як за нявыплату, няпоўную выплату падаткаў, збораў (пошлін), парушэнне устаноўленага тэрміну ўнясення ў падатковы орган падатковай дэкларацыі (разліку).

 

2. Ажыццяўляючы прававое рэгуляванне ў сферы адміністрацыйнай адказнасці, заканадавец у КабАП вызначыў, якія дзеянні зяўляюцца адміністрацыйнымі правапарушэннямі, а таксама падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасці, прадугледзеў адміністрацыйныя спагнанні, якія могуць быць прыменены да фізічных асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама да юрыдычных асоб, якія прызнаны вінаватымі і падлягаючымі адміністрацыйнай  адказнасці ў адпаведнасці з КабАП (частка 1 артыкула 1.1).

 

Згодна з артыкулам 4.1 КабАП адміністрацыйная адказнасць заключаецца ў прымяненні адміністрацыйнага спагнання да фізічнай асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, а таксама да юрыдычнай асобы, якая прызнана вінаватай і падлягае адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам.

 

Зыходзячы з таго, што нормы, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць плацельшчыкаў, якія дапусцілі нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення разліку сумы арэнднай платы за гэтыя ўчасткі, у КабАП не прадугледжаны, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб наяўнасці прабелу ў заканадаўстве. Для прымянення адміністрацыйнай адказнасці за проціпраўныя дзеянні неабходна зыходзіць з таго, што любое адміністрацыйнае правапарушэнне, таксама як і мера адміністрацыйнай адказнасці за яго ўчыненне, павінна быць вызначана ў КабАП, які згодна з часткай 2 артыкула 1.1 гэтага Кодэкса зяўляецца адзіным законам аб адміністрацыйных правапарушэннях, што дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай другой артыкула 133 Канстытуцыі даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што бюджэт з’яўляецца асноўным планам фарміравання і выкарыстання грашовых сродкаў, што забяспечвае рэалізацыю задач і функцый дзяржавы (артыкул 1 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). За кошт сродкаў бюджэтаў фінансуюцца расходы, звязаныя з агульнадзяржаўнай дзейнасцю, нацыянальнай абаронай, праваахоўнай дзейнасцю, аховай здароўя, адукацыяй, культурай, сацыяльнай палітыкай і інш.

 

Зыходзячы з таго, што непадатковыя даходы разам з падатковымі з'яўляюцца асноўнымі крыніцамі фарміравання даходнай часткі як рэспубліканскага, так і мясцовых бюджэтаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў Законе аб бюджэце на 2010 год і Указе № 101 заканадавец абгрунтавана ўстанавіў проціпраўнасць дзейнасці (або бяздзейнасці) у выглядзе нявыплаты, няпоўнай выплаты арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэння тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы дадзенай платы. Аднак для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці адміністрацыйнае правапарушэнне і меры спагнання за яго павінны быць прадугледжаны ў КабАП, паколькі згодна з часткай 2 артыкула 4.8 КабАП юрыдычная асоба можа несці адказнасць толькі за адміністрацыйныя правапарушэнні, прама прадугледжаныя артыкуламі Асаблівай часткі гэтага Кодэкса.

 

3. Адным са спосабаў забеспячэння кожнаму правоў і свабод зяўляецца магчымасць іх абароны кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60 Канстытуцыі). Судовая абарона правоў і свабод кожнага гарантуецца Канстытуцыяй. У адпаведнасці з артыкулам 22 Канстытуцыі ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць у КабАП палажэнняў аб адказнасці за дзеянні, якія заключаліся ў нявыплаце або няпоўнай выплаце арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнні тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы дадзенай платы, сведчыць аб наяўнасці прабелу заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін. Гэта можа прыводзіць як да парушэння правоў плацельшчыкаў арэнднай платы, так і невыканання плацельшчыкамі абавязку па выплаце арэндных плацяжоў; параджае магчымасць неадназначнага вытлумачэння і, значыць, адвольнага прымянення закона, што супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, з якога вынікае патрабаванне аб дакладнасці, яснасці, недвухсэнсавасці прававых норм і іх узгодненасці ў сістэме дзеючага прававога рэгулявання.

 

Згодна з артыкулам 72 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» пры выяўленні прабелаў нарматворчыя органы (службовыя асобы), якія прынялі (выдалі) нарматыўныя прававыя акты, абавязаны ўнесці ў іх адпаведныя дапаўненні або змяненні, што ўстараняюць прабелы.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устараненне прабелаў у дзеючых нарматыўных прававых актах у частцы ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы дадзенай платы павінна забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам устараніць прабел у заканадаўчым рэгуляванні адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, разліку сумы арэнднай платы.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      П.П.Міклашэвіч