Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 ліпеня 1998 г. № 3-69/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавен-кі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Хадневiч Т.М. — намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы; Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыялiста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;

 

эксперта Кукрэш Л.I. — дацэнта кафедры крымiнальнага працэсу Акадэмii МУС Рэспублiкi Беларусь, кандыдата юрыдычных навук

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнiк У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Бажэлка А.А. — Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 25 мая 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі часткi трэцяя i чацвёртая артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай трэцяй артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым КПК) па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламi 68, 71, 74, 741, 77—79, 82, 100—105, 114—118, 122, 1221, 124—127, 128, 130—140, 149, 1492, 158, 159, 166—176, 1844, 1862, 1863, 187—1891, 1942, 198, 2082, 209—211, 216—218, 2194 часткай другой, 222, 227—247, 248 пунктамi «г» i «д», 249—258 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, папярэдняе следства праводзiцца следчымi органаў пракуратуры, а па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламi 61—67, 69, 72, 73, 731, 75, 76, 80, 81, 248 пунктамi «а», «б» i «в» Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, — таксама следчымi органаў дзяржаўнай бяспекi.

 

У адпаведнасцi з часткай чацвёртай артыкула 123 КПК па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламi 83, 84, 841, 842, 851, 852, 87—90, 92, 922, 93, 96 часткай другой, 97, 98, 106—109, 111, 112, 1121, 113 часткамi другой, трэцяй i чацвёртай, 1131, 119, 123, 1501—1506, 151 часткай другой, 1513—1524, 153 часткай другой, 154, 157, 160 часткай другой, 162, 811, 184, 1841, 1843, 190—192, 1971, 201 часткай трэцяй, 202, 203 часткай другой, 205—206, 2062, 2063, 2072 часткамi другой i трэцяй, 208, 2081, 2111—2115, 212—215, 219—2193, 2194 часткай першай, 2195—2197, 220—221, 223—225 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, па ўсiх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, папярэдняе следства праводзiцца таксама следчымi органаў унутраных спраў.

 

З просьбай аб унясеннi ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасцi ўказаных частак артыкула 123 КПК звярнуўся да Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь. У сваiм звароце ён, у прыватнасцi, указаў, што часткай чацвёртай артыкула 123 КПК устаноўлена, што па ўсiх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, папярэдняе следства праводзiцца таксама следчымi органаў унутраных спраў. У гэтай частцы артыкула падследнасць вызначана не ў залежнасцi ад санкцыi артыкула, а ў залежнасцi ад асобы, якая ўчынiла злачынства. З гэтага вынiкае, што закон па ўсiх катэгорыях крымiнальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, прадугледжвае iх расследаванне i следчымi органаў унутраных спраў, што пацвярджаецца шматгадовай судовай практыкай. Разам з тым Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, выносячы пастанову па канкрэтнай справе аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламi 74 i 100 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, ва ўчыненнi якiх сумесна з асобамi, дасягнуўшымi 18-гадовага ўзросту, удзельнiчалi i трое непаўналетнiх, указаў, што правядзенне следства па дадзенай справе следчым органаў унутраных спраў з’яўляецца iстотным парушэннем крымiнальна-працэсуальнага закона. Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь указаў, у прыватнасцi, што справы аб злачынствах, квалiфiкаваных артыкуламi 74 i 100 Крымiнальнага кодэкса, санкцыямi якiх прадугледжана выключная мера пакарання, падследныя толькi органам пракуратуры.

 

Такое тлумачэнне артыкула 123 КПК, па меркаванню Генеральнага пракурора, ставiць пад сумненне канстытуцыйнасць гэтай нормы, з’яўляецца памылковым па сутнасцi, супярэчыць сэнсу трэцяй i чацвёртай частак артыкула 123 КПК i, акрамя таго, дадзена ў парушэнне Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркiсаву Э.А., прадстаўнiкоў боку, эксперта, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса i iншых законаў Рэспублiкi Беларусь, мiжнародна-прававых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, следчую i судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 122 КПК папярэдняе следства па крымiнальных справах праводзiцца следчымi пракуратуры, а таксама следчымi органаў унутраных спраў i следчымi органаў дзяржаўнай бяспекi.

 

У артыкуле 123 КПК рэгламентуецца абавязковасць папярэдняга следства i падследнасць. Пры вызначэннi падследнасцi ў частках трэцяй i чацвёртай артыкула 123 КПК выкарыстаны 2 крытэрыi: вiд злачынства (прадметная падследнасць) i прыкметы суб’екта злачынства (персанальная падследнасць).

 

Вызначыўшы канкрэтныя катэгорыi злачынстваў, крымiнальныя справы аб якiх падследныя органам пракуратуры, органам дзяржаўнай бяспекi або органам унутраных спраў, закон прадаставiў права следчым органаў унутраных спраў таксама праводзiць папярэдняе следства па ўсiх крымiнальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi.

 

Прааналiзаваўшы развiццё крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, якое прадугледжвае падследнасць крымiнальных спраў, Канстытуцыйны Суд устанавiў, што да 1978 года вядзенне папярэдняга следства па ўсiх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, было аднесена да кампетэнцыi следчых органаў пракуратуры. Аднак указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета рэспублiкi ад 11 мая 1978 г. (ЗЗ БССР, 1978, № 14, арт. 269), унёсшым змяненнi ў часткi трэцюю i чацвёртую артыкула 123 КПК, права вядзення папярэдняга следства па ўсiх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, было прадастаўлена таксама следчым органаў унутраных спраў. Такое пашырэнне падследнасцi органаў унутраных спраў тлумачылася тым, што гэтыя органы, маючы ў сваiм складзе iнспекцыi па справах непаўналетнiх, а таксама валодаючы магчымасцямi забеспячэння комплекснага падыходу да прафiлактыкi злачыннасцi сярод непаўналетнiх, маглi на якасным узроўнi праводзiць i расследаванне дадзенай катэгорыi крымiнальных спраў. Разам з тым указаная падследнасць органаў унутраных спраў крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам не прызнавалася выключнай. Такiя справы мелi права расследаваць i органы пракуратуры, а таксама органы дзяржаўнай бяспекi.

 

Ацанiўшы змест артыкула 123 КПК у дзеючай рэдакцыi, Кастытуцыйны Суд адзначае, што органы ўнутраных спраў i пракуратуры як органы дзяржавы заклiканы пры ажыццяўленнi сваiх функцый ахоўваць правы i свабоды асобы, што непасрэдна замацавана ў Канстытуцыi i законах, якiя рэгулююць дзейнасць гэтых органаў.

 

Артыкулам 7 Канстытуцыi прадугледжана, што дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць ў межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю актаў заканадаўства.

 

Згодна з артыкулам 59 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы. Гэтыя органы i асобы нясуць адказнасць за дзеяннi, якiя парушаюць правы i свабоды асобы.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 2 Закона «Аб Пракуратуры Рэспублiкi Беларусь» органы пракуратуры поруч з iншымi функцыямi ажыццяўляюць таксама расследаванне злачынстваў. У артыкуле 5 дадзенага Закона ўказваецца, што пры ажыццяўленнi сваёй дзейнасцi пракурорскiя работнiкi забяспечваюць захаванне гарантаваных дзяржавай правоў i свабод асобы незалежна ад грамадзянства, сацыяльнага i маёмаснага становiшча, расавай i нацыянальнай прыналежнасцi, мовы, полу, узросту, адукацыi, адносiн да рэлiгii, палiтычных i iншых перакананняў.

 

Палажэннем аб Мiнiстэрстве ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь на органы ўнутраных спраў ускладзена вядзенне папярэдняга следства ў межах iх кампетэнцыi. Згодна з артыкулам 6 Закона «Аб мiлiцыi» мiлiцыя абараняе кожнага чалавека незалежна ад яго грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага i iншага становiшча, расавай i нацыянальнай прыналежнасцi, мовы, полу, узросту, адукацыi, адносiн да рэлiгii, палiтычных i iншых перакананняў.

 

Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб правах дзiцяцi» i Канвенцыяй «Аб правах дзiцяцi», ратыфiкаванай Рэспублiкай Беларусь 28 лiпеня 1990 г., на органы дзяржавы ўскладаецца абавязак абароны правоў i iнтарэсаў непаўналетнiх. Такая абарона павiнна забяспечвацца i ў працэсе расследавання крымiнальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, як следчымi органаў пракуратуры, так i следчымi органаў унутраных спраў. Прававой гарантыяй роўнай абароны правоў непаўналетнiх, якiя абвiнавачваюцца ва ўчыненнi злачынстваў, забеспячэння аб`ектыўнага i ўсебаковага даследавання i вырашэння справы, незалежна ад органа, якi яе расследаваў, з`яўляецца прадугледжаная артыкулам 49 КПК магчымасць допуску абаронцы да ўдзелу ў справе ўжо з моманту прад`яўлення абвiнавачання.

 

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прадастаўленне органам унутраных спраў права праводзiць папярэдняе следства па ўсiх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, не супярэчыць Канстытуцыi i не парушае правоў i законных iнтарэсаў грамадзян.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» пры праверцы акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як лiтаральны яго сэнс, так i сэнс, якi надаецца яму практыкай прымянення.

 

Канстытуцыйны Суд, вывучыўшы практыку прымянення частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 КПК, адзначае, што на працягу доўгага часу як следчая, так i судовая практыка Рэспублiкi Беларусь фармiравалася зыходзячы з разумення таго, што органы ўнутраных спраў маглi праводзiць папярэдняе следства як па крымiнальных справах аб усiх злачынствах, ўчыненых толькi непаўналетнiмi, так i па справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi ў саўдзеле з асобамi, якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту. Папярэдняе следства па крымiнальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, у тым лiку i ў саўдзеле з асобамi, якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту, на практыцы праводзiлася i следчымi органаў пракуратуры, паколькi закон не выключае права расследавання такiх спраў гэтымi органамi. Суды на працягу многiх гадоў разглядалi крымiнальня справы аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi або з iх удзелам, расследаваныя следчымi органаў унутраных спраў, не вяртаючы iх у сувязi з гэтым на дадатковае расследаванне па матывах iстотнага парушэння крымiнальна-працэсуальнага закона. Аднак Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь сваёй пастановай ад 19 чэрвеня 1997 г. па канкрэтнай справе поруч з iншымi падставамi для накiравання справы на дадатковае расследаванне ўказаў, у прыватнасцi, што «папярэдняе расследаванне па справе ў парушэнне патрабаванняў ч.3 арт.123 КПК было праведзена не следчым пракуратуры, а следчым органаў унутраных спраў, што з’яўляецца iстотным парушэннем норм крымiнальна-працэсуальнага закона, таму што справы аб злачынствах, квалiфiкаваных па арт.арт. 74, 100 КК, санкцыямi якiх прадугледжана выключная мера пакарання, падследныя толькi органам пракуратуры» (Судовы веснiк, 1997, № 3, с.25).

 

Канстытуцыйны Суд у сувязi з гэтым адзначае, што спрэчка аб падследнасцi крымiнальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi ў саўдзеле з асобамi, якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту, магла ўзнiкнуць з прычыны неадназначнага разумення ў тэорыi i на практыцы зместу частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 КПК, выкарыстоўваючых розныя крытэрыi вызначэння падследнасцi, iх супярэчнасцi i недастаткова дакладнай рэдакцыi. Пленум Вярхоўнага Суда ў сваёй пастанове ад 19 чэрвеня 1997 г., вынесенай па канкрэтнай справе, пры абгрунтаваннi iстотнага парушэння норм крымiнальна-працэсуальнага закона, дапушчанага пры расследаваннi гэтай справы, фактычна даў такое тлумачэнне закона, якое змянiла падыход да разумення сэнсу частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 КПК. У прыватнасцi, ва ўказаным артыкуле адсутнiчае такi крытэрый аднясення крымiнальных спраў да выключнай падследнасцi органаў пракуратуры, як санкцыя крымiнальнага закона ў выглядзе пакарання смерцю, паколькi ў частцы трэцяй гэтага артыкула прадугледжана падследнасць крымiнальных спраў органам пракуратуры ў залежнасцi ад вiду злачынства (прадметная падследнасць). Не адпавядае сэнсу ўказаных норм i растлумачэнне Пленума Вярхоўнага Суда аб тым, што справы аб злачынствах, квалiфiкаваных па артыкулах 74, 100 КК, падследныя толькi органам пракуратуры. Зыходзячы з аналiзу часткi чацвёртай артыкула 123 КПК можна зрабiць адназначны вывад, што справы аб такiх злачынствах могуць быць падследныя i органам унутраных спраў у выпадках, калi яны ўчыняюцца толькi непаўналетнiмi.

 

Згодна з артыкулам 125 Канстытуцыi пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаваннi злачынстваў. Ажыццяўляючы наглядную функцыю, пракурор у адпаведнасцi з пунктам 9 артыкула 211 КПК у мэтах забеспячэння найбольш поўнага i аб“ектыўнага расследавання мае права перадаць справу ад аднаго органа папярэдняга следства другому. Згодна з артыкулам 212 КПК указаннi пракурора органам дазнання i папярэдняга следства ў сувязi з узбуджэннем i расследаваннем iмi крымiнальных спраў, дадзеныя ў парадку, прадугледжаным Крымiнальна-працэсуальным кодэксам, з’яўляюцца для гэтых органаў абавязковымi. З указаных норм КПК вынiкае, што пракурору належыць i права прыняцця рашэння аб падследнасцi крымiнальнай справы аб злачынствах, падследных розным органам. Такi падыход замацаваны ў частцы сёмай артыкула 234 Мадэльнага крымiнальна-працэсуальнага кодэкса, прынятага Мiжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў - удзельнiц Садружнасцi Незалежных Дзяржаў 17 лютага 1996 г.

 

У перыяд вядзення па гэтай справе з мэтай заканадаўчага замацавання парадку i падстаў размежавання падследнасцi па складаных, шматэпiзодных справах аб злачынствах, падследных розным органам папярэдняга следства, Законам ад 9 лiпеня 1998 г. «Аб унясеннi дапаўнення i змянення ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь» артыкул 123 КПК дапоўнены новай часткай наступнага зместу: «Пры злучэннi ў адным вядзеннi спраў, падследных розным органам папярэдняга следства або дазнання, а таксама калi ў ходзе расследавання будуць выяўлены злачынствы, справы аб якiх адносяцца да падследнасцi iншых органаў папярэдняга следства або дазнання, падследнасць вызначаецца пракурорам».

 

У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што права на прыняцце рашэнняў аб падследнасцi крымiнальных спраў належыць органам пракуратуры ў межах iх кампетэнцыi i што прымаемыя органамi пракуратуры рашэннi аб перадачы органам унутраных спраў для расследавання крымiнальных спраў аб злачынствах, указаных у частцы трэцяй артыкула 123 КПК, учыненых у саўдзеле з непаўналетнiмi, не супярэчаць сэнсу закона.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 34, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць адпаведнымi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь часткi трэцюю i чацвёртую артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, маючы на ўвазе, што органы ўнутраных спраў, як i органы пракуратуры, маюць права праводзiць папярэдняе следства па крымiнальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi, а таксама, што крымiнальна-працэсуальны закон не выключае магчымасцi прыняцця органамi пракуратуры ў межах iх кампетэнцыi рашэнняў аб перадачы для расследавання следчым органаў унутраных спраў крымiнальных спраў аб злачынствах, прадугледжаных у частцы трэцяй артыкула 123 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, учыненых непаўналетнiмi або ў саўдзеле з iмi.

 

2. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў «Народнай газеце» i «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь».

 

3. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч