Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13 снежня 1999 г. № Р-91/99
Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогi ў крымiнальным працэсе

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты Рэспублiканскай калегii адвакатаў, што датычаць забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогi ў крымiнальным працэсе, у прыватнасцi, непрадастаўлення адвакату права на спатканне з асобай, якая затрымана па падазрэнню ва ўчыненнi злачынства i знаходзiцца пад вартай да прад’яўлення ёй абвiнавачання.

 

Прааналiзаваўшы нормы Канстытуцыi, законаў, мiжнародна-прававых актаў, вывучыўшы практыку прымянення норм крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

 

Артыкулам 49 дзеючага Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — КПК) устаноўлена, што ў выпадку затрымання асобы, якая падазраецца ва ўчыненнi злачынства, або прымянення да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту да прад’яўлення абвiнавачання абаронца дапускаецца да ўдзелу ў справе з моманту аб’яўлення асобе пратакола затрымання або пастановы аб прымяненнi гэтай меры стрымання, але не пазней дваццацi чатырох гадзiн з моманту затрымання або заключэння пад варту. Артыкул 53 КПК прадугледжвае права абаронца мець з абвiнавачваным спатканнi сам-насам без абмежавання iх колькасцi i працягласцi толькi пасля прад’яўлення абвiнавачання.

 

Аналiз зместу гэтых норм КПК i практыкi iх прымянення сведчыць аб тым, што з моманту аб’яўлення пратакола затрымання або пастановы аб заключэннi пад варту да прад’яўлення абвiнавачання грамадзянiн не мае права на спатканне з абаронцам, у якасцi якога можа выступаць адвакат, у мэтах атрымання юрыдычнай дапамогi: аказанне грамадзянiну такой дапамогi абмежавана ўдзелам адваката толькi ў крымiнальна-працэсуальных дзеяннях, якiя праводзяцца ў перыяд следства па крымiнальнай справе. Заканадаўствам не прадастаўлена абаронцу права мець спатканнi ва ўмовах канфiдэнцыяльнасцi i з падсудным.

 

Гэта не адпавядае Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i нормам мiжнароднага права.

 

Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыi кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення абароны правоў i свабод, у тым лiку i права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, грамадскiх аб’яднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца.

 

У Законе “Аб адвакатуры”, прынятым пазней чым КПК, вызначаны парадак, умовы i вiды прававой дапамогi, якую адвакаты аказваюць грамадзянам у Рэспублiцы Беларусь. Артыкулам 17 гэтага Закона прадугледжана права адваката бесперашкодна мець зносiны сам-насам з падазроным, абвiнавачваным i падсудным, у тым лiку i з тымi, якiя знаходзяцца пад вартай.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 2 Канстытуцыi чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы. Канстытуцыя ўскладае на дзяржаву забеспячэнне свабоды i недатыкальнасцi асобы (артыкул 25), абвяшчае абарону правоў i свабод грамадзян найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21), замацоўвае роўнасць усiх перад законам i права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22).

 

Артыкул 8 Канстытуцыi прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i абавязвае дзяржаву забяспечыць адпаведнасць iм заканадаўства. Згодна з артыкулам 15 Закона “Аб мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы мiжнароднага права i нормы мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, якiя ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь права.

 

Звод прынцыпаў абароны ўсiх асоб, якiя падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то нi было форме, зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН 9 снежня 1988 г., устанаўлiвае: затрыманая асоба мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогi з боку адваката (прынцыпы 11, 17); асоба, якая затрымана або знаходзiцца ў заключэннi, мае права звязвацца i кансультавацца з адвакатам, для гэтага ёй прадастаўляюцца неабходны час i ўмовы для правядзення такiх кансультацый; права асобы, якая затрымана або знаходзiцца ў заключэннi, на яе наведванне адвакатам, на кансультацыi i на сувязь з ёй, без прамаруджвання або цэнзуры i ва ўмовах поўнай канфiдэнцыяльнасцi, не можа быць часова адменена або абмежавана, акрамя выключных акалiчнасцей, што вызначаюцца законам або ўстаноўленымi ў адпаведнасцi з законам правiламi, калi, па меркаванню судовага або iншага органа, гэта неабходна для падтрымання бяспекi i парадку; спатканнi асобы, якая затрымана або знаходзiцца ў заключэннi, з яе адвакатам могуць мець месца ва ўмовах, што дазваляюць службовай асобе праваахоўных органаў бачыць iх, але не чуць (прынцып 18).

 

Асноўныя прынцыпы, якiя датычаць ролi юрыстаў, прынятыя восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанню злачыннасцi i абыходжанню з правапарушальнiкамi 7 верасня 1990 г., прадугледжваюць, што ўсiм арыштаваным, затрыманым або заключаным у турму асобам прадастаўляюцца належныя магчымасцi, час i ўмовы для наведвання юрыстам, зносiны i кансультацыi з iм без затрымкi, умяшальнiцтва або цэнзуры i з захаваннем поўнай канфiдэнцыяльнасцi. Такiя кансультацыi могуць праводзiцца ў прысутнасцi службовых асоб па падтрыманню правапарадку, але без магчымасцi быць пачутымi iмi (артыкул 8).

 

Згодна з артыкулам 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах усе асобы роўныя перад судамi i трыбуналамi. Кожнаму гарантуецца права мець дастатковы час i магчымасцi для падрыхтоўкi сваёй абароны i мець зносiны з выбраным iм самiм абаронцам.

 

У адпаведнасцi з патрабаваннямi норм главы 1 КПК “Асноўныя палажэннi” падазроны, абвiнавачваны i падсудны маюць права на абарону. Асоба, якая праводзiць дазнанне, следчы, пракурор, суд, суддзя абавязаны забяспечыць падазронаму, абвiнавачванаму i падсуднаму магчымасць абараняцца ўстаноўленымi законам сродкамi i спосабамi (артыкул 14).

 

Такiм чынам, асобе, затрыманай па падазрэнню ва ўчыненнi злачынства ў выпадку прымянення да яе меры cтрымання ў выглядзе заключэння пад варту павiнна быць забяспечана права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогi адваката, як гэта ўстаноўлена Канстытуцыяй, Законам “Аб адвакатуры”, агульнымi палажэннямi крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь i нормамi мiжнароднага права. Мiж тым артыкулы 49 i 53 КПК, што вызначаюць працэсуальныя формы i ўмовы аказання такой дапамогi, не дазваляюць грамадзянiну ў поўнай меры рэалiзаваць сваё права на абарону, чым ставяць у няроўнае становiшча ўдзельнiкаў крымiнальнага працэсу, а таксама падазроных, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, i тых, у дачыненнi да каго такая мера стрымання не прыменена.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў новым КПК рэалiзацыя прыведзеных вышэй норм Канстытуцыi забяспечана правам падазронага ў любы момант атрымаць юрыдычную дапамогу адваката i бесперашкодна мець зносiны з iм сам-насам i канфедэнцыяльна без абмежавання колькасцi i працягласцi гутарак. Больш таго, у выпадку затрымання або прымянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту да пачатку першага допыту ў якасцi падазронага грамадзянiн надзелены правам атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката ў прысутнасцi асобы, якая праводзiць расследаванне (артыкул 41).

 

У адпаведнасцi з артыкуламi 137 i 142 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя. Законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, права падазронага i падсуднага на абарону павiнна забяспечвацца няўхiльна i безумоўна. Артыкулы 49 i 53 КПК павiнны прымяняцца толькi ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi, i ў адпаведнасцi з агульнымi палажэннямi Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса (артыкул 14).

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што юрыдычная дапамога адваката, як гэта прадугледжана Зводам прынцыпаў абароны ўсiх асоб, якiя падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то нi было форме, зацверджаным рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН 9 снежня 1988 г. (прынцыпы 11, 17, 18), падазронаму, падсуднаму, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, можа ажыццяўляцца ва ўмовах, што дазваляюць службовым асобам праваахоўных органаў бачыць iх, але не чуць. Парадак прадастаўлення адвакатам спатканняў сам-насам з падазронымi, падсуднымi, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, можа быць урэгуляваны ведамаснымi нарматыўнымi актамi з улiкам спецыфiкi работы рэжымных устаноў i патрабаванняў па забеспячэнню парадку, а таксама бяспекi адвакатаў.

 

Такая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда не выключае права заканадаўца прадугледзець iншыя ўмовы, якiя забяспечваюць канфiдэнцыяльнасць зносiн гэтых асоб са сваiм абаронцам.

 

З улiкам выкладзенага, кiруючыся артыкулам 40 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 37 i 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прапанаваць дзяржаўным органам, што прымяняюць нормы крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, забяспечваць не толькi абвiнавачваным, але i падазроным, падсудным, у дачыненнi да якiх выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, права, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i Зводам прынцыпаў абароны ўсiх асоб, якiя падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то нi было форме, зацверджаным рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН 9 снежня 1988 г., на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогi адваката ва ўмовах, што дазваляюць службовай асобе праваахоўных органаў бачыць iх, але не чуць.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня яго прыняцця.

 

3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч