Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 ліпеня 1998 г. № 3-70/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi — Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь: Лукашова А.I. — начальнiка аддзялення заканадаўства па пытаннях абароны i грамадскай бяспекi, праваахоўных i судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыялiста аддзела дзяржаўнага, крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнiк У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваненка П.I. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 лiпеня 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў пункт 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай першай артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым КПК) у якасцi сведкi для дачы паказанняў можа быць выклiкана любая асоба, якой могуць быць вядомы якiя-небудзь акалiчнасцi, што падлягаюць ўстанаўленню па дадзенай справе.

 

У адпаведнасцi з часткай другой гэтага артыкула не могуць дапытвацца ў якасцi сведкi:

 

1) адвакат, прадстаўнiк прафесiйнага саюза i iншай грамадскай арганiзацыi — аб акалiчнасцях, якiя сталi iм вядомы ў сувязi з выкананнем iмi абавязкаў абаронцы або прадстаўнiка;

 

2) асоба, якая ў сiлу сваiх фiзiчных або псiхiчных недахопаў няздольна правiльна ўспрымаць акалiчнасцi, якiя маюць значэнне для справы, i даваць аб iх правiльныя паказаннi;

 

3) блiзкiя сваякi, пералiчаныя ў пункце 9 артыкула 22 КПК, i члены сям’i асобы, якая ўчынiла злачынства;

 

4) свяшчэннаслужыцель — аб акалiчнасцях, якiя сталi яму вядомы ў сувязi з выкананнем рэлiгiйных абрадаў.

 

У сваёй прапанове Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь паставiў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 3 часткi другой артыкула 66 КПК, указаўшы, што дадзены пункт супярэчыць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркiсаву Э.А., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Крымiнальнага i Крымiнальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублiкi Беларусь, а таксама мiжнародна-прававых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

 

Пункт 3 часткi другой артыкула 66 КПК быў уключаны ў гэты артыкул Законам Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 1996 г. «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 23, арт. 416). Згодна з дадзеным пунктам не могуць дапытвацца ў якасцi сведкi блiзкiя сваякi, пералiчаныя ў пункце 9 артыкула 22 КПК, i члены сям’i асобы, якая ўчынiла злачынства.

 

У абгрунтаванне прыняцця закона, якi дапоўнiў артыкул 66 КПК пунктам 3, указвалася на неабходнасць прывядзення норм Крымiнальнага i Крымiнальна-працэсуальнага кодэксаў у адпаведнасць з Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 1994 г. «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi заўвагi да артыкула 177 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь» (Бюлетэнь першай сесii Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь трынаццатага склiкання, № 57, с. 22). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, унесены ў частку другую артыкула 66 КПК пункт 3 не грунтаваўся на дадзеным Заключэннi i нормах Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 27 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь нiхто не павiнен прымушацца да дачы паказанняў i тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’i, блiзкiх сваякоў.

 

У пункце «g» часткi трэцяй артыкула 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах указваецца, што кожны мае права пры разглядзе любога прад`яўляемага яму крымiнальнага абвiнавачання не быць прымушаным да дачы паказанняў супраць самога сябе або да прызнання сябе вiнаватым.

 

Аналiзуючы ўказаныя палажэннi Канстытуцыi i Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што блiзкiя сваякi i члены сям’i асобы, якая падазраецца або абвiнавачваецца ва ўчыненнi злачынства цi падсудная, маюць права не даваць паказанняў i тлумачэнняў супраць самiх сябе i гэтай асобы, а органы, якiя праводзяць дазнанне або папярэдняе следства, i суды не маюць права патрабаваць iх сведчання супраць самога сябе, членаў сваёй сям’i i блiзкiх сваякоў. Палажэннi артыкула 27 Канстытуцыi i артыкула 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах не ўтрымлiваюць абмежаванняў права сведак пры наяўнасцi iх згоды даваць паказаннi адносна самiх сябе, блiзкiх сваякоў i членаў сям’i падазронага або абвiнавачанага цi падсуднага, а таксама не з’яўляюцца падставай для вызвалення iх ад выканання абавязкаў сведкi, прадугледжаных крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам.

 

У артыкуле 22 Канстытуцыi замацаваны роўнасць усiх перад законам i права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў. Прадугледжанае пунктам 3 часткi другой артыкула 66 КПК абмежаванне права на дачу паказанняў сведак супярэчыць артыкулу 23 Канстытуцыi, якi дапускае абмежаванне правоў i свабод асобы толькi ў iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб. У артыкуле 58 Канстытуцыi замацавана палажэнне, што нiхто не можа быць прымушаны да адмаўлення ад сваiх правоў.

 

Згодна з артыкулам 15 КПК суд (суддзя), пракурор, следчы i асоба, якая праводзiць дазнанне, абавязаны прыняць усе прадугледжаныя законам меры да ўсебаковага, поўнага i аб’eктыўнага даследавання акалiчнасцей справы, выявiць як выкрываючыя, так i апраўдваючыя абвiнавачанага, а таксама змякчаючыя i абцяжваючыя яго адказнасць акалiчнасцi. У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 66 КПК у якасцi сведкi для дачы паказанняў можа быць выклiкана любая асоба, якой могуць быць вядомы якiя-небудзь акалiчнасцi, што падлягаюць устанаўленню па дадзенай справе. Такiя акалiчнасцi, устанаўленне якiх заклiкана садзейнiчаць усебаковаму, поўнаму i аб’ектыўнаму даследаванню i вырашэнню справы, могуць быць вядомы i блiзкiм сваякам або членам сям’i асобы, якая падазраецца або абвiнавачваецца ва ўчыненнi злачынства цi падсудная. Пры гэтым прадмет паказанняў па справе можа не вычэрпвацца толькi сведчаннем падзеi злачынства або вiнаватасцi ўказанай асобы ў яго ўчыненнi.

 

Артыкул 151 КПК абавязвае орган дазнання, следчага, пракурора i суд (суддзю) пры вядзеннi дазнання, папярэдняга следства i судовага разбору крымiнальнай справы выяўляць прычыны i ўмовы, якiя садзейнiчалi ўчыненню злачынства. Згодна з артыкулам 68 КПК сведка можа быць дапытаны аб любых акалiчнасцях, што падлягаюць устанаўленню па дадзенай справе, у тым лiку аб асобе абвiнавачанага, пацярпеўшага i аб сваiх узаемаадносiнах з iмi. У адпаведнасцi з артыкулам 151 КПК для выяўлення пэўных акалiчнасцей пры вядзеннi папярэдняга следства па справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, у лiку iншых сведак павiнны быць дапытаны i бацькi непаўналетняга. Аднак у сiлу таго, што згодна з пунктам 3 часткi другой артыкула 66 КПК блiзкiя сваякi i члены сям’i асобы, якая падазраецца або абвiнавачваецца ва ўчыненнi злачынства цi падсудная, не могуць дапытвацца ў якасцi сведак, iх права давесцi вядомыя iм акалiчнасцi да ведама ўпаўнаважаных органаў абмежавана. Такое абмежаванне значна звужае кола найбольш важных доказаў па крымiнальнай справе, якiмi з’яўляюцца паказаннi сведак, i з гэтай прычыны абцяжарвае ўстанаўленне iсцiны, а таксама iншых акалiчнасцей, якiя маюць iстотнае значэнне па справе.

 

У адпаведнасцi з пунктам «е» часткi трэцяй артыкула 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах кожны мае права пры разглядзе любога прад’яўляемага яму крымiнальнага абвiнавачання дапытваць паказваючых супраць яго сведак або мець права на тое, каб гэтыя сведкi былi дапытаны, i мець права на выклiк i допыт яго сведак на тых жа ўмовах, якiя iснуюць для сведак, паказваючых супраць яго. У артыкуле 14 КПК Рэспублiкi Беларусь указваецца, што падазроны, абвiнавачаны i падсудны маюць права на абарону. Асоба, якая праводзiць дазнанне, следчы, пракурор i суд (суддзя) абавязаны забяспечыць iм магчымасць абараняцца ўстанаўленымi законам сродкамi i спосабамi, а таксама ахову iх асабiстых i маёмасных правоў.

 

Устаноўленая пунктам 3 часткi другой артыкула 66 КПК забарона дапытваць у якасцi сведкi членаў сям’i i блiзкiх сваякоў асобы, якая ўчынiла злачынства, цягне i абмежаванне права падазронага або абвiнавачанага ва ўчыненнi злачынства цi падсуднага на абарону, паколькi блiзкiм сваякам або членам яго сям’i могуць быць вядомы iстотныя акалiчнасцi па справе, у тым лiку i апраўдваючыя гэтую асобу або змякчаючыя яго адказнасць. Указаная забарона абмяжоўвае таксама права i самiх блiзкiх сваякоў або членаў сям’i такой асобы на абарону сваiх асабiстых iнтарэсаў, якiя могуць быць парушаны ў працэсе крымiнальнага судаводства.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на некарэктнасць рэдакцыi пункта 3 часткi другой артыкула 66 КПК, у якой выкарыстоўваецца выраз «асоба, якая ўчынiла злачынства», таму што згодна з артыкулам 26 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым у злачынстве, калi яго вiна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана i ўстаноўлена ўступiўшым у законную сiлу прыгаворам суда.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 137 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя. У сувязi з гэтым прыярытэт павiнна мець канстытуцыйная норма. У сiлу таго, што ў адпаведнасцi з артыкулам 27 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь сведкi не могуць прымушацца да дачы паказанняў супраць самiх сябе, блiзкiх сваякоў i членаў сям’i асобы, якая падазраецца або абвiнавачваецца ва ўчыненнi злачынства, цi падсудная, следчы або суддзя абавязаны растлумачыць iм аб iх праве не сведчыць супраць сябе, указаных асоб i што адмова ад дачы iмi паказанняў у такiх выпадках не цягне крымiнальнай адказнасцi. Разам з гэтым сведкам павiнна быць паведамлена аб iх абавязку даваць iншыя паказаннi па справе, не звязаныя са сведчаннем супраць сябе, блiзкiх сваякоў i членаў сям’i падазронага, абвiнавачанага або падсуднага.

 

Згодна з артыкулам 112 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, калi пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыдзе да вываду аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта Канстытуцыi, ён прымае рашэнне ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй i ставiць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнаннi дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Артыкулам 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» прадугледжваецца права дзяржаўных органаў i iншых суб’ектаў выступаць з адпаведнай iнiцыятывай перад органамi i асобамi, упаўнаважанымi на ўнясенне ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасцi акта. Аднак пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 3 часткi другой артыкула 66 КПК, якi значна абцяжарвае ажыццяўленне крымiнальнага судаводства, правапрымяняльнымi органамi, за выключэннем Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, не ставiлася.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што палажэнне пункта 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь як абмяжоўваючае правы i абавязкi сведак, перашкаджаючае ажыццяўленню права падазронага, абвiнавачанага i падсуднага на абарону, супярэчыць артыкулам 22, 23, 26, 27, 58 Канстытуцыi, пунктам «е» i «g» часткi трэцяй артыкула 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, ратыфiкаванага Рэспублiкай Беларусь.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 34, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць пункт 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь не адпавядаючым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах.

 

Лiчыць гэту норму не маючай юрыдычнай сiлы з дня ўступлення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 1996 г. «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь».

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь неабходныя змяненнi i дапаўненнi ў адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў «Народнай газеце» i «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь».

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч