27 мая 2010 г. № Р-450/2010
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваннi і статусе суддзяў
у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў
з удзелам прадстаўнікоў:
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Федарцова А.А., першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Гарошкі Ю.І., начальніка аддзела па нагляду за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Нікеля С.Ю., начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Красікава В.С., начальніка штаба Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,
разгледзеў у судовым пасяджэнні пытанне аб парадку рэалізацыі права на абскарджанне ў суд асуджанымі да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, мер спагнання, накладзеных службовымі асобамі адміністрацыі папраўчых устаноў і месц утрымання пад вартай, правамоцнымі прымяняць спагнанні, за парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання і невыкананне ўстаноўленых абавязкаў, а адміністрацыйна арыштаванымі – дысцыплінарных спагнанняў, накладзеных службовымі асобамі спецыяльных устаноў, што выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, за невыкананне ўстаноўленых абавязкаў.
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КВК), Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП), Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 года «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай» і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); правы і свабоды асобы могуць быць абмежаваны толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).
Абмежаванні правоў і свабод грамадзян могуць быць звязаны, у прыватнасці, з прымяненнем па прыгавору суда ўстаноўленых законам пакаранняў, утрыманнем асоб пад вартай, прымяненнем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
2. Асаблівасць пакарання як прымусовай меры крымінальна-прававога ўздзеяння, што прымяняецца па прыгавору суда да асобы, асуджанай за злачынства, заключаецца ў прадугледжаных законам пазбаўленні або абмежаванні правоў і свабод асуджанага. Правы і абавязкі асуджаных, а таксама іх абмежаванне вызначаюцца зыходзячы з парадку і ўмоў выканання і адбывання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці.
Асноўныя абавязкі асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення вызначаны ў артыкуле 9 КВК, Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка
Абавязкі асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і меры спагнання за іх невыкананне (папярэджанне, вымова, змяшчэнне ў карцэр або адзіночную камеру на гаўптвахце) устаноўлены Законам «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай».
Адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту заключаецца ва ўтрыманні фізічнай асобы ва ўмовах ізаляцыі ў месцах, вызначаных органам, што кіруе выкананнем адміністрацыйных спагнанняў, і ўстанаўліваецца на тэрмін да 15 сутак (частка 1 артыкула 6.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Згодна з артыкулам 18.4 ПВКабАП адміністрацыйна арыштаваныя павінны выконваць абавязкі, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб выкананні адміністрацыйных спагнанняў у адносінах да парадку і ўмоў адбывання пакарання, а таксама законныя патрабаванні адміністрацыі спецыяльнай установы, якая выконвае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Акрамя гэтага абавязкі адміністрацыйна арыштаваных вызначаюцца Правіламі ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, зацверджанымі пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня
За невыкананне ўстаноўленых абавязкаў да адміністрацыйна арыштаваных могуць прымяняцца дысцыплінарныя спагнанні, прадугледжаныя ў артыкуле 18.10 ПВКабАП: вымова, пазачарговае дзяжурства па ўборцы памяшканняў і тэрыторыі ўстановы, змяшчэнне ў карцэр або адзіночную камеру на гаўптвахце.
Прымяненне мер спагнання, у прыватнасці да асоб, якія адбываюць пакаранне, можа пацягнуць істотныя прававыя вынікі пры вырашэнні пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні асуджаных ад адбывання пакарання, замене неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем, прымяненні амністыі або памілавання і інш., у сувязі з чым узрастае значэнне найстражэйшага выканання законнасці пры прымяненні да ўказаных асоб мер спагнання.
3. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21).
Артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
Згодна з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ад 10 снежня 1948 года кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці (падпункт «а» пункта 3 артыкула 2), а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункт «b» пункта 3 артыкула 2).
Зыходзячы з дадзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, у спецыяльных законах замацавана права асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення (частка 3 артыкула 61, частка 11 артыкула 113, частка 7 артыкула 173 КВК), асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай (частка пятая артыкула 34 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай»), і адміністрацыйна арыштаваных (частка 6 артыкула 18.11 ПВКабАП) на абскарджанне ў суд прымененых да іх мер спагнання, што з’яўляецца важнай гарантыяй абароны парушаных правоў дадзенай катэгорыі асоб, забеспячэння законнасці пры выкананні крымінальнага пакарання, адміністрацыйнага арышту і ўтрыманні асоб пад вартай.
4. На падставе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ад 2 красавіка
У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2009 годзе» Канстытуцыйны Суд указаў, што выкананне прынцыпу прававой дакладнасці, які вынікае з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі), асабліва важна пры ўстанаўленні юрыдычнай адказнасці, рэгуляванні праваадносін, што датычацца правоў і свабод грамадзян, гарантый іх рэалізацыі, а наяўнасць прабелаў і калізій з прычыны невыканання прынцыпу прававой дакладнасці цягне не толькі неадназначнае разуменне законаў (іх асобных норм), але і іх неправамернае прымяненне, што не спрыяе забеспячэнню належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наяўнасць прабелу ў прававым рэгуляванні парадку разгляду ў судах скарг не толькі асуджаных да пазбаўлення волі, але і асуджаных да арышту, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер спагнання, што не ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на доступ да правасуддзя.
5. Ва ўмовах фактычнага пазбаўлення волі асуджаных, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных паміж імі і прадстаўнікамі адміністрацыі ўстаноў, што выконваюць пакаранне або адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту, а таксама месц утрымання пад вартай існуюць адносіны падпарадкаванасці, устаноўленыя КВК, ПВКабАП і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Так, службовыя асобы папраўчых устаноў і месц утрымання пад вартай, указаныя ў артыкуле 115 КВК і артыкуле 34 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», надзелены правам прымянення да асуджаных мер заахвочвання і спагнання. Аналагічныя паўнамоцтвы па накладанню дысцыплінарных спагнанняў у адносінах да адміністрацыйна арыштаваных маюць прадстаўнікі адміністрацыі спецыяльнай установы, што выконвае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту (артыкул 18.11 ПВКабАП). У сваю чаргу, асуджаныя, асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваныя ў ліку асноўных абавязкаў павінны выконваць законныя патрабаванні адміністрацыі ўстановы (частка 1 артыкула 9 КВК, артыкул 18.4 ПВКабАП), ветліва ставіцца да работнікаў органаў і ўстаноў, што выконваюць пакаранне (частка 2 артыкула 9 КВК).
Такім чынам, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, меры спагнання, што прымяняюцца да асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных за парушэнне ўстаноўленага рэжыму, неабходна разглядаць у якасці мер дысцыплінарнай адказнасці, асаблівасць якой у дадзеным выпадку заключаецца ў тым, што яна вынікае з адміністрацыйна-прававых адносін, што ўзнікаюць паміж асобамі, фактычна пазбаўленымі волі, і ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, якія забяспечваюць рэжым адбывання пакарання, адміністрацыйнага арышту або ўтрымання пад вартай.
6. Парадак вядзення па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, вызначаны ў частцы 29 ГПК. Заканадавец прадугледжвае магчымасць разгляду ў гэтым парадку акрамя катэгорый спраў, указаных у артыкуле 335 ГПК, таксама іншых спраў, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, у выпадках, прадугледжаных законам.
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што, зыходзячы з артыкула 60 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з палажэннямі часткі 3 артыкула 61, часткі 11 артыкула 113, часткі 7 артыкула 173 КВК, часткі пятай артыкула 34 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», часткі 6 артыкула 18.11 ПВКабАП, што прадугледжваюць права асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на судовае абскарджанне накладзеных спагнанняў, главу 29 ГПК неабходна дапоўніць нормамі, што вызначаюць парадак і асаблівасці разгляду ў судах скарг дадзенай катэгорыі асоб з улікам іх прававога палажэння.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону прызнаць неабходным заканадаўча вызначыць парадак і асаблівасці разгляду ў судах скарг асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер дысцыплінарнага спагнання.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч