23 чэрвеня 1999 г. № З-81/99
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi — Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З.
з удзелам:
прадстаўнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — Галаванава В.Р.;
прадстаўнiкоў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Аляксандрава В.М., Далiнскага В.А.;
прадстаўнiка Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Свiрыдавай С.А.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi другой артыкула 207, часткi першай артыкула 268, часткi першай артыкула 269 i часткi першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Пташнiк I.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 красавiка
Праверцы падлягалi нормы часткi другой артыкула 207, часткi першай артыкула 268, часткi першай артыкула 269 i часткi першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (ЗЗ БССР,
Частка другая артыкула 207 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — ГПК) прадугледжвае, што рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь уступае ў законную сiлу неадкладна пасля яго абвяшчэння.
У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 268 ГПК рашэннi ўсiх судоў Рэспублiкi Беларусь, акрамя рашэнняў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, могуць быць абскарджаны ў касацыйным парадку бакамi i iншымi асобамi, якiя ўдзельнiчаюць у справе, або апратэставаны пракурорам у дзесяцiдзённы тэрмiн з дня аб’яўлення рашэння.
У частцы першай артыкула 269 ГПК устаноўлена, што касацыйная скарга або касацыйны пратэст падаюцца на рашэннi раённых (гарадскiх), мiжгарнiзонных ваенных судоў у судовую калегiю па грамадзянскiх справах адпаведнага абласнога, Мiнскага гарадскога, Беларускага ваеннага судоў; на рашэннi па грамадзянскiх справах абласнога, Мiнскага гарадскога судоў — у судовую калегiю па грамадзянскiх справах Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; на рашэннi Беларускага ваеннага суда — у Ваенную калегiю Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
Згодна з часткай першай артыкула 291 ГПК вызначэннi суда першай iнстанцыi, акрамя вызначэнняў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, могуць быць абскарджаны асобна ад рашэння суда бакамi i iншымi асобамi, якiя ўдзельнiчаюць у справе, i апратэставаны пракурорам у касацыйную iнстанцыю ў выпадках, прадугледжаных указаным Кодэксам, а таксама ў тых выпадках, калi вызначэнне суда перапыняе магчымасць далейшага руху справы.
У прапанове Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь паставiў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi ўказаных норм ГПК, мяркуючы, што адсутнасць права касацыйнага абскарджання рашэнняў i вызначэнняў Вярхоўнага Суда па справах, разгледжаных iм па першай iнстанцыi, не адпавядае Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Фiлiпчык Р.I., прадстаўнiкоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, ГПК, Закона “Аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” i iншых нарматыўных актаў Рэспублiкi Беларусь, мiжнародна-прававых актаў, а таксама вывучыўшы практыку касацыйнага абскарджання судовых пастаноў i iх перагляду ў парадку нагляду, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыi забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыяй абвешчаны прынцып роўнасцi ўсiх перад законам i права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22). Асноўны Закон гарантуе кожнаму абарону яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом (артыкул 60). У адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыi бакi i асобы, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў i iншых судовых пастаноў.
У артыкуле 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека прадугледжана, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам. У адпаведнасцi з артыкулам 29 указанай Дэкларацыi пры ажыццяўленнi сваiх правоў i свабод кожны чалавек павiнен падвяргацца толькi такiм абмежаванням, якiя ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання i павагi правоў i свабод iншых i задавальнення справядлiвых патрабаванняў маралi, грамадскага парадку i агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве. У артыкуле 2 (падпункт “а” пункта 3) Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах прадугледжана, што кожная дзяржава абавязваецца забяспечыць любой асобе, правы i свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны. Згодна з артыкулам 14 (пункт 1) указанага Мiжнароднага пакта кожны мае права пры вызначэннi яго правоў i абавязкаў у якiм-небудзь грамадзянскiм працэсе на справядлiвы i публiчны разбор справы кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом, створаным на падставе закона. Артыкулам 26 гэтага ж Пакта прадугледжана, што ўсе людзi роўныя перад законам i маюць права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону закона.
Такiм чынам, як палажэннi Канстытуцыi, так i агульнапрызнаныя нормы мiжнароднага права абавязваюць дзяржаву забяспечыць грамадзянам не толькi даступнасць правасуддзя, роўнасць усiх асоб перад законам, але i поўнае ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павiнна быць справядлiвай, кампетэнтнай i эфектыўнай.
Адной з рэальных гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права на судовую абарону i вынясення судамi законных i абгрунтаваных рашэнняў з’яўляецца права абскарджання i апратэставання судовых пастаноў.
Судовае рашэнне не можа лiчыцца справядлiвым i правасудным, а судовая абарона — поўнай i эфектыўнай, калi дапушчана судовая памылка. Дзяржава абавязана гарантаваць абарону правоў i свабод чалавека i грамадзянiна ад судовай памылкi. Пры ўстанаўленнi парадку ажыццяўлення правасуддзя ў заканадаўстве павiнен быць прадугледжаны эфектыўны механiзм (працэдура) выпраўлення такiх памылак.
Канстытуцыйным Судом даследавана пытанне аб рэалiзацыi права на судовую абарону пры дапамозе прадугледжаных заканадаўствам працэдур касацыйнага i нагляднага абскарджання судовых пастаноў.
Прынясеннем скаргi або пратэсту ў дачыненнi да судовых пастаноў, якiя не ўступiлi ў законную сiлу, узбуджаецца вядзенне ў судзе другой iнстанцыi (касацыйнае вядзенне).
У адпаведнасцi з артыкулам 280 ГПК пры разглядзе справы ў касацыйным парадку суд другой iнстанцыi па наяўных у справе i дадаткова прадстаўленых бакамi i iншымi асобамi, якiя ўдзельнiчаюць у справе, матэрыялах правярае законнасць i абгрунтаванасць рашэнняў суда першай iнстанцыi як у абскарджанай, так i ў неабскарджанай частцы, а роўна ў дачыненнi да асоб, не падаўшых скаргi. Суд абавязаны праверыць справу ў поўным аб’ёме.
У артыкуле 268 ГПК вызначана кола суб’ектаў, якiя маюць права на абскарджанне i апратэставанне судовых пастаноў у касацыйным парадку, а таксама ўстаноўлена, што рашэннi ўсiх судоў Рэспублiкi Беларусь, акрамя рашэнняў Вярхоўнага Суда, могуць быць абскарджаны i апратэставаны ў касацыйным парадку. Рашэннi Вярхоўнага Суда, вынесеныя па першай iнстанцыi, могуць быць перагледжаны толькi ў парадку нагляду Прэзiдыумам Вярхоўнага Суда, а затым Пленумам Вярхоўнага Суда.
Дзеючым заканадаўствам устаноўлена працэдура перагляду судовых пастаноў, якiя ўступiлi ў законную сiлу ў парадку нагляду, у тым лiку i судовых пастаноў Вярхоўнага Суда, вынесеных iм па першай iнстанцыi. На практыцы падставай для прынясення пратэсту ў парадку нагляду з’яўляюцца i скаргi бакоў i зацiкаўленых асоб. Аднак падача скаргi ў парадку нагляду не цягне ў абавязковым парадку ўзбуджэнне вядзення аб пераглядзе справы.
Пералiк службовых асоб, надзеленых правам прынясення пратэсту, вызначаны артыкулам 295 ГПК. У артыкуле 299 ГПК прадугледжана, што пры наяўнасцi падстаў для прынясення пратэсту службовая асоба, якая мае права прынесцi пратэст, складае i накiроўвае пратэст разам з справай у адпаведны суд для разгляду. Такiм чынам, узбуджэнне вядзення аб пераглядзе справы залежыць не ад волевыяўлення асоб, якiя ўдзельнiчаюць у справе, а толькi ад службовай асобы, маючай права на прынясенне пратэсту пры наяўнасцi, па яе меркаванню, да таго падстаў.
Прааналiзаваўшы дзеючае працэсуальнае заканадаўства, якое датычыцца рэалiзацыi грамадзянамi права на абскарджанне судовых пастаноў у касацыйным парадку i права на падачу скаргi ў парадку нагляду, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў найбольш поўным аб’ёме працэсуальныя правы бакоў i асоб, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, забяспечваюцца пры пераглядзе спраў у касацыйным парадку, паколькi падача касацыйнай скаргi ва ўстаноўленым парадку заўсёды цягне перагляд справы. Скарга ў парадку нагляду можа быць толькi падставай для ўнясення пратэсту на прадмет адмены судовых пастаноў, якiя ўступiлi ў законную сiлу.
У дзеючым ГПК паняцце “наглядная скарга” не выкарыстоўваецца. У главе 26 ГПК аб пераглядзе ў парадку судовага нагляду ўступiўшых у законную сiлу рашэнняў, вызначэнняў i пастаноў, нормы якой ацэнены Канстытуцыйным Судом у адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” як звязаныя з правяраемымi нормамi, не вызначаны працэдуры падачы i разгляду нагляднай скаргi. У прыватнасцi, не ўрэгуляваны пытаннi аб тым, што наглядная скарга з’яўляецца падставай да выпатрабавання справы i прынясення пратэсту ўпаўнаважанай на тое службовай асобай, не вызначаны змест нагляднай скаргi, найменне органа або службовай асобы, якой можа адрасавацца скарга, тэрмiн разгляду такой скаргi, падставы для адмовы ў яе задавальненнi, а таксама iншыя пытаннi, якiя маюць iстотнае значэнне для нагляднага абскарджання i апратэставання. Прымаючы пад увагу палажэннi артыкула 59 Канстытуцыi, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што фармулёўкi норм, якiя вызначаюць паўнамоцтвы службовых асоб на прынясенне пратэсту пры наяўнасцi да таго дастатковых падстаў, павiнны мець абавязваючы характар.
Такiм чынам, палажэннi часткi другой артыкула 207, часткi першай артыкула 268, часткi першай артыкула 269 i часткi першай артыкула 291 ГПК, якiя прадугледжваюць адпаведна ўступленне ў законную сiлу рашэнняў Вярхоўнага Суда па першай iнстанцыi неадкладна пасля абвяшчэння i не дапускаюць касацыйнае абскарджанне i апратэставанне рашэнняў i вызначэнняў Вярхоўнага Суда па справах, разгледжаных iм па першай iнстанцыi, роўна як i палажэннi iншых норм ГПК, звязаных з правяраемымi нормамi, не ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням артыкулаў 21, 22, 60 i 115 Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам, паколькi не забяспечваюць належным чынам канстытуцыйныя гарантыi роўнасцi ўсiх асоб перад законам i працэсуальныя гарантыi рэалiзацыi права на абскарджанне судовых пастаноў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Законам “Аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” прадугледжвалася ўвядзенне касацыйнага абскарджання судовых пастаноў, прынятых Вярхоўным Судом па справах, разгледжаных iм па першай iнстанцыi. Паўнамоцтвы касацыйнай iнстанцыi ў такiх выпадках ускладалiся на Прэзiдыум Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь (артыкул 53). Аднак у грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства адпаведныя змяненнi, як гэта меркавалася ў заключных палажэннях указанага Закона (раздзел VI), унесены не былi. Палажэннi Закона аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў адносна магчымасцi касацыйнага абскарджання судовых пастаноў Вярхоўнага Суда, прынятых iм па першай iнстанцыi, не былi ўспрыняты i ў новым ГПК, якi ўступае ў сiлу з 1 лiпеня
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што рашэнне пытанняў аб формах забеспячэння права бакоў i асоб, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, на абскарджанне ўсiх судовых пастаноў з’яўляецца прэрагатывай заканадаўца, якi вызначае механiзмы (працэдуры) такога абскарджання. Зыходзячы з патрабаванняў артыкулаў 21, 22, 60 i 115 Канстытуцыi, гэтыя механiзмы павiнны максiмальным чынам забяспечваць рэалiзацыю канстытуцыйных правоў грамадзян на абскарджанне судовых пастаноў.
У гэтай сувязi з мэтай рэалiзацыi канстытуцыйных палажэнняў Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным рэкамендаваць кампетэнтным дзяржаўным органам разгледзець пытаннi аб дадатковых гарантыях пры разглядзе скаргаў, пададзеных бакамi i асобамi, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, у дачыненнi да пастаноў, вынесеных Вярхоўным Судом па справах, разгледжаных iм па першай iнстанцыi.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць не адпавядаючымi Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам:
частку другую артыкула 207, частку першую артыкула 268, частку першую артыкула 269, частку першую артыкула 291 i палажэннi главы 26 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, звязаныя з правяраемымi нормамi, у той меры, у якой яны належным чынам не забяспечваюць працэсуальныя гарантыi рэалiзацыi права бакоў i асоб, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, на абскарджанне судовых пастаноў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, вынесеных па справах, разгледжаных iм па першай iнстанцыi.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб узмацненнi працэсуальных гарантый на абскарджанне i апратэставанне судовых пастаноў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь па справах, разгледжаных Вярхоўным Судом па першай iнстанцыi, у адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.
3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь”.
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А.Васілевіч