Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
19 чэрвеня 1998 г. № З-66/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях: Гапонцавай А.А. — намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

 

Аляксандрава В.М. — намесніка старшыні Камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў;

 

Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства Упраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

 

Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Пташнік У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Ждановіч І.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Іваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 19 мая 1998 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў артыкул 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (ЗЗ БССР, 1984 г., № 35, арт.505). Згодна з указаным артыкулам адміністрацыйнае затрыманне, асабісты надгляд, надгляд рэчаў і адабранне рэчаў і дакументаў могуць быць абскарджаны зацікаўленай асобай у вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору.

 

У сваёй прапанове ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь указаў, у прыватнасці, што немагчымасць абскарджання затрымання ў судовым парадку ўваходзіць у супярэчнасць з артыкулам 25 Канстытуцыі, які прадугледжвае права асобы на судовую праверку законнасці яе затрымання, а таксама артыкулам 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), другіх законаў, а таксама міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Згодна з артыкулам 239 КаАП у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўчымі актамі, у мэтах спынення адміністрацыйных правапарушэнняў, калі вычарпаны іншыя меры ўздзеяння, устанаўлення асобы, складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні пры немагчымасці складання яго на месцы, калі складанне пратакола з’яўляецца абавязковым, забеспячэння своечасовага і правільнага разгляду спраў і выканання пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях дапускаюцца адміністрацыйнае затрыманне асобы, асабісты надгляд, надгляд рэчаў і адабранне рэчаў і дакументаў.

 

Артыкулам 241 КаАП прадугледжана, што адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа праводзіцца ўпаўнаважанымі органамі (службовымі асобамі) у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй (органамі ўнутраных спраў (міліцыі), пагранічнымі войскамі, старшай у месцы знаходжання ахоўваемага аб’екта службовай асобай ваенізаванай аховы, службовымі асобамі ваеннай аўтамабільнай інспекцыі, службовымі асобамі таможных органаў).

 

Згодна з артыкулам 242 КаАП адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа працягвацца не больш трох гадзін. У выключных выпадках, у сувязі з асаблівай неабходнасцю заканадаўчымі актамі могуць быць устаноўлены больш працяглыя тэрміны адміністрацыйнага затрымання.

 

У адпаведнасці з заканадаўствам адміністрацыйнае затрыманне з’яўляецца мерай адміністрацыйнага ўздзеяння, якая забяспечвае вядзенне па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па свайму характару адміністрацыйнае затрыманне, якое заключаецца ў прымусовым абмежаванні свабоды асобы на вызначаны тэрмін, закранае яе права на недатыкальнасць і годнасць.

 

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае, што кожны чалавек мае права на свабоду і на асабістую недатыкальнасць (артыкул 3); ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або затрыманню (артыкул 9); кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, якія прадастаўлены яму канстытуцыяй або законам (артыкул 8).

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах таксама прадугледжваецца, што кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць і ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай; кожнаму, хто пазбаўлены свабоды з прычыны арышту або ўтрымання пад вартай, належыць права на разбор яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці яго затрымання і распарадзіцца аб яго вызваленні, калі затрыманне незаконнае (артыкул 9); кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязуецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2). Права на судовы разгляд законнасці затрымання гарантуецца артыкулам 9 Пакта незалежна ад характару затрымання.

 

Права кожнага чалавека на свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама на судовую абарону ў выпадку затрымання адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.

 

Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Артыкулам 21 Канстытуцыі прадугледжваецца, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязкамі дзяржавы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 25 Канстытуцыі дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам. Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.

 

Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыi кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прадугледжаны артыкулам 246 КаАП парадак абскарджання мер адмiнiстрацыйнага ўздзеяння ў вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору сам па сабе не супярэчыць абвешчаным у Канстытуцыі гарантыям правоў i свабод чалавека i грамадзянiна: ён заклiканы забяспечыць аператыўнае ўстараненне парушэнняў закона, якiя дапускаюцца ў правапрымяняльнай практыцы. Аднак устаноўлены ў артыкуле 246 КаАП парадак абскарджання фактычна выключыў магчымасць падачы зацiкаўленымi асобамi скаргi ў суд.

 

Пытаннi абскарджання ў суд арышту або працягнення ўтрымання пад вартай у крымiнальна-працэсуальным судаводстве былi вырашаны ў Законе ад 3 сакавiка 1994 года, г.зн. да прыняцця Канстытуцыi 1994 года. Што датычыць вядзення па справах аб адмiнiстрацыйных  правапарушэннях, то артыкул 246 КаАП не прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, у сувязi з чым насуперак артыкулу 60 Канстытуцыi рашэннi ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў (службовых асоб) па пытаннях прымянення мер адмiнiстрацыйнага ўздзеяння, устаноўленых у артыкуле 246 КаАП, застаюцца па-за судовым кантролем.

 

Ацэньваючы довады прадстаўнiка Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь аб тым, што палажэннi артыкула 246 КаАП не супярэчаць артыкулу 25 Канстытуцыi, паколькi, па яго меркаванню, указаны артыкул Канстытуцыi вырашае пытаннi затрымання толькi як крымiнальна-працэсуальнай меры, Канстытуцыйны Суд адзначае, што падобнае тлумачэнне абмяжоўвае сферу  дзейнасцi артыкула 25 Канстытуцыi i не стасуецца з нормамi мiжнароднага права. Пад затрыманай асобай разумеецца любая асоба, пазбаўленая асабiстай свабоды не ў вынiку асуджэння за ўчыненне правапарушэння (Звод прынцыпаў абароны ўсiх асоб, якiя падвяргаюцца затрыманню або зняволенню ў якой бы то нi было форме. Зацверджаны рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеi ААН ад 9 снежня 1988 года); адмiнiстрацыйнае затрыманне азначае ўзяцце пад варту асобы дзяржавай без прад’яўлення гэтай асобе абвiнавачвання ва ўчыненнi злачынства i без судовага разгляду затрымання (Правы чалавека i папярэдняе зняволенне. // Зборнiк мiжнародных стандартаў, якiя датычаць папярэдняга зняволення. ООН. Нью-Йорк i Жэнева, 1994).

 

У артыкуле 246 КаАП апрача абскарджання адмiнiстрацыйнага затрымання рэгулююцца таксама пытаннi абскарджання асабiстага надгляду, надгляду рэчаў i адабрання рэчаў i дакументаў. Як i затрыманне, указаныя дзеяннi могуць быць абскарджаны зацiкаўленай асобай у вышэйстаячы  орган (службовай асобе) або пракурору.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 243 КаАП асабiсты надгляд i надгляд рэчаў  могуць праводзiцца  ўпаўнаважанымi  на тое службовымi асобамi адпаведных дзяржаўных органаў. Аб асабiстым надглядзе i надглядзе рэчаў складаецца пратакол цi робiцца адпаведны запiс у пратаколе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi або ў пратаколе аб адмiнiстрацыйным затрыманнi.

 

Артыкулам 244 КаАП устаноўлена, што рэчы i дакументы, якiя з’яўляюцца сродкам або непасрэдным аб’ектам правапарушэння, выяўленыя пры затрыманнi, асабiстым  надглядзе або надглядзе рэчаў, адбiраюцца службовымi асобамi органаў, прадугледжаных у артыкуле 241 i 243 КаАП. У выпадку адабрання рэчаў i дакументаў аб гэтым складаецца пратакол цi робiцца адпаведны запiс у пратаколах аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, аб надглядзе рэчаў або аб адмiнiстрацыйным затрыманнi.

 

Аналiз зместу прыведзеных артыкулаў КаАП паказвае, што асабiсты надгляд i надгляд рэчаў, адабранне рэчаў i дакументаў могуць мець месца як пры адмiнiстрацыйным затрыманнi асобы, так i не ў сувязi з затрыманнем. З улiкам характару ўказаных мер  Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры iх прымяненнi таксама могуць быць парушаны ахоўваемыя Канстытуцыяй правы i свабоды грамадзян, перш за ўсё, недатыкальнасць i годнасць асобы (артыкул 25 Канстытуцыi), неўмяшанне ў асабiстае жыццё (артыкул 28 Канстытуцыi), недатыкальнасць уласнасцi (артыкул 44 Канстытуцыi).

 

У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд прыходзiць да высновы, што асабiсты надгляд i надгляд рэчаў, адабранне рэчаў i дакументаў таксама могуць быць  абскарджаны зацiкаўленай асобай не толькi ў вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору, але i ў адпаведнасцi з артыкулам 60 Канстытуцыi — у суд.

 

Артыкулам 7 Канстытуцыi прадугледжана, што дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй актаў заканадаўства.

 

Згодна з артыкулам 137 Канстытуцыi законы выдаюцца на падставе i ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй, якая валодае вышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя.

 

Артыкулам 142 Канстутыцыi ўстаноўлена, што законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi.

 

Канстытуцыйны Суд прыходзiць да высновы, што палажэннi артыкула 246 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях як абмяжоўваючыя права грамадзянiна на доступ да правасуддзя, перашкаджаючыя рэалiзацыi права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй абарону яго правоў i свабод незалежным i непрадузятым судом, супярэчаць артыкулам 25, 28, 44 i 60 Канстытуцыi, а таксама Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах, ратыфiкаванаму Рэспублiкай Беларусь.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць артыкул 246 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб  адмiнiстрацыйных правапарушэннях не адпавядаючым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах у той меры, у якой ён не прадугледжвае судовае абскарджанне адмiнiстрацыйнага затрымання, асабiстага надгляду, надгляду рэчаў i адабрання рэчаў i дакументаў.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, другiя законы змяненнi i дапаўненнi, якiя забяспечваюць рэалiзацыю права грамадзян на абскарджанне ў суд адмiнiстрацыйнага затрымання, асабiстага надгляду, надгляду рэчаў, адабрання рэчаў i дакументаў у адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.

 

3. Да ўнясення змяненняў i дапаўненняў у Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i iншыя нарматыўныя акты па пытаннях судовага абскарджання адмiнiстрацыйнага затрымання, асабiстага надгляду, надгляду рэчаў, адабрання рэчаў i дакументаў у адпаведнасцi з артыкуламi 137 і 142 Канстытуцыi павiнна непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыi.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч