Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 снежня 1998 г. № З-73/98
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь часткi пятай артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнiкоў бакоў:

 

Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi часткi пятай артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь: Лукашова А.I. — начальнiка аддзялення заканадаўства па пытаннях абароны i грамадскай бяспекi, праваахоўных i судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь;

 

Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў;

 

Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыялiста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь часткi пятай артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.

 

У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Ждановiч I.М. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Бажэлка А.А. — Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 лiпеня 1998 г. па прапанове Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

У прапанове Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь паставiў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi часткi пятай артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, згодна з якой час азнаямлення абвiнавачваемага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы пры вылiчэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай у якасцi меры стрымання не ўлiчваецца (ЗЗ БССР, 1990 г., № 2, арт.16).

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Фiлiпчык Р.I., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса i iншых нарматыўных актаў, а таксама мiжнародна-прававых актаў, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў.

 

У артыкуле 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым КПК) прадугледжана наступнае.

 

Утрыманне пад вартай пры расследаваннi злачынстваў па крымiнальных справах не можа працягвацца больш двух месяцаў. Гэты тэрмiн можа быць прадоўжаны раённым, гарадскiм пракурорам, ваенным пракурорам гарнiзона i прыраўнаваным да iх пракурорам у выпадку немагчымасцi закончыць расследаванне i пры адсутнасцi падстаў для змянення меры стрымання — да трох месяцаў. Далейшае прадаўжэнне тэрмiну можа быць ажыццёўлена толькi з прычыны асобай складанасцi справы пракурорам вобласцi, горада Мiнска i прыраўнаваным да iх пракурорам — да шасцi месяцаў з дня ўзяцця пад варту.

 

Прадаўжэнне тэрмiну ўтрымання пад вартай звыш шасцi месяцаў дапускаецца ў выключных выпадках i толькi ў адносiнах да асоб, якiя абвiнавачваюцца ва ўчыненнi цяжкiх злачынстваў. Такое прадаўжэнне ажыццяўляецца намеснiкам Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь — да аднаго года i Генеральным пракурорам Рэспублiкi Беларусь — да паўтара гадоў. Пытанне аб утрыманнi абвiнавачваемага пад вартай на тэрмiн звыш аднаго года папярэдне разглядаецца на калегii Пракуратуры Рэспублiкi Беларусь.

 

Далейшае прадаўжэнне тэрмiну не дазваляецца, абвiнавачваемы, якi ўтрымлiваецца пад вартай, падлягае неадкладнаму вызваленню.

 

Матэрыялы закончанай расследаваннем крымiнальнай справы павiнны быць прад’яўлены для азнаямлення абвiнавачваемаму i яго абаронцу не пазней чым за месяц да заканчэння максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, устаноўленага часткай другой указанага артыкула.

 

Час азнаямлення абвiнавачваемага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы пры вылiчэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай у якасцi меры стрымання не ўлiчваецца.

 

Пры вяртаннi судом на новае расследаванне справы, па якой тэрмiн утрымання абвiнавачваемага пад вартай закончыўся, а па акалiчнасцях справы мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай зменена быць не можа, прадаўжэнне тэрмiну ўтрымання пад вартай праводзiцца пракурорам, якi ажыццяўляе нагляд за следствам, у межах аднаго месяца з моманту паступлення да яго справы. Далейшае прадаўжэнне ўказанага тэрмiну праводзiцца з улiкам часу знаходжання абвiнавачваемага пад вартай да накiравання справы ў суд у парадку i межах, устаноўленых часткамi першай, другой i пятай указанага артыкула.

 

Пастанова аб прадаўжэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай можа быць абскарджана ў суд.

 

Пры паўторным узяццi пад варту той жа асобы i па той жа справе пасля адмены суддзёй арышту тэрмiны ўтрымання пад вартай, устаноўленыя ўказаным артыкулам, вылiчваюцца з улiкам часу знаходжання дадзенай асобы пад вартай да адмены арышту суддзёй.

 

Такiм чынам, у адпаведнасцi з артыкулам 92 КПК утрыманне пад вартай пры расследаваннi злачынстваў па крымiнальных справах не можа працягвацца больш за два месяцы; пры асобай скаладанасцi справы i ў iншых выключных выпадках па рашэнню адпаведнага пракурора тэрмiн утрымання пад вартай можа быць прадоўжаны да паўтара гадоў. Далейшае прадаўжэнне тэрмiну ўтрымання пад вартай у адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 92 КПК не дапускаецца, i абвiнавачваемы, якi ўтрымлiваецца пад вартай, падлягае неадкладнаму вызваленню. Разам з тым часткай пятай артыкула 92 КПК устаноўлена, што час азнаямлення абвiнавачваемага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы пры вылiчэннi тэрмiну ўтрымання абвiнавачваемага пад вартай у якасцi меры стрымання не ўлiчваецца.

 

Канстытуцыйны Суд, правяраючы канстытуцыйнасць указанай нормы, прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Згодна з артыкуламi 21 i 23 Канстытуцыi дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы. Абмежаванне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 25 Канстытуцыi дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць i годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабiстай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленых законам. Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасцi яе затрымання або арышту.

 

Указаныя нормы Канстытуцыi сведчаць аб тым, што нiхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай i пазбаўлены волi iнакш як у адпаведнасцi з законам. Канстытуцыя таксама абвяшчае права абвiнавачваемага на абарону i гарантуе гэта права працэсуальнымi сродкамi, абавязваючы дзяржаўныя органы забяспечваць яго рэалiзацыю.

 

У адпаведнасцi з патрабаваннямi норм главы першай КПК “Асноўныя палажэннi” нiхто не можа быць падвергнуты арышту iнакш як на падставе судовага рашэння або з санкцыi пракурора (артыкул 7). У частцы першай артыкула 91 КПК прадугледжана, што ўзяцце пад варту ў якасцi меры стрымання прымяняецца з захаваннем патрабаванняў Палажэння аб папярэднiм узяццi пад варту ў Рэспублiцы Беларусь i артыкула 7 КПК па справах аб злачынствах, за якiя законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi на тэрмiн звыш аднаго года. У выключных выпадках гэта мера стрымання можа быць прыменена па справах аб злачынствах, за якiя законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi i на тэрмiн не вышэй аднаго года.

 

У адпаведнасцi з часткай чацвёртай артыкула 200 КПК матэрыялы закончанай расследаваннем крымiнальнай справы павiнны быць прад’яўлены для азнаямлення абвiнавачваемаму i яго абаронцу не пазней чым за месяц да заканчэння максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, устаноўленага часткай другой артыкула 92 КПК. Азнаямленне з усiмi матэрыяламi справы пасля заканчэння следства з’яўляецца правам абвiнавачваемага, прадугледжаным нормамi крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства. Абвiнавачваемы ў гэтым выпадку аказваецца перад выбарам памiж больш глыбокай падрыхтоўкай да працэсу i хуткай судовай працэдурай. Да нейкай ступенi ён вымушаны браць на сябе вынiкi такога выбару.

 

Згодна з часткай сёмай артыкула 200 КПК абвiнавачваемы i яго абаронца не могуць абмяжоўвацца ў часе, неабходным iм для азнаямлення з усiмi матэрыяламi справы. Аднак калi абвiнавачваемы i яго абаронца вiдавочна зацягваюць азнаямленне з матэрыяламi справы, то следчы мае права сваёй матываванай пастановай, зацверджанай пракурорам, устанавiць пэўны тэрмiн для азнаямлення з матэрыяламi справы.

 

У час азнаямлення з матэрыяламi справы як самога абвiнавачваемага, так i яго абаронцы, абвiнавачваемы, якi ўтрымлiваецца пад вартай, знаходзiцца ў тых жа ўмовах iзаляцыi i да яго прымяняецца той жа рэжым утрымання, якiя мелi месца на працягу прымянення да яго мер стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

 

Ўзяцце пад варту з’яўляецца самай строгай мерай стрымання, якая iстотна абмяжоўвае права на свабоду i асабiстую недатыкальнасць. Таму выпадкi, парадак i тэрмiны прымянення такой меры стрымання павiнны быць дэталёва рэгламентаваны законам.

 

Правяраемая норма часткi пятай артыкула 92 КПК дае магчымасць фактычна абмяжоўваць свабоду абвiнавачваемага ў перыяд азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай без вынясення адпаведнага рашэння кампетэнтнымi органамi, прадугледжанымi ў артыкуле 7 КПК.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 8 Канстытуцыi Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.

 

Згодна са Зводам прынцыпаў абароны ўсiх асоб, якiя падвяргаюцца затрыманню або зняволенню ў якой бы то нi было форме, зацверджанаму рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН ад 9 снежня 1988 года, нiхто не можа быць затрыманы на перыяд правядзення следства або судовага разбору без пiсьмовай пастановы судовага або iншага органа, вызначанага законам (прынцып 37); затрыманая асоба або яе адвакат маюць права ў любы час узбудзiць разбор перад судовым або iншым органам для аспрэчвання законнасцi затрымання гэтай асобы з мэтай дасягнення неаднакладнага яе вызвалення, калi такое затрыманне з’яўляецца незаконным (прынцып 32); асоба, затрыманая па крымiнальнаму абвiнавачванню, мае права на судовы разбор у разумныя тэрмiны або на вызваленне да суда (прынцып 38).

 

У артыкуле 9 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах замацавана, што кожны чалавек мае права на свабоду i асабiстую недатыкальнасць. Нiхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай. Нiхто не павiнен быць пазбаўлены волi iнакш, як на такiх падставах i ў адпаведнасцi з такой працэдурай, што ўстаноўлены законам.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 14 названага Пакта кожны мае права пры разглядзе любого прад’яўленага яму крымiнальнага абвiнавачвання на дастатковы час i магчымасцi для падрыхтоўкi сваёй абароны i зносiцца з выбраным iм самiм абаронцам, быць судзiмым без неапраўданай затрымкi.

 

У сувязi з гэтым Констытуцыйны Суд лiчыць, што ўтрыманне пад вартай абвiнавачваемага ў час азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi справы павiнна ажыццяўляцца ў адпаведнасцi з законам на падставе рашэння суда або iншага кампетэнтнага органа.

 

Аналiз дзеючых норм КПК i практыкi iх прымянення паказвае, што абвiнавачваемы i яго абаронца ў некаторых выпадках, па незалежных ад iх акалiчнасцях, вымушаны знаёмiцца з матэрыяламi крымiнальнай справы працяглы час, што прыводзiць да перавышэння тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК. Гэта можа быць абумоўлена не толькi вялiкiм аб’ёмам крымiнальнай справы, але i колькасцю асоб, якiя ў адпаведнасцi з нормамi КПК маюць права на азнаямленне з матэрыяламi крымiнальнай справы. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адной з магчымых гарантый права абвiнавачваемага на своечасовае i поўнае азнаямленне з матэрыяламi крымiнальнай справы, а таксама хуткi судовы разбор можа быць больш дасканалае заканадаўчае рэгуляванне гэтых пытанняў (напрыклад, прадастаўленне абвiнавачваемаму i яго абаронцу копiй матэрыялаў справы, перш за ўсё копiй дакументаў аб працэсуальных дзеяннях, удзельнiкам якiх з’яўляўся абвiнавачваемы i iнш.). Такi падыход прадугледжаны ў крымiнальна-працэсуальным заканадаўстве многiх еўрапейскiх дзяржаў.

 

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў адпаведнасцi з артыкуламi 45 i 451 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь i артыкулам 317 КПК папярэдняе зняволенне залiчваецца судом у тэрмiн пакарання пры вынясеннi прыгавору. Аналiз заканадаўства i практыкi яго прымянення сведчыць аб тым, што i час знаходжання абвiнавачваемага пад вартай у перыяд азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы залiчваецца судом у тэрмiн пакарання.

 

Адной з канстытуцыйных гарантый абароны правоў i свабод з’яўляецца судовая абарона.

 

Згодна з артыкулам 2201 КПК скаргi на прымяненне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, а таксама на прадаўжэнне тэрмiну ўтрымання пад вартай прыносяцца ў суд асобай, якая ўтрымлiваецца пад вартай, яе абаронцам або законным прадстаўнiком праз асобу, якая праводзiць дазнанне, або следчага. Утрыманне пад вартай па заканчэннi максiмальнага тэрмiну, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, толькi для азнаямлення з матэрыяламi крымiнальнай справы без санкцыi вызначаных законам органаў або службовых асоб абмяжоўвае i права абвiнавачваемага на судовую абарону.

 

Ацэньваючы лiтаральны сэнс крымiнальна-працэсуальных норм i практыку iх прымянення, Канстытуцыйны Суд адзначае, што абвiнавачваемы, якi ўтрымлiваецца пад вартай, у перыяд азнаямлення з матэрыяламi крымiнальнай справы звыш максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, фармальна абмежаваны ў магчымасцi абскардзiць у суд утрыманне пад вартай, паколькi ў гэтым выпадку не прадугледжваецца вынясенне рашэння судом або адпаведным пракурорам аб прадаўжэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай.

 

Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыi кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны. У адпаведнасцi з артыкулам 137 Канстытуцыi законы выдаюцца на аснове i ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй, валодаючай вышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя. Артыкулам 142 Канстытуцыi ўстаноўлена, што законы, указы i iншыя акты, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, не супярэчнай Канстытуцыi. Таму Канстытуцыйны Суд лiчыць, што права на судовую абарону павiнна быць забяспечана абвiнавачваемаму, якi ўтрымлiваецца пад вартай i ў перыяд азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК.

 

З мэтай забеспячэння абароны правоў i законных iнтарэсаў абвiнавачваемага, ажыццяўлення належнага правасуддзя i з улiкам рэальных тэрмiнаў, неабходных для падрыхтоўкi i прыняцця адпаведнага закона, Канстытуцыйны Суд, кiруючыся артыкулам 9 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, лiчыць неабходным вызначыць тэрмiн, на працягу якога норма часткi пятай артыкула 92 КПК павiнна быць прыведзена ў адпаведнасць з Канстытуцыяй.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку пятую артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам у той меры, у якой у ёй адсутнiчае правiла аб утрыманнi абвiнавачваемага пад вартай на падставе пiсьмовай пастановы суда або iншага органа, вызначанага законам, у перыяд азнаямлення абвiнавачваемага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса.

 

2. Да ўнясення змяненняў у Крымiнальна-працэсуальны кодэкс павiнна згодна з артыкуламi 137 i 142 Канстытуцыi непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, у адпаведнасцi з якой абвiнавачваемы, яго абаронца або законны прадстаўнiк маюць права абскардзiць у суд законнасць i абгрунтаванасць утрымання пад вартай у час азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса.

 

3. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь не пазней 30 чэрвеня 1999 г. унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь неабходныя змяненнi i дапаўненнi ў адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.

 

4. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч