1 чэрвеня 1999 г. № З-79/99
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам:
прадстаўнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — Варанцова Г.М.;
прадстаўнiка Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Карповiч Н.А.;
прадстаўнiка Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Сянюты Л.Я.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi першай артыкула 182 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Смiрноў Я.А. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 красавiка
Праверцы падлягала частка першая артыкула 182 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), згодна з якой прыём службовымi асобамi прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый на работу грамадзян без пашпартаў або з несапраўднымi пашпартамi, а таксама грамадзян, якiя пражываюць без прапiскi, цягне накладанне штрафу да пяцi мiнiмальных заработных плат (ЗЗ БССР,
У прапанове Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь паставiў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi ўказанай нормы КаАП, што прадугледжвае накладанне штрафу на службовых асоб прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый за прыём на работу грамадзян, якiя пражываюць без прапiскi. Па меркаванню Прэзiдэнта, дадзеная норма супярэчыць Канстытуцыi i заканадаўству аб працы Рэспублiкi Беларусь, мiжнародна-прававым актам.
Заслухаўшы паведамленне суддзi-дакладчыка Шуклiна В.З., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i iншых нарматыўных актаў Рэспублiкi Беларусь, Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека, Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах i iншых мiжнародна-прававых актаў, вывучыўшы практыку прымянення правяраемай нормы КаАП i iншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесii, роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей (артыкул 41), i прадастаўляе грамадзянам у адпаведнасцi з iх здольнасцямi, прафесiйнай падрыхтоўкай права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах (артыкул 39). Канстытуцыя таксама прадугледжвае права грамадзян Рэспублiкi Беларусь свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь (артыкул 30).
У Канстытуцыi забеспячэнне правоў i свабод грамадзян абвяшчаецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21). Яна замацоўвае роўнасць усiх перад законам i права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22). Гэта азначае, што ўсе грамадзяне, незалежна ад сацыяльнага становiшча, полу, нацыянальнай прыналежнасцi, веравызнання i iншых адрозненняў, маюць аднолькавыя магчымасцi для ажыццяўлення канстытуцыйных правоў, у тым лiку права на працу.
Вызначаючы механiзм забеспячэння правоў i свабод грамадзян, Канстытуцыя ўскладае на дзяржаву абавязак прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь. Пры гэтым дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы (артыкул 59).
Канстытуцыйныя гарантыi забеспячэння права грамадзян на працу, на свабодны выбар прафесii, роду заняткаў i работы, а таксама прынцып роўнасцi пры рэалiзацыi гэтых правоў знайшлi сваё замацаванне ў працоўным заканадаўстве. Кодэксам законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь, iншымi нарматыўнымi актамi забараняецца дыскрымiнацыя пры прыёме на работу. У працоўным заканадаўстве абгрунтавана не прадугледжваецца такая падстава адмовы ў прыёме на работу, як адсутнасць прапiскi. Прад’яўленне наймальнiку пашпарта або iншага замяняючага яго дакумента, устаноўленага заканадаўствам, патрабуецца пры прыёме на работу для засведчання асобы, а не для ўстанаўлення факта наяўнасцi або адсутнасцi прапiскi.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўстанаўленне адмiнiстрацыйнай адказнасцi за прыём на работу грамадзян без прапiскi абмяжоўвае iх права на працу, парушае прынцып роўнасцi грамадзян перад законам, ставiць у няроўныя ўмовы асоб, якiя маюць прапiску, i тых, у каго яна адсутнiчае; перашкаджае грамадзянам рэалiзаваць права на свабоднае заключэнне працоўнага дагавора, а наймальнiкам прымаць работнiкаў з улiкам iх здольнасцей, адукацыi i прафесiйнай падрыхтоўкi.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што частка першая артыкула 182 КаАП, якая ўстанаўлiвае адказнасць наймальнiка за прыём на работу грамадзян без прапiскi, супярэчыць Канстытуцыi i агульнапрызнаным прынцыпам мiжнароднага права, прыярытэт якiх замацаваны ў артыкуле 8 Канстытуцыi. Згодна з артыкулам 15 Закона “Аб мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы мiжнароднага права i нормы мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, уступiўшых ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь права.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае, што ўсе людзi роўныя перад законам i маюць права, без усякага адрознення, на роўную абарону закона (артыкул 7). Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы. Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымiнацыi, мае права на роўную аплату за роўную працу (артыкул 23).
Мiжнародны пакт аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах прызнае права кожнага чалавека на атрыманне магчымасцi зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбiрае або на якую ён свабодна згаджаецца (артыкул 6).
Мiжнародны пакт аб грамадзянскiх i палiтычных правах прадугледжвае роўнасць усiх перад законам i права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону закона (артыкул 26).
У Канвенцыi Мiжнароднай арганiзацыi працы № 111 “Аб дыскрымiнацыi ў галiне працы i заняткаў” пад дыскрымiнацыяй разумеецца ўсякае адрозненне, недапушчэнне або перавага, якая прыводзiць да знiшчэння або парушэння роўнасцi магчымасцей або абыходжання ў галiне працы i заняткаў (пункт 1 артыкула 1). Канвенцыя Мiжнароднай арганiзацыi працы № 122 “Аб палiтыцы ў галiне занятасцi” прадугледжвае свабоду выбару занятасцi i самыя шырокiя магчымасцi для кожнага працоўнага атрымаць падрыхтоўку i выкарыстаць свае навыкi i здольнасцi для выканання работы, да якой ён прыгодны (пункт 2 артыкула 1). Дзяржавы, удзельнiкi ўказаных канвенцый, абавязаны праводзiць сацыяльна-эканамiчную палiтыку, якая гарантуе рэалiзацыю кожным чалавекам права на працу без якiх-небудзь абмежаванняў i дыскрымiнацыi.
У адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” пры праверцы акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як лiтаральны яго сэнс, так i сэнс, якi надаецца яму практыкай прымянення.
Пры вывучэннi правапрымяняльнай практыкi ўстаноўлена, што службовыя асобы адмаўляюць грамадзянам у заключэннi працоўнага дагавора ў сувязi з адсутнасцю прапiскi па месцы знаходжання прадпрыемства, установы, арганiзацыi, а ў выпадку прыёму такiх асоб на работу нясуць адмiнiстрацыйную адказнасць. Па даных Мiнiстэрства ўнутраных спраў, у 1998 годзе за прыём на работу без пашпарта або без прапiскi ў рэспублiцы складзена 611 пратаколаў аб прыцягненнi да адмiнiстрацыйнай адказнасцi ўказаных службовых асоб.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы прымаюць рашэннi, прадастаўляючыя наймальнiку права прымаць на работу асоб, якiя не маюць прапiскi па месцы знаходжання прадпрыемства, установы, арганiзацыi, пры наяўнасцi пэўных ўмоў (напрыклад, магчымасцi штодзённага вяртання да свайго пастаяннага месца жыхарства).
Зыходзячы з прадмета праверкi, Канстытуцыйны Суд, зрабiўшы выснову, што частка першая артыкула 182 КаАП, прадугледжваючая адказнасць службовых асоб за прыём на работу грамадзян, якiя пражываюць без прапiскi, супярэчыць Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам, лiчыць, што гэтыя службовыя асобы не могуць прыцягвацца да адказнасцi таксама ў адпаведнасцi з часткай другой дадзенага артыкула за тое ж парушэнне пасля прымянення да iх меры адмiнiстрацыйнага спагнання за такiя дзеяннi на працягу года.
У адпаведнасцi з артыкуламi 137 i 142 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя. Законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыi, павiнны прымяняцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць нормы артыкула 182 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, што прадугледжваюць адмiнiстрацыйную адказнасць службовых асоб прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый за прыём на работу грамадзян, якiя пражываюць без прапiскi, не адпавядаючымi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам. Лiчыць гэтыя нормы не маючымi юрыдычнай сiлы з дня ўзбуджэння вядзення па справе, гэта значыць з 14 красавiка
2. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi неабходныя змяненнi ў Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях у адпаведнасцi з гэтым Заключэннем.
3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь”.
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А.Васілевіч