13–14 мая 2010 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Тэарэтычныя і практычныя аспекты, звязаныя з індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай у еўрапейскай мадэлі канстытуцыйнага правасуддзя», арганізаваная Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь сумесна з Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы).
Мэтай канферэнцыі з’явілася вывучэнне і абмеркаванне вопыту рэалізацыі канстытуцыйнай скаргі ў еўрапейскай мадэлі канстытуцыйнага кантролю, а таксама іншых форм доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, аналіз іх пераваг і недахопаў.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, вядучыя вучоныя ў галіне канстытуцыйнага права, прадстаўнікі грамадзянскага грамадства. Сярод замежных гасцей – намеснік Старшыні Венецыянскай камісіі Савета Еўропы, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Венгерскай Рэспублікі Петэр Пацолай, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Балгарыя, член Венецыянскай камісіі Савета Еўропы Яўгеній Танчаў, суддзя Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі Сяргей Дзмітрыевіч Князеў, суддзя Канстытуцыйнага Суда Украіны Міхаiл Іванавіч Колас.
У сваім дакладзе Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Мiклашэвiч П.П. адзначыў, што, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне грамадзяне не маюць права на падачу прамой канстытуцыйнай скаргі, існуе шэраг механізмаў апасродкаванага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя пры дапамозе прэюдыцыяльных запытаў судоў і праз упаўнаважаных суб’ектаў. Пры гэтым на сучасным этапе асноўнай задачай з’яўляецца ў поўным аб’ёме выпрацаваць і забяспечыць эфектыўную рэалізацыю ўказаных форм звароту грамадзян у Канстытуцыйны Суд.
У дакладзе Петэра Пацолая было падкрэслена, што магчымасць звароту грамадзян у органы канстытуцыйнага кантролю з’яўляецца адным з паказчыкаў развіцця дэмакратыі ў дзяржаве. Аднак далёка не ўсе краіны Еўропы ў сваім заканадаўстве дапускаюць магчымасць прамой канстытуцыйнай скаргі, выкарыстоўваюць іншыя наяўныя спосабы судовай абароны правоў грамадзян пры дапамозе канстытуцыйнага правасуддзя. У выступленнi была таксама звернута ўвага, што пры прыняцці рашэння аб магчымым ўвядзенні і (або) удасканальванні інстытута канстытуцыйнай скаргі неабходна звяртаць увагу на практыку іншых краін, дзе значная колькасць зваротаў грамадзян прывяла да перагрузкі работы канстытуцыйных судоў.
Яўгенiй Танчаў адзначыў, што ў Балгарыі адсутнічае права грамадзян на прамую канстытуцыйную скаргу, але гэта не значыць, што ўзровень канстытуцыйнай абароны правоў нізкі, паколькі эфектыўна працуюць іншыя механізмы, якія дазваляюць грамадзянам абараняць свае правы ў Канстытуцыйным Судзе. У прыватнасці, актыўна карыстаецца сваім правам на зварот у Канстытуцыйны Суд Упаўнаважаны па правах чалавека на падставе заяў грамадзян.
С.Д. Князеў, знаёмячы ўдзельнікаў канферэнцыі з расійскім вопытам, падкрэсліў, што ў Канстытуцыйны Суд Расійскай Федэрацыі штогод паступае каля 20000 зваротаў грамадзян, з іх толькі прыкладна 8000 – у парадку рэалізацыі прамой канстытуцыйнай скаргі. Штогод Канстытуцыйны Суд Расіі выносіць больш за 3500 пастаноў, у якіх вырашаюцца пытанні як аб магчымасцi прыняцця скарг да разгляду, так і аб канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў або іх асобных палажэнняў.
М.І. Колас адзначыў, што ва Украіне грамадзяне маюць права непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд па пытаннях тлумачэння Канстытуцыі. Штогод паступае больш за тысячу падобных зваротаў, аднак звыш 90 працэнтаў з іх прызнаюцца недапушчальнымі па розных падставах. У цяперашнi час абмяркоўваецца пытанне аб магчымым ўвядзенні прамой канстытуцыйнай скаргі ў ходзе маючай адбыцца канстытуцыйнай рэформы.
Цікавасць выклікаў даклад намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Марыскiна А.У., прысвечаны тэарэтычным пытанням рэалізацыі права грамадзян на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, і выступленне экс-суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Вашкевiча А.Е. аб вопыце рэалізацыі канстытуцыйнай скаргі ў Рэспубліцы Польшча.
Беларускія ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з замежным вопытам прымянення інстытута канстытуцыйнай скаргі і праінфармавалі сваіх калег аб формах доступу да канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь і перспектывах іх удасканальвання.