Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
10 кастрычніка 1996 г. № З-41/96
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь”

Канстытуцыйны суд Рэспублiкi Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшынi Канстытуцыйнага суда Цiхiнi В.Г., намеснiка Старшынi суда Фадзеева В.А., суддзяў Васiлевiча Р.А., Вашкевiча А.Я., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Фiлiпчык Р.I., Цiшкевiча С.I., Чудакова М.П.

 

з удзелам: прадстаўнiкоў Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, якi ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага акта: Грыба М.I. - члена Камiсii Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь па мiжнародных справах, Свiцiна В.В. - галоўнага спецыялiста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь;

 

прадстаўнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, якi выдаў указ: Лубоўскага В.Я. - намеснiка начальнiка Галоўнага ўпраўлення па рабоце з органамi заканадаўчай i судовай улады Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

 

эксперта Ляўшунова С.Я. - галоўнага эксперта-каардынатара навуковага напрамку Нацыянальнага цэнтра стратэгiчных iнiцыятыў “Усход-Захад”, кандыдата юрыдычных навук;

 

спецыялiста Мялешкi Х.Т. - дацэнта кафедры грамадзянскага працэсу i працоўнага права Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, кандыдата юрыдычных навук,

 

разглядзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь”.

 

У судовым пасяджэннi прыняў удзел Сашчэка I.Ф. - намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана па прапанове Старшынi Вярхоўнага Савета дванаццатага склiкання М.I.Грыба, якая пацверджана Старшынёй Вярхоўнага Савета трынаццатага склiкання С.Р. Шарэцкiм.

 

Праверцы падлягаў Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь” (Збор указаў Прэзiдэнта и пастаноў Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 32, ст. 783).

 

Згодна з пунктам 1 названага указа створаны кадравы рэестр Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь.

 

Пунктам 2 указа зацверджаны пералiкi 1-3 пасадаў кiруючых работнiкаў цэнтральных i другiх дзяржаўных органаў, якiя ўключаны ў кадравы рэестр Кiраўнiка Рэспублiкi Беларусь.

 

Пунктам 3 указа даручана Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта:

 

- у двухмесячны тэрмiн:

 

сумесна з Кабiнетам Мiнiстраў i другiмi зацiкаўленымi распрацаваць праект палажэння аб парадку фармiравання, захавання i выкарыстання даных кадравага рэестра кiраўнiка дзяржавы, а таксама аб парадку вядзення асабiстых спраў работнiкаў дзяржаўных органаў, пасады якiх уключаны ва ўказаны рэестр, i прадставiць яго Прэзiдэнту;

 

па ўзгадненню з Прэзiдыумам Вярхоўнага Савета вызначыць умовы фармiравання, захавання i выкарыстання даных кадравага рэестра кiраўнiка дзяржавы ў частцы пасадаў кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў, што выбiраюцца на пасады Вярхоўным Саветам або назначаюцца падсправаздачнымi яму органамi, i падрыхтаваць праект рашэння па гэтаму пытанню;

 

сумесна з Кабiнетам Мiнiстраў i Акадэмiяй кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь прадставiць Прэзiдэнту прапановы аб парадку квалiфiкацыi, фармiравання рэзерву i атэстацыi кiруючых работнiкаў, пасады якiх уключаны ў пералiк 2, зацверджаны ўказам.

 

Гэтым жа пунктам указа даручалася Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта ў месячны тэрмiн распрацаваць i зацвердзiць узоры службовых пасведчанняў для кiруючых работнiкаў цэнтральных органаў кiравання i органаў, падсправаздачных Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, пасады якiх уключаны ў пералiкi 1 i 2, зацверджаны ўказам, а таксама парадак выдачы i ўлiку гэтых пасведчанняў.

 

Прэзiдыуму Вярхоўнага Савета рэкамендавана ўнесцi прапановы аб парадку павышэння квалiфiкацыi кiраўнiкоў дзяржаўных органаў, пасады якiх уключаны ў пералiк 3, зацверджаны указам.

 

Пунктам 4 указа ўстаноўлена, што накiраванне ў службовыя замежныя камандзiроўкi кiраўнiкоў, пасады якiх уключаны ў пералiкi 1 i 2, зацверджаныя ўказам, незалежна ад крынiц фiнансавання гэтых камандзiровак, ажыццяўляецца з пiсьмовай згоды Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, а кiруючых работнiкаў, пасады якiх уключаны ў пералiк 3, зацверджаны гэтым указам - з пiсьмовай згоды iх кiраўнiкоў.

 

У пункце 5 указа утрымлiваецца даручэнне Кабiнету Мiнiстраў, аблвыканкамам i Мiнскаму гарвыканкаму аб стварэннi аналагiчных кадравых рэестраў.

 

Для выканання ўказа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 для развiцця асобных яго палажэнняў Прэзiдэнтам, Кабiнетам Мiнiстраў i другiмi дзяржаўнымi органамi былi прыняты адпаведныя акты.

 

У прапанове ў Канстытуцыйны суд Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь указаў, што стварэнне Прэзiдэнтам кадравага рэестра пасадаў кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў мае мэту устанаўленне прэзiдэнцкага кантролю за кадравай палiтыкай не толькi ў падначаленых яму органах выканаўчай улады, але i ў органах заканадаўчай i судовай улады, што ў сваю чаргу прывядзе да поўнай падкантрольнасцi заканадаўчых i судовых органаў, а таксама органаў дзяржаўнага кантролю i надзору Прэзiдэнту як кiраўнiку выканаўчай улады.

 

На думку Старшынi Вярхоўнага Савета, пазбаўленне вышэйшых дзяржаўных органаў магчымасцi самастойнага рашэння кадравых пытанняў, а таксама пытанняў, звязаных з выездам кiраўнiкоў гэтых органаў за мяжу, парушае баланс розных галiнаў улады i прывядзе да непамернага ўзвышэння выканаўчай улады, поўнаму падпарадкаванню ёй усiх другiх дзяржаўных органаў.

 

Выслухаўшы прадстаўнiкоў бакоў, эксперта, спецыялiста, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, законаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца кiраўнiком дзяржавы i выканаўчай улады. Як кiраўнiк выканаўчай улады ен кiруе сiстэмай яе органаў, забяспечваючы правядзенне эфектыўнай кадравай палiтыкi, у тым лiку шляхам стварэння адзiнай сiстэмы ўлiку, падбору, падрыхтоўкi i расстаноўкi кiруючых кадраў. У адпаведнасцi з Канстытуцыяй i законамi Прэзiдэнт мае права назначаць i пазбаўляць ад пасады членаў Кабiнета Мiнiстраў, кiруючых работнiкаў Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта i другiх службовых асобаў падведамасных яму органаў выканаўчай улады.

 

У кампетэнцыю Прэзiдэнта як Кiраўнiка дзяржавы ўваходзiць назначэнне суддзяў Рэспублiкi Беларусь, акрамя тых, выбранне якiх аднесена да кампетэнцыi Вярхоўнага Савета, а таксама прадстаўленне Вярхоўнаму Савету кандыдатур для выбрання на пасаду Старшынi Канстытуцыйнага суда, Старшынi Вярхоўнага суда, Старшынi Вышэйшага гаспадарчага суда, Старшынi праўлення Нацыянальнага банка.

 

Канстытуцыйны суд лiчыць, што стварэнне пасадаў кiруючых работнiкаў падведамасных Прэзiдэнту органаў выканаўчай улады, а таксама пасадаў работнiкаў другiх дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якiх на пасаду ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь або па яго прадстаўленню, не супярэчыць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь. Устанавiўшы парадак, пры якiм накiраванне ў службовыя замежныя камандзiроўкi кiраўнiкоў падведамасных Прэзiдэнту органаў выканаўчай улады, ажыццяўляецца з яго пiсьмовай згоды, Прэзiдэнт таксама дзейнiчаў у межах сваёй кампетэнцыi.

 

Разам з тым асобныя палажэннi ўказа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь” не адпавядаюць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь па наступных падставах.

 

Згодна з артыкулам 6 Канстытуцыi дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўнай i судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваiх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнiчаюць памiж сабой, стрымлiваюць i ўраўнаважваюць адзiн аднаго.

 

У межах, вызначаемых Канстытуцыяй, законамi “Аб Вярхоўным Савеце Рэспублiкi Беларусь”, “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь”, “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь”, “Аб пракуратуры Рэспублiкi Беларусь”, другiмi заканадаўчымi актамi, розныя галiны дзяржаўнай улады самастойна вырашаюць пытаннi ўлiку, падбору, падрыхтоўкi i расстаноўкi кадраў.

 

Важнай гарантыяй незалежнасцi дзяржаўных органаў з’яўляецца прадастаўленае iм права самастойна вырашаць пытаннi расходавання выдзеленых на iх утрыманне сродкаў дзяржаўнага бюджэту, у тым лiку звязаныя з выездам работнiкаў гэтых органаў у замежныя камандзiроўкi.

 

З улiкам выкладзенага Канстытуцыйны суд лiчыць, што пункт 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь” у частцы ўключэння ў пералiкi 1 i 3, зацверджаныя гэтым указам, пасадаў кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якiх на пасады ажыццяўляецца без удзелу Прэзiдэнта (Старшыня Вярхоўнага Савета i яго намеснiкi, Генеральны пракурор, Старшыня Кантрольнай палаты, намеснiк Cтаршынi i члены Канстытуцыйнага суда i другiя), а таксама пункт 4 названага указа ў частцы ўзгаднення з Прэзiдэнтам накiравання ў службовыя замежныя камандзiроўкi кiраўнiкоў дзяржаўных органаў, непадведамасных Прэзiдэнту, не адпаведаюць абвешчанаму Канстытуцыяй прынцыпу падзелу ўладаў, парушаюць iх самастойнасць, з’яўляюцца ўмяшаннем выканаўчай улады ў дзейнасць другiх галiнаў дзяржаўнай улады.

 

Суд таксама звяртае ўвагу на некарэктнасць наймення кадравага рэестра як рэестра  Кiраўнiка дзяржавы, паколькi ў адпаведнасцi з артыкулам 95 Канстытуцыi выкананне абавязкаў Кiраўнiка дзяржавы з’яўляецца толькi адной з функцый Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкуламi 127, 128, 129 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 5, 6, 36, 38, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь пункт 2 указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 у частцы ўключэння ў кадравы рэестр Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь пасадаў кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якiх на пасады ажыццяўляецца без удзелу Прэзiдэнта, а таксама пункт 4 гэтага указа ў частцы ўзгаднення з Прэзiдэнтам накiравання ў службовыя замежныя камандзiроўкi кiраўнiкоў дзяржаўных органаў, непадведамасных Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь.

 

Лiчыць гэтыя нормы страцiўшымi сiлу з дня прыняцця гэтага заключэння.

 

2. Прапанаваць Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, Кабiнету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i другiм дзяржаўным органам прывесцi свае рашэннi ў адпаведнасцi з гэтым заключэннем.

 

3. Апублiкаваць гэта заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь”.

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублiкi Беларусь                                                                                                      В.Г.Цiхiня

 

 

 

АСОБНАЯ ДУМКА

суддзi Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь М.I. Пастухова па справе “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiстапада 1995 г. № 464 “Аб стварэннi кадравага рэестра Кiраўнiка дзяржавы Рэспублiкi Беларусь”

 

Лiчу, што правяраемы указ Прэзiдэнта не адпавядае Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь цалкам.

 

Па-першае, Канстытуцыя не прадугледжвае такога органа дзяржаўнай улады як Кiраўнiк дзяржавы. У ёй замацоўваецца пасада Прэзiдэнта як Кiраўнiка дзяржавы i выканаўчай улады (артыкул 95). Пры гэтым не размяжоўваюцца функцыi Прэзiдэнта як кiраўнiка выканаўчай улады. Найменне ўказа можа сведчыць аб устанаўленнi паддзяржаўных паўнамоцтваў Прэзiдэнта, якi з кiраўнiка адной галiны ўлады становiцца Кiраўнiком дзяржавы.

 

Па-другое, нi Канстытуцыя, нi законы Рэспублiкi Беларусь (у тым лiку Закон “Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь”) не прадастаўляюць Прэзiдэнту падобнага права. Стварэнне кадравага рэестра Кiраўнiка дзяржавы ёсць не што iншае, як устанаўленне прэзiдэнцкага кантролю за кадравай палiтыкай ва ўсiх структурах дзяржаўнай улады.

 

Уключэнне ў названы рэестр пасадаў Старшынi i намеснiка Старшынi Вярхоўнага Савета, Старшынi i суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага i Вышэйшага гаспадарчага судоў, Генеральнага пракурора, Старшынi праўлення Нацыянальнага банка, Старшынi Кантрольнай палаты, старшыняў абласных i Мiнскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, пракурораў абласцей i горада Мiнска азначае ўмяшанне Прэзiдэнта ў сферу дзейнасцi другiх галiнаў улады, а значыць, сведчыць аб парушэннi артыкула 6 Канстытуцыi, якi замацоўвае прынцып падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай i судовай.

 

Па дзеючаму заканадаўству прапановы па ажыццяўленню дзяржаўнай кадравай палiтыкi, якая накiравана на стварэнне неабходнага рэзерву высокапрафесiйных кiруючых работнiкаў распрацоўвае Кабiнет Мiнiстраў (арт.12 Закона “Аб Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”). Прэзiдэнт жа кiруе сiстэмай органаў выканаўчай улады i забяспечвае iх узаемадзеянне с другiмi галiнамi дзяржаўнай ўлады (артыкул 1 Закона “Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь”). Тым самым, сфера паўнамоцтваў Прэзiдэнта ў галiне кадравай палiтыкi абмяжоўваецца толькi органамi выканаўчай улады.

 

Па-трэцяе, стварэнне ўказанага кадравага рэестра парушае шэраг канстытуцыйных нормаў, якiя замацоўваюць правы i свабоды грамадзян, у прыватнасцi, артыкулы 39, 58 Канстытуцыi. Згодна з артыкулам 39, грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi са сваiмi здольнасцямi, прафесiйнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасадаў у дзяржаўных органах, а кадравым рэестрам гэтага права многiя з iх пазбаўляюцца. Артыкул 58 устанаўлiвае, што нiхто не можа быць прымушаны да адмовы ад сваiх правоў. Мiж тым, нормы правяраемага указа пазбаўляюць дэпутатаў Вярхоўнага Савета i кiраўнiкоў iншых органаў дзяржаўнай улады права самастойна вырашаць кадравыя пытаннi.

 

 

Суддзя

Канстытуцыйнага суда

Рэспублiкi Беларусь

М.I. Пастухоў