Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 красавіка 1996 г. № З-35/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб захаванні нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Цixiнi В.Г., намесніка Старшыні Суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Кенiк К.І., Падгрушы В.В., Пастухова М.І., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I.

 

з удзелам эксперта Леўшунова С.Е. - галоўнaгa эксперта-каардынатара навуковага нaпpaмкy Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў «Усход-Захад», кандыдата юрыдычных навук

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі i законам Рэспублікі Беларусь Распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб зaxaвaннi нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Царэнка Е.М. - намеснік Старшыні Вярхоўнага суда;

 

Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора;

 

Бачкова Г.В. - нaмecнiк мiнicтpa юстыцыі.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана Канстытуцыйным судом 25 caкaвiкa 1996 г. па ўласнаму меркаванню на падставе часткі другой артыкула 127 Канстытуцыі, часткі другой артыкула 5 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь».

 

Пунктам I Распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб захаванні нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» Кабінету Miнicтpaў i іншым дзяржаўным органам прадпісана да ўнясення змяненняў у адпаведныя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь забяспечыць безумоўнае захаванне нормаў наступных указаў Прэзідэнта: ад 12 ліпеня 1995 г. № 267 «Аб удакладненні бюджэту Рэспублікі Беларусь на 1995 год i часовых мерах па скарачэнню бюджэтных расходаў»; ад 8 жніўня1995 г. № 299 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку выдачы дыпламатычных i службовых пашпартоў грамадзянам Рэспублікi Беларусь»; ад 21 жніўня 1995 г. № 336 «Аб некаторых мерах па забеспячэнню стабільнасці i правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь»; ад 1 верасня 1995 г. № 349 «Аб упарадкаванні некаторых ільгот для асобных катэгорый грамадзян»; ад 1 верасня 1995 г. № 350 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання працоўнай дзейнасці i пенсіённага забеспячэння грамадзян»; ад 19 верасня 1995 г. № 383 «Аб правядзенні рэформы органаў мясцовага кіравання i самакіравання»; ад 27 лістапада 1995 г. № 481 «Аб зацвярджэнні прыкладнай структуры мясцовых адміністрацый у раёнах гарадоў»; ад 30 лістапада 1995 г. № 485 «Аб унясенні змяненняў i дапаўненняў у Часовае палажэнне аб мясцовай адміністрацыі». Персанальная адказнасць за захаванне нормаў пералічаных указаў ускладзена распараджэннем на кipaўнikoў указаных органаў.

 

Пунктам 2 распараджэння Адміністрацыі Прэзідэнта даручана забяспечыць выданне зборніка дзеючых указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Выслухаўшы эксперта, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў i іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны суд ycтaнaвiў наступнае.

 

Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі i прынятых у адпаведнасці з ёю законаў. Прававыя акты або ix асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым парадку супярэчнымі палажэнням Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.

 

Артыкулам 15 Закона «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжана, што Прэзідэнт ажыццяўляе свае функцыі ў рамках Канстытуцыі, гатага закона, іншых законаў Рэспублікі Беларусь i нясе адказнасць за правільнасць і паўнату іх рэалізацыі перад грамадзянамі Рэспублікі Беларусь у сферах дзейнасці дзяржавы, аднесеных да яго кампетэнцыі.

 

Згодна з артыкулам 30 Закона «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» Прэзідэнт выдае у межах cвaix паўнамоцтваў на падставе і ў выкананне Канстытуцыі, законаў i пастаноў Вярхоўнага Савета ўказы i распараджэнні, кантралюе ix выкананне. Указы i распараджэннi Прэзідэнта не павінны супярэчыць Канстытуцыі, законам i міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, пастановам Вярхоўнага Савета, не могуць ix дапаўняць або змяняць. Указы i распараджэнні Прэзідэнта, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку неадпаведнымі Канстытуцыі, законам i міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, не маюць юрыдычнай сілы.

 

Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, згодна з артыкулам 125 Канстытуцыі, ажыццяўляецца Канстытуцыйным судом.

 

Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пералічаныя ў распараджанні ад 29 снежня 1995 г., разглядаліся Канстытуцыйным судом i былі прызнаны поўнасцю або часткова неадпаведнымі Канстытуцыі i законам Рэспублікі Беларусь (заключэнні Канстытуцыйнага суда ад 5 кастрычніка 1995 г., 3 лістапада 1995 г., 8 лістапада 1995 г., 26 снежня 1995 г., 27 кастрычніка 1995 г. i 11 снежня 1995 г.).

 

Артыкул 10 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што рашэнні Канстытуцыйнага суда, прынятыя ў межах яго кампетэнцыі, абавязковыя для выканання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усімі дзяржаўнымі органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі i грамадзянамі.

 

У адпаведнасці з артыкулам 129 Канстытуцыі i артыкулам 38 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» заключэнні Канстытуцыйнага суда з’ўляюцца канчатковымі, абскарджанню i апратэставанню не падлягаюць.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны суд прыходзіць да высновы, што пункт 1 распараджэння Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб захаванні нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» у частцы, якая прадпісвае дзяржаўным органам забяспечыць безумоўнае захаванне нормаў указаў, прызнаных ва ўстаноўленым законам парадку неканстытуцыйнымі i не маючымі юрыдычнай сілы, не адпавядае артыкулам 7, 129 Канстытуцыі, артыкулам 15, 30 Закона «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» i артыкулам 10, 38 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь».

 

Акрамя таго, Суд адзначае, што на заканадаўчым узроўні не вызначана, у якіх выпадках Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права ажыццяўляць свае паўнамоцтвы шляхам выдання ўказаў, а ў якіх выпадках - распараджэнняў, як гэта зроблена ў адносінах да актаў Вярхоўнага Савета i Кабінета Miнicтpaў.

 

На падставе выкладзенага i кipyючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 36, 38, 40, 43 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі i законам Рэспублікі Беларусь пункт 1 Распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб захаванні нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», у частцы, у якой прадпісваецца дзяржаўным органам забяспечыць безумоўнае захаванне нормаў указаў, прызнаных ва ўстаноўленым законам парадку неканстытуцыйнымі i не маючымі юрыдычнай сілы.

 

Лічыць гэта распараджэнне ў гэтай частцы не маючым юрыдычнай сілы з моманту яго выдання.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб размежаванні на заканадаўчым узpoўнi сфер прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў указамі або распараджэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» i тых выданнях, дзе было апублікавана Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 г. № 259 рп «Аб захаванні нормаў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                               В.Г.Ціхіня