26 чэрвеня 1998 г. № 3-68/98
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствую-чага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шышко Г.Б., Шукліна В.З.
з удзелам прадстаўнікоў бакоў:
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Дубовіка М.М. — члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорту; Жышкевіча У.I. — начальніка ўпраўлення законапраектнай работы, намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь».
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М.— намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ждановіч І.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Іваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 19 мая 1998 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
Праверцы падлягала частка другая артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь (ЗЗ БССР,
У сваёй прапанове ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КаШС) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь указаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 113 КаШС усынаўленне праводзіцца рашэннем выканаўчага камітэта раённага, гарадскога, раённага ў горадзе Савета дэпутатаў па просьбе асобы, якая жадае ўсынавіць дзіця. У прапанове адзначана, што згодна з часткай чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыі дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькi на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, Канвенцыі аб правах дзіцяці і іншых міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 112 КаШС усынаўленне дапускаецца толькі ў адносінах да непаўналетніх дзяцей і ў іх інтарэсах.
Згодна з артыкулам 113 КаШС усынаўленне праводзіцца рашэннем выканаўчага камітэта раённага, гарадскога або раённага ў горадзе Савета дэпутатаў (у цяперашні час — выканаўчыя і распарадчыя органы раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах) па просьбе асобы, якая жадае ўсынавіць дзіця. Прадугледжаны дадзеным артыкулам парадак прымяняецца як у выпадках, калі ўсынаўленне ажыццяўляецца са згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, так і ў выпадках, калі такой згоды няма.
Для ўсынаўлення патрэбна згода бацькоў дзіцяцi, не пазбаўленых бацькоўскіх правоў (частка першая артыкула 115 КаШС). З гэтага правіла ёсць некалькі выключэнняў, якiя дапускаюць усынаўленне без згоды бацькоў.
Часткай першай артыкула 116 КаШС прадугледжана, што для ўсынаўлення не патрабуецца згоды бацькоў, калi яны пазбаўлены бацькоўскiх правоў або прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi або адсутнымi без вестак.
Частка другая ўказанага артыкула вызначае ўмовы, калi ўсынаўленне можа быць праведзена без згоды бацькоў, не пазбаўленых бацькоўскiх правоў, дзеяздольных, гэта значыць здольных разумець значэнне сваiх дзеянняў, кiраваць iмi i прадбачыць вынiкi iх учынення, i не прызнаных адсутнымi без вестак. У ёй прадугледжана, што ўсынаўленне можа быць праведзена без згоды бацькоў, калi яны больш за шэсць месяцаў не пражываюць сумесна з дзiцем i без уважлiвых прычын, нягледзячы на папярэджанне органаў апекi i папячыцельства, не прымаюць удзелу ў яго выхаваннi i ўтрыманнi, не праяўляюць у адносiнах да дзiцяцi бацькоўскай увагi i клопату.
У адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 32 Канстытуцыi бацькi або асобы, якiя iх замяняюць, маюць права i абавязаны выхоўваць дзяцей, клапацiцца аб iх здароўi, развiццi i навучаннi. Асноўны Закон вызначае, што выхаванне, клопат аб здароўi дзяцей, iх развiццi i навучаннi з’яўляецца не толькi правам, але i абавязкам бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць.
Згодна з часткай чацвёртай указанага артыкула Канстытуцыi дзецi могуць быць аддзелены ад сваёй сям’i супраць волi бацькоў i iншых асоб, якiя iх замяняюць, толькi на падставе рашэння суда, калi бацькi або iншыя асобы, якiя iх замяняюць, не выконваюць сваiх абавязкаў.
Судовы парадак аддзялення дзяцей супраць волi бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, устаноўлены ў Рэспублiцы Беларусь з прыняццем Канстытуцыi 1994 года са змяненнямi i дапаўненнямi на рэспублiканскiм 1996 года рэферэндуме.
Зыходзячы са зместу ўказаных норм Канстытуцыi вынiкае, што аддзяленне дзiцяцi ад сваёй сям’i без згоды бацькоў магчыма ў выпадках, калi бацькi не выконваюць сваiх абавязкаў па выхаванню дзяцей, не клапоцяцца аб iх здароўi, развiццi, навучаннi, i прычым такое аддзяленне магчыма толькi на падставе рашэння суда.
Усынаўленне ў выпадках, прадугледжаных часткай другой артыкула 116 КаШС, прыводзiць да аддзялення дзяцей ад сваёй сям’i супраць волi бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць. Паколькi часткай чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыi прадугледжаны толькi судовы парадак такога аддзялення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы аб неадпаведнасцi пазасудовага парадку ўсынаўлення, калi яно ажыццяўляецца супраць волi бацькоў, парадку, устаноўленаму Канстытуцыяй.
Парадак усынаўлення дзяцей у выпадках, прадугледжаных часткай другой артыкула 116 КаШС, вызначаны ў артыкуле 113 дадзенага Кодэкса. У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ўказаныя нормы Кодэкса аб шлюбе i сям’i дапускаюць магчымасць усынаўлення дзяцей супраць волi бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, у пазасудовым парадку, што не адпавядае артыкулу 32 Канстытуцыi.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў таксама да высновы аб неадпаведнасцi правяраемых палажэнняў Кодэкса аб шлюбе i сям’i Рэспублiкi Беларусь мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь.
Згодна з артыкулам 23 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах сям’я з’яўляецца натуральнай i асноўнай ячэйкай грамадства i мае права на абарону з боку грамадства i дзяржавы. Артыкулам 24 Пакта прадугледжана, што кожнае дзiця без усякай дыскрымiнацыi мае права на такiя меры абароны, якiя патрабуюцца ў яго палажэннi як малалетняга з боку яго сям’i, грамадства i дзяржавы. Кожная дзяржава, якая ўдзельнiчае ў гэтым Пакце, узяла на сябе абавязацельства развiваць магчымасцi судовай абароны (артыкул 2).
У адпаведнасцi з артыкулам 9 Канвенцыi аб правах дзiцяцi дзяржавы-удзельнiцы забяспечваюць, каб дзiця не разлучалася са сваiмi бацькамi насуперак iх жаданню, за выключэннем выпадкаў, калi кампетэнтныя органы, згодна з судовым рашэннем, вызначаюць у адпаведнасцi з прымянiмым законам i працэдурамi, што такое разлучэнне неабходна ў найлепшых iнтарэсах дзiцяцi.
У адпаведнасцi з артыкулам 137 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя.
Згодна з артыкулам 142 Канстытуцыi законы, указы i iншыя акты, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, павiнны прымяняцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 34, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць частку другую артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе i сям’i Рэспублiкi Беларусь у той меры, у якой яна дапускае ўсынаўленне дзяцей без згоды бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, у пазасудовым парадку, прадугледжаным артыкулам 113 дадзенага Кодэкса, не адпавядаючай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Канвенцыi аб правах дзiцяцi. Лiчыць гэту норму не маючай юрыдычнай сiлы з моманту прыняцця гэтага Заключэння.
2. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Кодэкс аб шлюбе i сям’i Рэспублiкi Беларусь неабходныя змяненнi i дапаўненнi ў адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.
3. Да ўнясення змяненняў i дапаўненняў у Кодэкс аб шлюбе i сям’i Рэспублiкi Беларусь павiнна ў адпаведнасцi з артыкуламi 137 i 142 Канстытуцыi непасрэдна прымяняцца норма часткi чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыi, якая вызначае судовы парадак аддзялення дзяцей ад сваёй сям’i супраць волi бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць.
4. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў «Народнай газеце» i «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь».
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А.Васілевіч