Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
9 чэрвеня 1998 г. № З-65/98
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь пункта 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак” са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановамi Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 16 снежня 1994 г. № 12 i ад 28 чэрвеня 1996 г. № 8

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Суда Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, якi ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага акта: Паўлава В.I. — першага намеснiка Мiнiстра працы Рэспублiкi Беларусь;

 

прадстаўнiка Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, якi прыняў нарматыўны акт: Мiнца I.М. — суддзi, сакратара Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь пункта 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак” са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановамi Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 16 снежня 1994 г. № 12 i ад 28 чэрвеня 1996 г. № 8".

 

У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:

 

Ждановiч I.М. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь;

 

Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь;

 

Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 19 мая 1998 г. па прапанове Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў пункт 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак” са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановамi Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 16 снежня 1994 г. № 12 i ад 28 чэрвеня 1996 г. № 8 (Судовы веснiк, 1994, № 3; 1995, № 1; 1996, № 3).

 

Згодна з указаным пунктам пастановы “пры разглядзе спрэчак, якiя ўзнiкаюць у сувязi з прымяненнем мер дысцыплiнарнага спагнання да работнiкаў, якiя адмовiлiся ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi за захаванасць матэрыяльных каштоўнасцей, суды павiнны зыходзiць з умоў працоўнага дагавора. Калi выкананне абавязкаў па абслугоўванню матэрыяльных каштоўнасцей складае для работнiка яго асноўную працоўную функцыю, што агаворана пры прыёме на работу, i ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам з iм павiнен быць заключаны дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi, адмову ад заключэння такога дагавора без уважлiвых прычын неабходна разглядаць як невыкананне працоўных абавязкаў з усiмi выцякаючымi з гэтага вынiкамi. У выпадку адмовы работнiка ад заключэння дагавора па ўважлiвых прычынах, у тым лiку, калi раней выконваемая работа не патрабавала заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi i адсутнiчала магчымасць перавесцi работнiка з яго згоды на iншую работу, працоўны дагавор скасоўваецца ў прымяненнi да пункта 1 артыкула 33 КЗаП”.

 

У сваёй прапанове аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 38 пастановы Пленума Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь указаў, што заключэнне дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi — iстотная ўмова працы. Калi заключэнне дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi не было абумоўлена пры прыёме на работу, то работнiк у адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 25 КЗаП аб заключэннi такога дагавора павiнен быць папярэджаны не пазней чым за адзiн месяц. Калi ранейшыя iстотныя ўмовы працы не могуць быць захаваны, а работнiк не згодны на працяг работы ў новых умовах, то працоўны дагавор спыняецца па пункту 6 артыкула 29 КЗаП, а не па пункту 1 артыкула 33 КЗаП, як растлумачана ў пункце 38 пастановы Пленума.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шышко Г.Б., прадстаўнiкоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Кодэкса законаў аб працы i iншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

 

На падставе часткi чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыi Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзiдэнта дае заключэннi аб адпаведнасцi актаў Вярхоўнага Суда Канстытуцыi, мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь, законам, дэкрэтам i ўказам.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 7 Канстытуцыi дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй актаў заканадаўства. Прававыя акты або iх асобныя палажэннi, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымi палажэнням Канстытуцыi, не маюць юрыдычнай сiлы.

 

Згодна з артыкулам 137 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь вышэйшай юрыдычнай сiлай валодае Канстытуцыя. Законы, дэкрэты, указы i iншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на аснове i ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 1211 КЗаП пiсьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi могуць быць заключаны наймальнiкам з работнiкамi (якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту), што займаюць пасады або выконваюць работы, непасрэдна звязаныя з захаваннем, апрацоўкай, продажам (водпускам), перавозкай або прымяненнем у працэсе вытворчасцi перададзеных iм каштоўнасцей.

 

Пленум Вярхоўнага Суда ў пункце 38 пастановы растлумачыў, што пры разглядзе спрэчак, якiя ўзнiкаюць у сувязi з прымяненнем мер дысцыплiнарнага спагнання да работнiкаў, што адмовiлiся ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi за захаванасць матэрыяльных каштоўнасцей, суды павiнны зыходзiць з умоў працоўнага дагавора. Калi выкананне абавязкаў па абслугоўванню матэрыяльных каштоўнасцей складае для работнiка яго асноўную працоўную функцыю, што агаворана пры прыёме на работу, i ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам з iм павiнен быць заключаны дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi, адмову ад заключэння такога дагавора без уважлiвых прычын неабходна разглядаць як невыкананне працоўных абавязкаў з ўсiмi выцякаючымi з гэтага вынiкамi.

 

У выпадку адмовы работнiка ад заключэння дагавора па ўважлiвых прычынах, у тым лiку, калi раней выконваемая работа не патрабавала заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi i адсутнiчала магчымасць перавесцi работнiка з яго згоды на iншую работу, працоўны дагавор скасоўваецца ў прымяненнi да пункта 1 артыкула 33 КЗаП.

 

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што растлумачэнне Пленума Вярхоўнага Суда, дадзенае ў абзацы першым пункта 38 пастановы, адпавядае нормам Кодэкса законаў аб працы, а растлумачэнне, дадзенае ў абзацы другiм указанага пункта, супярэчыць нормам Кодэкса законаў аб працы.

 

Згодна з часткамi трэцяй i чацвёртай артыкула 25 КЗаП у сувязi з абгрунтаванымi вытворчымi, арганiзацыйнымi або эканамiчнымi прычынамi дапускаецца змяненне iстотных умоў працы пры працягу работы па той жа спецыяльнасцi, квалiфiкацыi або пасадзе. Аб змяненнi iстотных умоў працы — сiстэм i велiчынь аплаты працы, iльгот, рэжыму работы, устанаўлення або адмены няпоўнага рабочага часу, сумяшчэння прафесiй, змянення разрадаў i назвы пасад i iншых — работніку павінна быць паведамлена не пазней чым за адзін месяц. Калі ранейшыя істотныя ўмовы працы не могуць быць захаваны, а работнік не згодны на працяг работы ў новых умовах, то працоўны дагавор спыняецца па пункту 6 артыкула 29 КЗаП.

 

Прааналізаваўшы нормы працоўнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд адзначае, што змяненне памераў матэрыяльнай адказнасці работніка ў сувязі з заключэннем з ім пісьмовага дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці з’яўляецца змяненнем істотных ўмоў працы, якія могуць быць ажыццёўлены без згоды работніка па абгрунтаваных вытворчых, арганізацыйных або эканамічных прычынах. Калі пры прыёме на работу заключэнне такога дагавора не было абумоўлена, а пры працягу работы такая неабходнасць у наймальніка ўзнікла, то аб гэтым трэба паведаміць работніку не пазней чым за адзін месяц. Спыненне працоўнага дагавора ў гэтым выпадку дапускаецца па пункту 6 артыкула 29 КЗаП, калі нельга захаваць ранейшыя ўмовы працы, а работнік не згодны на працяг работы ў новых умовах.

 

Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю па пастаўленаму пытанню, Вярхоўны Суд у пісьмовым адказе ад 1 чэрвеня 1998 г. указаў, што “судовая практыка і вучоныя зыходзілі з таго, што для работнікаў, з якімі акрамя заключэння працоўнага дагавора неабходна заключэнне і дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці, абавязак па абслугоўванню матэрыяльных каштоўнасцей з’яўляецца не проста істотнай умовай працы, а выкананнем асноўнай працоўнай функцыі”. А таму, па меркаванню Вярхоўнага Суда, пры адмове работніка ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці па ўважлівых прычынах працоўны дагавор з ім скасоўваецца ў прымяненні да пункта 1 артыкула 33 КЗаП.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што гэты довад не заснаваны на нормах Кодэкса законаў аб працы.

 

Працоўнае заканадаўства ў мэтах аховы права грамадзян на працу ўстанаўлівае пералік падстаў, якія даюць права наймальніку скасоўваць працоўны дагавор па яго ініцыятыве, а таксама ўмовы іх прымянення.

 

Вярхоўны Суд у пункце 38 пастановы Пленума недакладна растлумачыў нормы працоўнага заканадаўства і фактычна вызначыў правапрымяняльную практыку, якая не заснавана на законе.

 

Пленум Вярхоўнага Суда пастановай ад 8 чэрвеня 1998 г. № 5 “Аб выкананні судамі пастановы № 5 Пленума Вярхоўнага Суда ад 17 чэрвеня 1994 г. (са змяненнямі ад 28 чэрвеня 1996 г.) “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак” пункт 38 з пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 17 чэрвеня 1994 г. выключыў.

 

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд можа вынесці рашэнне і ў адносiнах да актаў, заснаваных на правераным акце або ўзнаўляючых яго асобныя палажэнні, калі яны і не ўпаміналіся ў прапанове аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што выключэнне пункта 38 у цэлым з пастановы Пленума можа прывесці да неадназначнага прымянення на практыцы норм працоўнага заканадаўства пры вырашэнні пытання аб звальненні работніка ў выпадку яго адмовы ад заключэння пісьмовага дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці без уважлівых прычын. Канстытуцыйны Суд лічыць, што раней існаваўшая практыка ў гэтай частцы адпавядае закону і можа быць захавана.

 

Пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь уступіла ў законную сілу пасля яе прыняцця. Выключэнне пункта 38 з пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 17 чэрвеня 1994 г. закранае правы і законныя інтарэсы грамадзян, і таму ў дадзеным выпадку ўказаная норма да яе прымянення на практыцы павінна быць у адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі апублікавана або даведзена да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць не адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Кодэксу законаў аб працы пункт 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак” у частцы растлумачэння аб праве наймальніка на скасаванне працоўнага дагавора з работнікам па пункту 1 артыкула 33 КЗаП у выпадку адмовы работніка ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці па ўважлівых прычынах, у тым ліку, калі раней выконваемая работа не патрабавала заключэння такога дагавора і адсутнічала магчымасць перавесці работніка з яго згоды на іншую работу.

 

У сувязі з выключэннем пункта 38 з пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 прызнаць пункт 4 “ж” пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 8 чэрвеня 1998 г. “Аб выкананні судамі пастановы № 5 Пленума Вярхоўнага Суда ад 17 чэрвеня 1994 г. (са змяненнямі ад 28 чэрвеня 1996 г.) “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак” не маючым юрыдычнай сілы да яго апублікавання або давядзення да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.

 

2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе” і ў тых выданнях, дзе быў апублікаваны правяраемы нарматыўны акт, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч