Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 снежня 1999 г. № Р-90/99
Аб некаторых пытаннях, звязаных з прымяненнем часткi пятай артыкула 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi”

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты грамадзян, прапрацаваўшых дваццаць i больш гадоў у органах мiлiцыi, у якiх указваецца на адсутнасць магчымасцi выкарыстання права на перадачу iм ва ўласнасць бясплатна займаемай жылой плошчы, устанавiў наступнае.

 

У артыкуле 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” прадугледжана, што мясцовымi Саветамi дэпутатаў жылая плошча, займаемая работнiкамi мiлiцыi, якiя прапрацавалi ў органах мiлiцыi не менш як дваццаць каляндарных гадоў, перадаецца ў iх уласнасць бясплатна. Дадзеная норма захоўвае сiлу i ў цяперашнi час, яе дзеянне не адмянялася i не прыпынялася.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 12 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь” асобным катэгорыям грамадзян Рэспублiкi Беларусь безвыплатна (з улiкам жыллёвай квоты, сумы квот) жылыя памяшканнi перадаюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Артыкулам 38 указанага Закона прадугледжана, што налiчэнне жыллёвай квоты праводзiцца да 1 лiпеня 1999 г.

 

На практыцы маюць месца выпадкi, калi супрацоўнiкi мiлiцыi, якiм не налiчана жыллёвая квота, не могуць рэалiзаваць прадугледжанае часткай пятай артыкула 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” права. Падставай для адмовы ў перадачы работнiку мiлiцыi ва ўласнасць жылога памяшкання бясплатна з’яўлялася нярэдка тая акалiчнасць, што скончыўся ўстаноўлены артыкулам 38 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь” тэрмiн для налiчэння жыллёвай квоты ў дачыненнi да ўсiх без выключэння грамадзян дзяржавы.

 

Палажэннем аб прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага i грамадскага жыллёвага фонду, iх абслугоўваннi i рамонце, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 30 чэрвеня 1992 г. № 398 (з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi), прадугледжана, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя прынялi грамадзянства пасля 1 лiпеня 1992 г., а таксама грамадзяне Рэспублiкi Беларусь , якiя выкарысталi жыллёвую квоту на прыватызацыю жылля або на iншыя мэты, могуць прыватызаваць займаемыя жылыя памяшканнi толькi на платнай аснове ў цэнах, што дзейнiчаюць на момант прыватызацыi, з улiкам спажывецкiх якасцей жылля за вылiкам кошту зносу, без права на iльготу па бязвыплатнаму набыццю ва ўласнасць займаемага жылога памяшкання (пункт 34).

 

У сувязi з гэтым, па меркаванню органаў, якiя забеспечваюць прыватызацыю жылля, адсутнасць у работнiкаў мiлiцыi жыллёвай квоты (iмянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”), напрыклад, у сувязi з выкарыстаннем яе на iншыя мэты, з’яўляецца перашкодай для перадачы займаемай iмi жылой плошчы ва ўласнасць.

 

Канстытуцыйны Суд лiчыць абгрунтаваным выкананне заканадаўства аб прыватызацыi жылля такiм чынам, што работнiкам мiлiцыi, якiя маюць права на перадачу iм жылога памяшкання ва ўласнасць бясплатна i мелi, але не рэалiзавалi права на налiчэнне жыллёвай квоты да 1 лiпеня 1999 г., жылыя памяшканнi перадаюцца ва ўласнасць бязвыплатна, паколькi жыллёвая квота засталася незапатрабаванай у дзяржавы i налiчана быць не можа.

 

У той жа час дастаткова важкiмi з‘яўляюцца довады аб тым, што ў артыкуле 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” права на атрыманне ва ўласнасць жылой плошчы работнiкамi мiлiцыi ўвязваецца толькi з працягласцю службы ў органах мiлiцыi — не менш як дваццаць каляндарных гадоў. У ёй не прадугледжвалася такой умовы, як наяўнасць жыллёвай квоты або сумы квот. Аналiз вышэйпрыведзеных норм заканадаўства дазваляў грамадзянам меркаваць, што норма часткi пятай артыкула 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” павiнна прымяняцца незалежна ад нормы артыкула 12 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь”, гэта значыць жылая плошча павiнна перадавацца без улiку (наяўнасцi) жыллёвай квоты. Неабходна таксама мець на ўвазе, што Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” быў прыняты i ўступiў у дзеянне значна раней, чым Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь”.

 

У гэтай сувязi, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, зыходзячы з важнасцi падымаемай грамадзянамi праблемы, Парламенту належыла б даць афiцыйнае тлумачэнне часткi пятай артыкула 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi”, у якiм вызначыць, цi абумоўлена права на перадачу работнiкам мiлiцыi жылой плошчы ва ўласнасць бясплатна налiчэннем жыллёвай квоты. Мае патрэбу таксама ў растлумачэннi пытанне аб магчымасцi рэалiзацыi работнiкамi мiлiцыi дадзенага права, калi яны выкарысталi налiчаную iм жыллёвую квоту на iншыя мэты. Адным з магчымых варыянтаў забеспячэння ў поўнай меры рэалiзацыi гэтага права было б устанаўленне парадку, пры якiм работнiкi мiлiцыi, якiя прапрацавалi ў органах мiлiцыi не менш як двадцаць каляндарных гадоў, мелi б права на атрыманне бясплатна жылля ва ўласнасць пры ўмове вяртання дзяржаве асучасненай велiчынi жыллёвай квоты.

 

Вырашэнне гэтага пытання садзейнiчала б забеспячэнню дакладнага i аднастайнага прымянення заканадаўства ў Рэспублiцы Беларусь, больш поўнай абароне правоў работнiкаў мiлiцыi.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь устаранiць узнiкшую нявызначнасць у прымяненнi часткi пятай артыкула 28 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мiлiцыi” шляхам яе афiцыйнага тлумачэння.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч