16 снежня 2009 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне “Аб неабходнасці вырашэння калізіі паміж нормамі заканадаўчых актаў, якія прадугледжваюць дадатковую падставу спынення працоўнага дагавора па пункту 5 артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” (суддзя-дакладчык Ізотка У.П.), у якім адзначыў, што, зыходзячы з сэнсу і зместу часткі другой артыкула 16, часткі пятай артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” і улічваючы прадпісанне часткі першай артыкула 35 Працоўнага кодэкса, дзяржаўная службовая асоба, якая не падпісала або парушыла пісьмовае абавязацельства па выкананню ўстаноўленых абмежаванняў, вызваляецца ад займаемай пасады у парадку і на падставах, вызначаных Працоўным кодэксам.
У той жа час пункт 5 артыкула 47 Працоўнага кодэкса змяшчае ўказанне не на дзяржаўную службовую асобу, з якой працоўны дагавор можа быць спынены, а на работніка, упаўнаважанага на выкананне дзяржаўных функцый. Аднак паняцце “асобы, упаўнаважаныя на выкананне дзяржаўных функцый” у цяперашні час у антыкарупцыйным заканадаўстве не прымяняецца.
У мэтах вырашэння калізіі паміж указанымі прававымі нормамі Працоўнага кодэкса і Закона “Аб барацьбе з карупцыяй” Канстытуцыйны Суд, асноўваючыся на прынцыпе прававой дакладнасці і неабходнасці забеспячэння аднастайнага разумення і прымянення норм заканадаўства, прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь.