Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 лістапада 1996 г. № Р-45/96
Аб спыненнi вытворчасцi па справе “Аб парушэннi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравiчам Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь”

Канстытуцыйны суд Рэспублiкi Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага суда Цiхiнi В.Г., намеснiка Старшынi Суда Фадзеева В.А., суддзяў Васiлевiча Р.А., Вашкевiча А.Я., Кенiк К.I., Падгрушы В.В. Пастухова М.I., Серады М.М., Фiлiпчык Р.I., Цiшкевiча С.I., Чудакова М.П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэннi заявы некаторых дэпутатаў аб адклiканнi iмi сваiх подпiсаў у падтрымку iнiцыятывы аб зняццi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь з пасады ў сувязi з парушэннем iм нормаў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама хадайнiцтва групы дэпутатаў аб разглядзе справы па сутнасцi,

 

Устанавiў:

 

19 лiстапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд звярнулася група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь у колькасцi 73 чалавек з прапановай даць заключэнне аб парушэннi Прэзiдэнтам Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Канстытуцыйны суд, кiруючыся артыкулам 104 Канстытуцыi, артыкулам 11 Закона “Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь”, артыкуламi 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь”, артыкулам 44 рэгламента Канстытуцыйнага суда, 19 лiстапада 1996 г. узбудзiў вытворчасць па справе “Аб парушэннi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравiчам Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь”.

 

У перыяд з 19 па 26 лiстапада 1996 г. у Суд звярнулiся 12 дэпутатаў Вярхоўнага Савета з лiку падпiсаўшых прапанову з заявамi аб адклiканнi сваiх подпiсаў.

 

22 лiстапада 1996 г. прадстаўнiкамi дэпутатаў Дабравольскiм А.А., Шчукiным В.А. i Грушэўскiм М.К. былi заяўлены хадатайнiцтвы аб прыпыненнi вытворчасцi па справе або аб адкладаннi яго слуханнем, а прадстаўнiкамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Абрамовiчам А.М., Марыскiным А.В. i Лубоўскiм В.Я. - аб спыненнi вытворчасцi па справе ў сувязi з Пагадненнем ад

22 лiстапада 1996 г. “Аб грамадска-палiтычнай сiтуацыi i аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспублiцы Беларусь”.

 

Рашэннем Суда ад 22 лiстапада 1996 г. слуханне справы было адкладзена.

 

23 i 26 лiстапада 1996 г. групай дэпутатаў Вярхоўнага Савета былi заяўлены хадатайнiцтвы аб разглядзе справы па сутнасцi.

 

Прааналiзаваўшы палажэннi артыкула 104 Канстытуцыi, артыкулаў 6, 26, 47, 48 i 49 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь”, артыкула 11 Закона “Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь”, Суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Канстытуцыяй i законамi Рэспублiкi Беларусь не забараняецца адклiканне подпiсаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў выпадках iнiцыявання iмi пытання аб дачы Канстытуцыйным судом заключэння аб парушэннi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыi.

 

Суд лiчыць, што пры пастаноўцы такога пытання дэпутаты Вярхоўнага Савета выступаюць як суiнiцыятыры прапановы, ў асабiстай якасцi, што пацвярджаецца iх подпiсамi, заверанымi ва ўстаноўленым парадку, а не як адзiны суб’ект.

 

У сувязi з гэтым, прадугледжанае ў Канстытуцыi i ўказаных законах патрабаванне аб тым, што пытанне аб зняццi Прэзiдэнта з пасады ў выпадку парушэння iм Канстытуцыi можа быць пастаўлена па прапанове не менш 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, павiнна быць выканана не толькi на момант узбуджэння вытворчасцi па справе, але i пры разглядзе справы па сутнасцi. Падтрымка прапановы менш чым 70 дэпутатамi пасля ўзбуджэння вытворчасцi па справе выключае магчымасць разгляду яго па сутнасцi з-за адсутнасцi належнага боку ў працэсе.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкуламi 6, 27, 48 i 49 Закона “Аб Канстытуцыным судзе Рэспублiкi Беларусь”, артыкуламi 22 i 58 рэгламента Канстытуцыйнага суда, Канстытуцыйны суд

 

РАШЫЎ:

 

1. Спынiць вытворчасць па справе “Аб парушэннi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравiчам Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь”.

 

2. Накiраваць копii гэтага рашэння дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, iнiцыяваўшым вытворчасць па справе, Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, Прэм’ер-мiнiстру Рэспублiкi Беларусь, Старшынi Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь, Старшынi вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублiкi Беларусь, Генеральнаму пракурору Рэспублiкi Беларусь, мiнiстру юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублiкi Беларусь                                                                                                     В.Г. Цiхiня

 

 

 

 

АСОБНАЯ ДУМКА

суддзi Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь М.I. Пастухова па справе “Аб парушэннi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравiчам Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь

 

З рашэннем Суда аб спыненнi вытворчасцi па справе не згодны. Лiчу, што для такога рашэння няма прававых падстаў i справу патрэбна было прызначыць да разгляду.

 

Мае аргументы наступныя.

 

Згодна з артыкулам 104 Канстытуцыi пытанне аб зняццi Прэзiдэнта з пасады можа быць пастаўлена па прапанове не менш 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. На момант узбуджэння вытворчасцi па справе, г.зн. на 19 лiстапада 1996 г., у Канстытуцыйны суд паступiла належным чынам аформленая прапанова, падпiсаная 73 дэпутатамi.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона “Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь” прапанова аб зняццi Прэзiдэнта з пасады падлягае абавязковаму разгляду Канстытуцыйным судом.

 

Артыкул 48 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь” прадугледжвае, што прапанова аб праверцы канстытуцыйнасцi акта можа быць адклiкана iнiцыятарам да пачатку разгляду справы Канстытуцыйным судом.

 

У заканадаўстве, якое рэгулюе працэдуру зняцця Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь з пасады (iмпiчменту), не ўпамiнаецца аб магчымасцi адклiкання асобных подпiсаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Гутарка iдзе аб прапанове ў Канстытуцыйны суд як аб адзiнай прававой падставе для пачатку працэдуры iмпiчменту. Пасля прыняцця Канстытуцыйным судом прапановы да разгляду адклiканне подпiсаў дэпутатаў не цягне за сабой якiх-небудзь юрыдычных наступстваў.

 

Падставай да спынення справы аб iмпiчменце можа стаць адклiканне прапановы ў цэлым. Прычым, гэта павiнна быць актам свабоднага волевыяўлення большай часткi дэпутатаў Вярхоўнага Савета, падпiсаўшых прапанову. Але адклiканне асобных подпiсаў, да таго ж пад жорсткiм нацiскам з боку органаў выканаўчай улады, нiяк не можа стаць прычынай прыпынення справы аб iмпiчменце.

 

Па дзеючаму заканадаўству Канстытуцыйны суд, атрымаўшы належным чынам аформленую прапанову, абавязаны даць адназначны адказ на пытанне аб парушэннi Прэзiдэнтам Канстытуцыi. Ён не мае права ўхiлiцца ад вырашэння гэтага пытання, у тым лiку i па такому фармальнаму крытэрыю, як “страта” некалькiх подпiсаў дэпутатаў.

 

Лiчу, што ў дадзеным выпадку Канстытуцыйны суд спынiў вытворчасць па справе без законных на тое падставаў i тым самым ухiлiўся ад выканання свайго канстытуцыйнага абавязку - даць адказ на пытанне аб парушэннi Прэзiдэнтам Канстытуцыi.

 

Суддзя

Канстытуцыйнага суда

Рэспублiкi Беларусь

М.I. Пастухоў

26 лiстапада 1996 года