Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 снежня 2009 г. № Р-409/2009
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай  артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы  палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці” і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці” (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4 снежня 2009 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 снежня 2009 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных  правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад адміністрацыйных правапарушэннях (далей – адпаведна КК, КабАП, ПВКабАП). Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання шэрага палажэнняў дадзеных кодэксаў і ўзгаднення норм КабАП з нормамі іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. У адпаведнасці з замацаваным у частцы другой артыкула 2 Канстытуцыі  прынцыпам узаемнай адказнасці дзяржава адказная  перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, а грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.

 

Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі (артыкул 52).

 

Згодна з часткай першай артыкула 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

Закон накіраваны на рэалізацыю ўказаных канстытуцыйных норм.

 

2. Змяненні, якія ўносяцца ў Агульную частку КабАП, маюць на мэце ўдакладненне палажэнняў шэрага прававых норм, якія рэгулююць агульныя ўмовы наступлення адміністрацыйнай адказнасці і  накладання адміністрацыйных спагнанняў, для іх адназначнага разумення і аднастайнага прымянення і прадугледжваюць, у прыватнасці, пашырэнне пераліку дзеянняў, што цягнуць адміністрацыйную адказнасць толькі па патрабаванню пацярпеўшага; удакладненне паняцця і ўмоў прымянення такіх мер адміністрацыйный адказнасці, як канфіскацыя і спагнанне кошту  прадмета адміністрацыйнага правапарушэння; накладанне адміністрацыйных спагнанняў, у тым ліку і на юрыдычную асобу, пры ўчыненні некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў шляхам як поўнага, так і частковага складання адміністрацыйных спагнанняў; аптымізацыю тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання; заканадаўчае замацаванне паняцця малазначнасці правапарушэння.

 

У адпаведнасці з Законам артыкул 7.6 КабАП выкладаецца ў новай рэдакцыі: у пункце 4 часткі 1 указанага артыкула вызначаны вычарпальны пералік саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, за ўчыненне якіх прымяняюцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў – не пазней трох гадоў з дня ўчынення і шасці месяцаў з дня выяўлення. Тым самым выканана рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2008 г. “Аб прымяненні больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў”.

 

У мэтах удасканальвання заканадаўчага рэгулявання адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў асобных сферах грамадскіх адносін (напрыклад, у галіне банкаўскай, прадпрымальніцкай, мытнай дзейнасці, аховы грамадскага парадку і маралі, забеспячэння бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту), Асаблівая частка КабАП дапаўняецца новымі нормамі.

 

Разам з гэтым Законам прадугледжваецца выключэнне адміністрацыйнай  адказнасці або змякчэнне санкцый па шэрагу саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, што сведчыць аб лібералізацыі заканадаўства, якое рэгулюе пытанні адміністрацыйнай  адказнасці, указаныя палажэнні Закона вынікаюць з канстытуцыйнага абавязку  дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры  для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення грамадзянамі сваіх правоў і свабод.

 

Шэраг змяненняў, якія ўносяцца ў Асаблівую частку КабАП, накіраваны на ўзгадненне норм гэтага Кодэкса з нормамі іншых заканадаўчых актаў, што адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці, які  падразумявае яснасць, пэўнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць прававых норм.

 

3. Змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца Законам у ПВКабАП, улічваюць практыку прымянення дадзенага Кодэкса і накіраваны на ўдасканальванне адміністрацыйнага працэсу. У прыватнасці, удакладняецца кампетэнцыя судоў і органаў, што вядуць адміністрацыйны працэс, па разгляду адміністрацыйных спраў; дадатковыя працэсуальныя  правы прадастаўляюцца пракурору, сведку, кіраўніку і прадстаўніку органа, які накіраваў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні на разгляд у суд; пашыраецца пералік службовых асоб, упаўнаважаных ажыццяўляць адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы; з мэтай спрашчэння парадку разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях пры разглядзе адміністрацыйнай справы даследаванне ўсіх доказаў і вядзенне пратакола не з’яўляюцца абавязковымі, калі асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, добраахвотна прызнае сваю віну і ніхто з удзельнікаў працэсу не настойвае на даследаванні ўсіх доказаў.

 

У адпаведнасці са змяненнямі, якія ўносяцца ў КабАП і ПВКабАП, пры вызначэнні дзеяння КабАП у часе (артыкул 1.5), выканаўца адміністрацыйнага правпарушэння (частка 3 артыкула 2.4 КабАП), правапарушэння, што цягнецца (артыкул 2.6 КабАП), а таксама акалічнасцей, якія выключаюць адміністрацыйны працэс (частка 4 артыкула 9.6 ПВКабАП) або цягнуць спыненне выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання (частка 3 артыкула 13.4 ПВКабАП), проціпраўнасць учынку можа ўстанаўлівацца або ўстараняцца актамі заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным звярнуць увагу на наступнае.

 

У адпаведнасці з артыкулам 1 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” акты заканадаўства – нарматыўныя прававыя акты, якія складаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а, у сваю чаргу, заканадаўства – сістэма нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны.

 

У КабАП змяшчаецца значная колькасць бланкетных саставаў, аб’ектыўны бок якіх выражаецца ва ўчыненні дзеянняў, прадугледжаных іншымі актамі заканадаўства. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў прымяненні да такіх саставаў проціпраўнасць учынку характарызуецца наступнымі асаблівасцямі: проціпраўнасць у агульным выглядзе ўстанаўліваецца дыспазіцыяй адпаведнага артыкула Асаблівай часткі КабАП, у якой парушэнне (невыкананне) парадку або правіл ажыццяўлення пэўнай дзейнасці забараняецца пад пагрозай прымянення адміністрацыйна-прававой санкцыі, а канкрэтныя ўчынкі, што выступаюць элементам аб’ектыўнага боку саставу адміністрацыйнага правапарушэння, дэталізуюцца ў актах заканадаўства, якія ўстанаўліваюць парадак або правілы ажыццяўлення такой дзейнасці.

 

У адносінах да ўказаных норм учынак з’яўляецца  проціпраўным і цягне прымяненне мер адміністрацыйнай  адказнасці пры  адначасовай наяўнасці дзвюх умоў, а для ўстаранення проціпраўнасці ўчынку і, такім чынам, адміністрацыйнай адказнасці дастаткова адсутнасці хаця б аднаго з вышэйназваных элементаў: нормы КабАП або адпаведных ёй прадпісанняў акта заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на тое, што актамі заканадаўства могуць рэгулявацца толькі пытанні проціпраўнасці ўчынкаў. Згодна з часткай 2 артыкула 1.1 КабАП дадзены Кодэкс з’яўляецца адзіным законам аб адміністрацыйных правапарушэннях, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; нормы іншых заканадаўчых актаў, што прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць, падлягаюць уключэнню ў гэты Кодэкс.

 

4. У мэтах узгаднення норм крымінальнага і адміністрацыйнага  заканадаўства Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў артыкулы КК, якія прадугледжваюць адказнасць за ўчыненне злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту. У прыватнасці, закаданадаўцам аднастайна вызначана паняцце даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці для выпадкаў прыцягнення вінаватых асоб да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Такім  чынам, рэалізавана рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2008 г. “Аб вызначэнні паняцця “даход” у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання за незаконую прадпрымальніцкую дзейнасць”.

 

Канстытуцыйны Суд у Пасланні “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе” ўказаў, што выкананне  прынцыпу прававой дакладнасці ў заканатворчай дзейнасці папярэджвае  неадназначнае разуменне і, такім чынам, неправамернае  прымяненне норм заканадаўства, якія цягнуць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з Законам у санкцыі часткі 2 артыкула 3171 КК заканадаўцам устаноўлены ніжні і верхні (ад трохсот да тысячы базавых велічынь) межы штрафу за ўчыненне канкрэтнага злачынства.

 

Між тым, згодна з часткай 1 артыкула 62 КК, суд назначае пакаранне з улікам палажэнняў Агульнай часткі КК у межах, устаноўленых артыкулам Асаблівай часткі КК, якая прадугледжвае адказнасць за ўчыненае злачынства. Назначаючы пакаранні ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, суд кіруецца межамі, устаноўленымі ў артыкулах 49, 50 і 51 дадзенага Кодэкса.

 

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 50 КК размер штрафу вызначаецца з улікам размеру базавай велічыні, устаноўленага на дзень пастановы прыгавору, у залежнасці ад характару і ступені грамадскай апаснасці ўчыненага злачынства і матэрыяльнага становішча і ўстанаўліваецца ў межах ад трыццаці  да адной тысячы базавых велічынь. Пры гэтым размер штрафу, які назначаецца асобе за ўчыненае ёю злачынства, прадугледжанае артыкулам Асаблівай часткі КК, што змяшчае адміністрацыйную прэюдыцыю, не можа быць менш чым максімальны размер штрафу, які  накладаецца ў адміністрацыйным парадку.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў выніку гэтага ўзнікла супярэчнасць паміж прававымі нормамі Агульнай і Асаблівай частак КК, паколькі, згодна з часткай 1 артыкула 62 КК, пры назначэнні пакарання ў выглядзе штрафу суд кіруецца межамі, устаноўленымі артыкулам 50 КК, што выключае магчымасць устанаўлення заканадаўцам меж штрафу ў артыкулах Асаблівай часткі КК, а таксама парушаны прынцыпы і сістэма пабудовы норм Агульнай і Асаблівай частак КК.

 

Згодна з артыкуламі 97 і 98 Канстытуцыі разгляд пытанняў, што змяшчаюцца ў Законе, адносіцца да кампетэнцыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: праекты законаў аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, аб крымінальнай адказнасці разглядае Палата прадстаўнікоў (пункт 2 часткі першай артыкула 97), а Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў (пункт 1 часткі першай артыкула 98).

 

Такім чынам, па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці” адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   П.П.Міклашэвіч