Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13 мая 1999 г. № З-78/99
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнiкоў бакоў:

 

Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага акта: Лукашова А.I. — начальнiка аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекi, праваахоўных i судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь;

 

Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;

 

Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыялiста аддзела дзяржаўнага, крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.

 

У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Мiранiчэнка I.А. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваненка П.I. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 14 красавiка 1999 года па прапанове Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка шостая артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — КПК), якая прадугледжвае, што пастанова аб спыненнi справы можа быць абскарджана пракурору (ЗЗ БССР, 1961 г., № 1, арт. 5).

 

У сваёй прапанове Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь паставiў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi часткi шостай артыкула 209 КПК, указаўшы, што дадзеная норма супярэчыць артыкулам 22 i 60 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i агульнапрызнаным нормам мiжнароднага права.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенiк К.I., прадстаўнiкоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса, iншых законаў Рэспублiкi Беларусь, мiжнародна-прававых актаў, а таксама правапрымяняльную практыку, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

 

Артыкулам 209 КПК Рэспублiкi Беларусь устаноўлены парадак спынення крымiнальнай справы на стадыi папярэдняга расследавання. У прыватнасцi, гэтым артыкулам прадугледжана, што аб спыненнi справы следчы складае матываваную пастанову, у якой выкладае сутнасць справы i падставы спынення. Копiю пастановы аб спыненнi справы следчы накiроўвае пракурору. Адначасова следчы пiсьмова паведамляе аб спыненнi i падставах спынення крымiнальнай справы асобе, якая прыцягвалася ў якасцi абвiнавачванага, пацярпеўшага, а таксама асобе або ўстанове, па заявах якiх справа была ўзбуджана, i растлумачвае парадак абскарджання.

 

У адпаведнасцi з часткай шостай гэтага артыкула пастанова аб спыненнi справы можа быць абскарджана пракурору.

 

Заканадаўчае замацаванне права зацiкаўленых асоб абскардзiць пастанову аб спыненнi справы пракурору дазваляе забяспечыць аператыўнае ўстараненне памылак i парушэнняў закона, калi яны былi дапушчаны ў ходзе дазнання i папярэдняга следства. Аднак указанае ў законе права на зварот да пракурора для абскарджання пастановы органаў дазнання i папярэдняга следства аб спыненнi справы на практыцы ўспрымаецца як адзiны шлях абскарджання рашэнняў гэтых органаў аб спыненнi справы, якi выключае магчымасць падачы скаргi ў суд для праверкi законнасцi i абгрунтаванасцi гэтай пастановы. Аб гэтым сведчаць i звароты грамадзян, якiя паступаюць у Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь.

 

Згодна з артыкулам 208 КПК Рэспублiкi Беларусь крымiнальная справа спыняецца:

 

1) пры наяўнасцi падстаў, указаных у артыкулах 5, 51, 54, 55 КПК;

 

2) пры недаказанасцi ўдзелу абвiнавачванага ва ўчыненнi злачынства, калi вычарпаны ўсе магчымасцi для збiрання дадатковых доказаў;

 

3) пры наяўнасцi падстаў для вызвалення ад крымiнальнай адказнасцi, указаных у артыкулах 61, 611, 651, 742, 1526, 170, 213, 2132, 2191 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь.

 

У адпаведнасцi з палажэннямi крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства крымiнальная справа можа быць спынена як пры наяўнасцi падстаў, якiя рэабiлiтуюць грамадзянiна (адсутнасць падзеi злачынства, адсутнасць у дзеяннi складу злачынства i iншыя падставы, якiя апраўдваюць грамадзянiна), так i ў выпадках, калi па меркаванню органаў папярэдняга следства ў дзеяннях падазронага або абвiнавачванага ўтрымлiваюцца прыметы складу злачынства, аднак маюцца прадугледжаныя законам падставы вызвалення яго ад крымiнальнай адказнасцi (сканчэнне тэрмiнаў даўнасцi, акт амнiстыi i iншыя).

 

Пры спыненнi крымiнальнай справы па нерэабiлiтуючых падставах у пастанове аб спыненнi справы ўказваецца аб наяўнасцi ў дзеяннi асобы прымет складу злачынства, што фактычна ўказвае на яе вiнаватасць ва ўчыненнi злачынства.

 

Згодна з артыкулам 26 Канстытуцыi нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым у злачынстве, калi яго вiна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана i ўстаноўлена прыгаворам суда, якi ўступiў у законную сiлу.

 

У выпадку, калi крымiнальная справа спыняецца па нерэабiлiтуючых падставах, гэта значыць з прызнаннем наяўнасцi ў дзеяннi асобы прымет складу злачынства, зацiкаўленай асобе не забяспечваецца права на праверку ў судовым парадку фактаў, пакладзеных ў аснову пастановы аб спыненнi справы.

 

Адсутнасць у частцы шостай артыкула 209 КПК нормы аб праве на судовую абарону iстотна абмяжоўвае канстытуцыйныя правы пацярпеўшых ад злачынстваў i iншых удзельнiкаў крымiнальнага працэсу, чые правы i законныя iнтарэсы былi парушаны спыненнем справы ў стадыi папярэдняга расследавання.

 

Гэта абумоўлена тым, што частка шостая артыкула 209 КПК прызнаецца правапрымяняльнымi органамi адзiнай заканадаўчай нормай, якая вызначае парадак абскарджання пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы. У той жа час у дадзеным выпадку не ўлiчваюцца патрабаваннi артыкулаў 137 i 142 Канстытуцыi, якiя замацоўваюць прынцып вяршэнства Асноўнага Закона, згодна з артыкулам 60 якога кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыi палажэнне з’яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў i свабод грамадзян ад любых дзеянняў i рашэнняў, якiя iх парушаюць.

 

У адпаведнасцi з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам. Артыкул 10 Усеагульнай дэкларацыi прадугледжвае, што кожны чалавек для вызначэння яго правоў i абавязкаў i для ўстанаўлення абгрунтаванасцi прад’яўленага яму крымiнальнага абвiнавачання мае права, на аснове поўнай роўнасцi, на тое, каб яго справа была разгледжана галосна i з захаваннем усiх патрабаванняў справядлiвасцi незалежным i непрадузятым судом. Артыкулам 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах абвешчана, што кожны мае права пры разглядзе любога крымiнальнага абвiнавачання, якое яму прад’яўляецца, або пры вызначэннi яго правоў i абавязкаў у якiм-небудзь грамадзянскiм працэсе на справядлiвы i публiчны разбор справы кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом, створаным на падставе закона.

 

Права на судовую абарону адносiцца да агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi Рэспублiка Беларусь прызнае i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.

 

Гэта права адносiцца да такiх правоў, якiя не могуць быць абмежаваны. Практыка прымянення часткi шостай артыкула 209 КПК прыводзiць да таго, што падазроныя, абвiнавачваныя, пацярпеўшыя i iншыя зацiкаўленыя ў вырашэннi крымiнальнай справы асобы пазбаўляюцца права на зварот ў суд, а рашэннi органаў дазнання i папярэдняга следства, якiя закранаюць iх правы i законныя iнтарэсы, аказваюцца па-за судовым кантролем. Тым самым не забяспечваюцца патрабаваннi артыкула 22 Канстытуцыi, згодна з якiм усе роўныя перад законам i маюць права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублiкi Беларусь, у якой не прадугледжана права грамадзянiна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненнi справы, перашкаджае рэалiзацыi права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй i мiжнародна-прававымi актамi судовую абарону яго правоў i свабод i не адпавядае Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам.

 

На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку шостую артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыi i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвае права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы.

 

2. Да ўнясення змяненняў i дапаўненняў у Крымiнальна-працэсуальны кодэкс па пытаннях судовага абскарджання пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы павiнна ў адпаведнасцi з артыкуламi 137 i 142 Канстытуцыi непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыi.

 

3. Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь змяненнi i дапаўненнi, якiя забяспечваюць рэалiзацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы ў суд.

 

4. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця ў “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч