Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 жніўня 1999 г. № Р-87/99
Aб рашэннi Гродзенскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 1999 г. № 185 “Аб увядзеннi мясцовых збораў”

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б., разглядзеўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухiх”, якое датычыць пытанняў выплаты мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў Гродзенскiм навучальна-вытворчым прадпрыемствам Беларускага таварыства глухiх, устанавiў наступнае.

 

1. У звароце Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухiх” у Канстытуцыйны Суд пастаўлена пытанне аб iльготах, прадугледжаных у пункце 9  Палажэння аб парадку стварэння i выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна, зацверджанага рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 1999 г. № 185. Iм прадугледжана вызваленне ад выплаты мэтавага збору шэрага плацельшчыкаў, у тым лiку таварыстваў i асацыяцый iнвалiдаў, прадпрыемстваў i арганiзацый, якiя выкарыстоўваюць працу iнвалiдаў, калi  колькасць  iнвалiдаў у iх складае не менш сямiдзесяцi працэнтаў ад сярэдняспiсачнай колькасцi прамыслова-вытворчага персаналу, а таксама Беларускага таварыства iнвалiдаў па зроку, Беларускага таварыства iнвалiдаў, Беларускага таварыства глухiх.

 

Цэнтральнае праўленне грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухiх” лiчыць, што вызваленне прадпрыемстваў, якiя выкарыстоўваюць працу iнвалiдаў, калi колькасць iнвалiдаў у iх складае не менш сямiдзесяцi працэнтаў ад сярэдняспiсачнай колькасцi прамыслова-вытворчага персаналу, ад выплаты мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна не адпавядае частцы першай артыкула 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь”, згодна з якой грамадскiя арганiзацыi iнвалiдаў, iх прадпрыемствы, установы i арганiзацыi вызваляюцца ад падатку на прыбытак i збораў, што ўносяцца ў дзяржаўны бюджэт, калi на iх працуе не менш пяцiдзесяцi працэнтаў iнвалiдаў ад колькасцi прамыслова-вытворчага персаналу.

 

2. Канстытуцыйны Суд адзначае, што льготнае падаткаабкладанне грамадскiх арганiзацый iнвалiдаў, iх прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый было ўстаноўлена Законам “Аб сацыяльнай абароне  iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь”, прынятым 11 лiстапада 1991 г.

 

Законам ад 22 снежня 1992 г. у артыкул 3 Закона ад 20 снежня 1991 г. “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь” былi ўнесены дапаўненнi, у адпаведнасцi з якiмi аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкi i льготы па кожнаму канкрэтнаму вiду падатку i збору прадугледжваюцца спецыяльнымi актамi падатковага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь. Уключэнне палажэнняў, якiя рэгулююць пытаннi падаткаабкладання, у iншыя акты заканадаўства не  дапускаецца.

 

Закон “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь” не з’яўляецца спецыяльным актам падатковага заканадаўства, хаця i змяшчае норму аб падаткаабкладаннi грамадскiх арганiзацый iнвалiдаў.

 

Зыходзячы з назвы i зместу артыкула 3 Закона “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь”, можна зрабiць выснову аб тым, што заканадавец, уносячы дапаўненнi ў дадзены артыкул, меў на ўвазе рэгуляванне пытанняў падаткаабкладання спецыяльнымi актамi падатковага заканадаўства толькi ў адносiнах да агульнадзяржаўных падаткаў i збораў.

 

У падатковым заканадаўстве, у тым лiку пры ўстанаўленнi мясцовых падаткаў i збораў, не заўсёды прадугледжваецца вызваленне ад выплаты адпаведных падаткаў i збораў прадпрыемстваў, якiя выкарыстоўваюць працу iнвалiдаў, калi на iх працуе не менш пяцiдзесяцi працэнтаў iнвалiдаў ад колькасцi прамыслова-вытворчага персаналу, як гэта прадугледжана артыкулам 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь”.

 

У гэтай сувязi на практыцы абгрунтавана ўзнiкаюць пытаннi аб прадастаўленнi ўказаных у дадзеным артыкуле Закона “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь” iльгот пры ўстанаўленнi мясцовых падаткаў i збораў.

 

3. Увядзенне мясцовых падаткаў i збораў у адпаведных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках Рэспублiкi Беларусь рэгулюецца артыкулам 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 1999 год”. Згодна з указаным артыкулам у сiстэму мясцовых падаткаў i збораў у 1999 годзе, у прыватнасцi, былi ўключаны мэтавыя зборы на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў, якiя поўнасцю залiчваюцца ў мясцовыя бюджэты. Да 1999 года абавязковыя адлiчэннi на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў акумулiравалiся ў пазабюджэтных фондах мясцовых Саветаў дэпутатаў на фiнансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем ведамасных дашкольных устаноў, стварэнне якiх прадугледжвалася пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 24 красавiка 1992 г. “Аб захаваннi i развiццi сеткi дзiцячых дашкольных устаноў”.

 

У адпаведнасцi з часткай шостай артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 1999 год” пры ўвядзеннi мясцовых падаткаў i збораў мясцовыя Саветы дэпутатаў самастойна вызначаюць базу i аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, парадак вылiчэння i тэрмiны выплаты падаткаў i збораў.

 

Такiм чынам, у дадзенай норме права мясцовых Саветаў дэпутатаў на ўстанаўленне льгот у адносiнах да мясцовых падаткаў i збораў прама не агаворана, хаця, рэалiзуючы права самастойна вызначаць плацельшчыкаў мясцовых падаткаў i збораў, мясцовыя Саветы дэпутатаў шляхам вызвалення суб’ектаў ад iх выплаты тым самым устанаўлiваюць iльготы па коле плацельшчыкаў.

 

У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дзеючым заканадаўстве не атрымалi свайго належнага рэгулявання пытаннi паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў у сферы ўстанаўлення льгот пры ўвядзеннi мясцовых падаткаў i збораў, нягледзячы на тое што ўказаныя мясцовыя органы валодаюць канстытуцыйным правам на ўстанаўленне гэтых абавязковых плацяжоў у адпаведнасцi з законам. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у законе павiнна быць дакладна агаворана, цi валодаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў правам устанаўлiваць iльготы ў адносiнах да мясцовых падаткаў i збораў.

 

4. Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным звярнуць увагу на той факт, што рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 1999 г. № 185 “Аб увядзеннi мясцовых збораў” на тэрыторыi г. Гродна з 1 красавiка 1999 г., у прыватнасцi, уведзены збор за паслугi гасцiнiц, рэстаранаў, кафэ, бараў, казiно, выставак (за выключэннем спецыялiзаваных аптовых выставак), выставак-продажаў, гастрольных тэатральна-канцэртных мерапрыемстваў (п. 1); зацверджана стаўка збору ў размеры пяцi працэнтаў ад сумы паслугi (п. 2); уведзены мэтавы збор на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў (п. 4); зацверджана стаўка збору ў размеры пяцi працэнтаў ад фонду заработнай платы з аднясеннем указанага збору на сабекошт прадукцыi (работ, паслуг) (п. 5); зацверджана Палажэнне аб мэтавым зборы на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў (п. 6).

 

Права на ўвядзенне асобных мясцовых падаткаў i збораў, у тым лiку мэтавых збораў на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў, прадастаўлена мясцовым Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню (частка другая артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 1999 год”).

 

У адпаведнасцi з падпунктам 16 пункта 2 артыкула 8 Закона “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь” мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць дэлегаваць частку сваiх паўнамоцтваў выканаўчаму камiтэту. Аднак гэта дэлегаванне не можа датычыць перадачы паўнамоцтваў на ўвядзенне мясцовых падаткаў i збораў, паколькi згодна з артыкулам 121 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь устанаўленне мясцовых падаткаў i збораў адносiцца да выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў.

 

Нягледзячы на тое што Гродзенскi гарадскi Савет дэпутатаў рашэннем ад 12 сакавiка 1999 г. № 356 “Аб бюджэце горада на 1999 год” (прынята пасля рашэння Гродзенскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 1999 г. № 185) таксама з 1 красавiка 1999 г. увёў мэтавы збор на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна i ўстанавiў канкрэтны размер стаўкi — пяць працэнтаў ад фонду заработнай платы, у дадзеным рашэннi гарадскога Савета не вызначаны такiя важнейшыя элементы мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна, як плацельшчыкi мэтавага збору, база абкладання, парадак вылiчэння i тэрмiны выплаты. Усе гэтыя пытаннi ўрэгуляваны рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 1999 г. № 185, зацвердзiўшым Палажэнне аб парадку стварэння i выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна.

 

З улiкам аналiзу норм Канстытуцыi i iншых актаў заканадаўства Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў кампетэнцыю мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў не ўваходзiць увядзенне мясцовых падаткаў i збораў. Гродзенскi гарадскi выканаўчы камiтэт, прымаючы рашэнне ад 4 сакавiка 1999 г. № 185 “Аб увядзеннi мясцовых збораў”, выйшаў за рамкi сваiх паўнамоцтваў.

 

Канстытуцыйны Суд лiчыць таксама неабходным звярнуць увагу на тое, што ў пункце 2 Палажэння аб парадку стварэння i выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых дашкольных устаноў г. Гродна, у якiм пры вызначэннi фонду заработнай платы ў якасцi аб’екта абкладання дадзеным зборам робiцца спасылка на нядзеючую Iнструкцыю па статыстыцы колькасцi работнiкаў i заработнай платы, зацверджаную загадам Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу ад 19 снежня 1994 г. № 12. Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 24 верасня 1998 г. № З-71/98 раздзелы 9, 10, 11 дадзенай Iнструкцыi прызнаны не адпавядаючымi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь. Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу Рэспублiкi Беларусь загадам ад 11 снежня 1998 г. № 293 зацвердзiла новую Iнструкцыю аб складзе фонду заработнай платы i iншых выплат.

 

На падставе выкладзенага i  кiруючыся артыкулам 40 Канстытуцыi, артыкуламi 36, 37 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь:

 

даць тлумачэнне артыкула 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь” у частцы абавязковасцi прадастаўлення ўстаноўленых у iм iльгот пры ўвядзеннi мясцовых падаткаў i збораў або ўнесцi неабходныя змяненнi ў заканадаўчыя акты з мэтай забеспячэння ўзаемаўзгодненасцi адпаведных норм;

 

удакладнiць права мясцовых Саветаў дэпутатаў на ўстанаўленне льгот пры ўвядзеннi iмi мясцовых падаткаў i збораў.

 

2. Прапанаваць Гродзенскаму гарадскому Савету дэпутатаў i Гродзенскаму гарадскому выканаўчаму камiтэту з улiкам iх кампетэнцыi ўрэгуляваць увядзенне мэтавага збору на ўтрыманне дзiцячых устаноў г. Гродна на падставе Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 1999 год” i iншых актаў дзеючага заканадаўства.

 

3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч