Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 красавіка 1996 г. № З-33/96
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi часткi другой артыкула 2, пункта 3 часткi другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак»

Канстытуцыйны суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь Цiхiнi В.Г., намеснiка Старшынi Канстытуцыйнага суда Фадзеева В.А., суддзяў Васiлевiча Р.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Фiлiпчык Р.I., Цiшкевiча С.I

 

с удзелам прадстаўнiкоў:

 

Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, якi ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных актаў - Сашчэкi I.Ф., намеснiка Генеральнага пракурора;

 

Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь - Крывога В.I., загадчыка аддзела па абслугоўванню Камiсii Вярхоўнага Савета па сацыяльнай палiтыцы i працы;

 

Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь - Мiранiчэнкi I.А., намеснiка Старшынi Вярхоўнага суда;

 

эксперта Астроўскага Л.Я. - дацэнта кафедры правазнаўства Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага унiверсiтэта, кандыдата юрыдычных навук;

 

спецыялiста Смаглюк С.I. - намеснiка загадчыка юрыдычнага аддзела Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi

 

разгледзеў у адкрытым пасяджэннi справу «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi часткi другой артыкула 2, пункта 3 часткi другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак».

 

У судовым пасяджэннi прыняў удзел Андрееў I.С. - першы намеснiк мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана Канстытуцыйным судом па прапанове Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь Капiтана В.С., а таксама па меркаванню Суда на падставе артыкула 127 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь», артыкула 44 Рэгламента Канстытуцыйнага суда.

 

Праверцы падлягалi частка другая артыкула 2, пункт 3 часткi другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь i пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 года № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак» («Судовы веснiк», 1994, № 3).

 

Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь у сваёй прапанове паставiў пытанне аб праверцы ўказаных нормаў, якiя дапускаюць замацаванне ва ўстаноўчых документах i лакальных актах кааператываў, прадпрыемстваў, таварыстваў, заснаваных на калектыўнай форме ўласнасцi, палажэнняў, якiя выключаюць права галоўных спецыялiстаў гэтых суб’ектаў гаспадарання абскардзiць iх вызваленне ад працы ў суд, што, на яго думку, супярэчыць артыкулам 22 i 61 Канстытуцыi, а таксама артыкулам 4 i 6 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь.

 

Частка другая артыкула 2 КЗаП Рэспублiкi Беларусь прадугледжвае, што працоўныя i звязаныя з iмi адносiны, заснаваныя на членстве ў кааператывах, прадпрыемстах i таварыствах каллектыўных формаў уласнасцi, рэгулююца заканадаўствам аб працы. Iншае (за выключэннем нормаў, якiя пагаршаюць становiшча членаў кааператываў, прадпрыемстваў i таварыстваў у параўнаннi з заканадаўствам аб ахове працы, аб гарантыях жанчынам, iнвалiдам i непаўналетнiм, а таксама аб плацяжах i ўзносах па сацыяльнаму страхаванню, пенсiённаму забеспяченню i садзейнiчанню занятасцi) можа устанаўлiвацца ва ўстаноўчых дакументах i лакальных актах гэтых кааператываў, прадпрыемставаў i таварыстваў.

 

У адпаведнасцi з пунктам 3 часткi другой арыткула 214 КЗаП Рэспублiкi Беларусь непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкi па заявах супрацоўнiкаў аб аднаўленнi на працы незалежна ад падстаў скасавання працоўнага дагавора, аб змяненнi даты i фармулёўкi прычыны звальнення, аб аплаце за час вымушанага прагулу цi выканання нiжэйаплатнай работы, за выключэннем спрэчак супрацоўнiкаў, для якiх прадугледжаны iншы парадак iх разгляду.

 

Пунктам 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 17 чэрвеня 1994г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак» устаноўлена, што ў адпаведнасцi с часткай другой артыкула 2 КЗаП Рэспублiкi Беларусь заканадаўства аб працы распаўсюджваецца на працоўныя i звязаныя з iмi адносiны, заснаваныя на членстве ў кааператывах, прадпрыемствах i таварыствах калектыўных формаў уласнасцi толькi ў тым выпадку, калi ва ўстаноўчых дакументах i лакальных актах гэтых кааператываў, прадпрыемстваў i таварыстваў не ўстаноўлена iншае. Нормы ўстаноўчых дакументаў i лакальных актаў выкарыстоўваюцца i ў тым выпадку, калi яны нават пагаршаюць становiшча членаў кааператываў, прадпрыемставаў i таварыстваў калектыўных формаў уласнасцi ў параўнаннi з заканадаўствам аб працы за выключэннем нормаў, якiя рэгулююць пытаннi аховы працы, гарантый жанчынам, iнвалiдам i непаўналетнiм, а таксама аб плацяжах i ўзносах па сацыяльнаму страхаванню, пенсiённаму забеспячэнню i садзейнiчанню занятасцi.

 

Выслухаўшы прадстаўнiкоў бакоў, эксперта, спецыялiста, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, законаў, мiжнародна-прававых i iншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што асобныя палажэннi часткi другой артыкула 2, пункта 3 часткi другой артыкула 214 КЗаП Рэспублiкi Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак» не адпавядаюць Канстытуцыi, зыходзячы з наступнага.

 

У адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 41 Канстытуцыi грамадзяне маюць права на абарону сваiх эканамiчных i сацыяльных iнтарэсаў.           

 

Адпаведна артыкулу 61 Канстытуцыi кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабодаў кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.

 

Артыкулам 22 Канстытуцыi прадугледжана, што ўсе роўныя перад законам i маюць права без ўсялякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў.

 

Канвенцыяй Мiжнароднай арганiзацыi працы № 111 «Аб дыскрымiнацыi ў галiне працы i заняткаў» i Рэкамендацыямi Мiжнароднай арганiзацыi працы № 111 «Аб дыскрымiнацыi ў галiне працы i заняткаў» прадугледжана, што ўсе асобы павiнны карыстацца без дыскрымiнацыi роўнасцю магчымасцей цi звароту ў галiне працы i заняткаў.

 

У адпаведнасцi з часткай чацвёртай артыкула 11 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь» пры праверцы акта Суд мае на ўвазе як лiтаральны яго сэнс, так i сэнс, якi надаецца яму практыкай прымянення.

 

Прааналiзаваўшы палажэннi часткi другой артыкула 2, пункта 3 часткi другой артыкула 214 КЗаП, адпаведныя тлумачэннi па прымяненню заканадаўства аб працы, якiя ўтрымлiваюцца ў пункце 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994г. № 5, i даныя аб прымяненнi гэтых нормаў у судовай практыцы, Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што палажэннi часткi другой артыкула 2 КЗаП, якiя замацоўваюць выключэннi з агульнага правiла i дапускаюць магчымасць ва ўстаноўчых дакументах i лакальных актах устанаўлiваць вырашэнне спрэчак, звязаных са звальненнем (вызваленнем ад працы) без права звароту ў суд, носяць дыскрымiнацыйны характар.

 

Пунктам 3 часткi другой артыкула 214 КЗаП устаноўлена, што непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкi аб аднаўленнi на працы, за выключэннем спрэчак работнiкаў, для якiх прадугледжаны iншы парадак iх разгляду. У той жа час частка першая артыкула 214 КЗаП не прадугледжвае магчымасцi звароту ў суд па пытанню аб аднаўленнi на працы членаў кааператываў, прадпрыемстваў, таварыстваў калектыўных формаў уласнасцi пасля захавання папярэдняга парадку разгляду гэтых пытанняў. У адпаведнасцi з Канстытуцыяй названыя асобы не могуць быць пазбаўлены права на зварот у суд з iскам аб аднаўленнi iх на працы.

 

Па гэтых жа падставах Суд лiчыць неадпаведным Канстытуцыi пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5, таму што ён па сутнасцi пераказвае палажэннi часткi другой артыкула 2 КЗаП.

 

Суд таксама адзначае, што прадугледжаны часткай другой артыкула 2 КзаП пералiк гарантый не выключае магчымасцi ўстанаўлення ва ўстаноўчых дакументах i лакальных актах кааператываў, прадпрыемстваў i таварыстваў калектыўных формаў уласнасцi нормаў, якiя абмяжоўваюць не толькi права на судовую абарону, але i некаторыя iншыя канстытуцыйныя правы грамадзян.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкуламi 127, 128, 129 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 36, 38, 40, 43 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымi Канстытуцыi палажэннi часткi другой артыкула 2 i пункта 3 часткi другой артыкула 214 КЗаП Рэспублiкi Беларусь, якiя дапускаюць магчымасць устанаўлення абмежаванняў права на зварот у суд з iскамi аб аднаўленнi на працы членаў кааператываў, прадпрыемстваў i таварыстваў калектыўных формаў уласнасцi, а таксама адпаведныя iм палажэннi пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак». Лiчыць iх страцiўшымi сiлу з дня апублiкавання гэтага заключэння.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Савету i Вярхоўнаму суду Рэспублiкi Беларусь прывесцi адпаведна нормы часткi другой артыкула 2 i артыкула 214 КЗаП Рэспублiкi Беларусь i пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак» у адпаведнасць з гэтым заключэннем, маючы на ўвазе неабходнасць забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян.

 

3. Апублiкаваць гэтае заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн у «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь» i тых выданнях, дзе былi апублiкаваны правяраемыя акты».

 

4. Гэтае заключэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцца, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублiкi Беларусь                                                                                                           В.Г.Цiхiня