Навіны
Адноўлена прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Еўрапейскай камісіі "За дэмакратыю праз права" Савета Еўропы

16 кастрычніка 2010 г. на 84-м пленарным пасяджэнні Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі) прынята рашэнне аб узгадненні прадстаўніка Рэспублікі Беларусь як асацыіраванага члена Венецыянскай камісіі – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Марыскіна А.У.

Марыскін Аляксандр Уладзіміравіч

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці.

У 1979 годзе закончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У 1982 годзе закончыў аспірантуру па кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1985 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Мае вучонае званне дацэнта.

З 1982 года па 1991 год працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам факультэта правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, загадчыкам кафедры Беларускага інстытута правазнаўства. 

З 1991 года па 1997 год – старшы рэферэнт, загадчык сектара Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, начальнік дзяржаўна-прававога ўпраўлення, у далейшым – галоўнага ўпраўлення прававога забеспячэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Са студзеня 1997 года – суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Аўтар больш як 60 навуковых публiкацый.

Прымаў удзел у распрацоўцы многіх законапраектаў і праектаў iншых нарматыўных прававых актаў.

Мае вышэйшы кваліфікацыйны клас. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

 

Даведачна: 

Створаная ў 1990 годзе Еўрапейская камісія «За дэмакратыю праз права» Савета Еўропы з’яўляецца прызнаным на міжнародным узроўні незалежным кансультатыўным органам. У яе ўваходзяць усе дзяржавы–члены Савета Еўропы, а таксама некаторыя дзяржавы Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. У цяперашнi час Камісія ўключае 57 краін-членаў. 

Рэспубліка Беларусь з 1994 года з’яўляецца асацыіраваным членам Камісіі. Да 2005 года членам Камісіі ад Рэспублікі Беларусь быў доктар юрыдычных навук, прафесар Матусевіч А.У. 

Камісія па просьбе дзяржаў-членаў аналізуе канстытуцыйнае і выбарчае заканадаўства, сістэматызуе найбольш важныя рашэнні органаў канстытуцыйнага правасуддзя, выпрацоўвае рэкамендацыі па ўдасканальванню заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. 

Рэспубліка Беларусь неаднаразова накіроўвала ў Камісію для экспертызы праекты законаў, у тым ліку ў 2003 годзе Закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». 

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь мае шматгадовы вопыт канструктыўнага супрацоўніцтва з Камісіяй як пры дапамозе правядзення сумесных канферэнцый і семінараў, так і ўдзелу ў іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца пад яе эгідай.