Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
7 кастрычніка 2009 г. № Р-362/2009
Аб унясенні дапаўнення ў Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П. у адпаведнасці з артыкуламі 6 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у мэтах забеспячэння належнай рэалізацыі палажэнняў падпункта 1.1 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» па ажыццяўленню абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Артыкул 876 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, прынятага рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 18 верасня 1997 г. № Р-58/97 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 80, 6/101; 2009 г., № 105, 6/729), пасля часткі другой дапоўніць часткамі наступнага зместу:

«Разгляду справы аб праверцы канстытуцыйнасці закона ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю ў судовым пасяджэнні папярэднічае правядзенне ў Канстытуцыйным Судзе дасудовай падрыхтоўчай работы (дасудовай падрыхтоўкі).

Падставай для пачатку правядзення дасудовай падрыхтоўкі з’яўляецца прыняцце праекта закона Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні. Калі разгляд праекта закона аб’яўлены тэрміновым, то падставай для пачатку правядзення дасудовай падрыхтоўкі з’яўляецца ўключэнне яго ў парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Дасудовая падрыхтоўка ажыццяўляецца суддзёй (суддзямі) Канстытуцыйнага Суда, а таксама адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда.

У ходзе правядзення дасудовай падрыхтоўчай работы суддзя (суддзі) Канстытуцыйнага Суда можа (могуць) запатрабаваць неабходныя дакументы і іншыя матэрыялы, якія адносяцца да праекта закона і існуюць пры яго разглядзе як у першым, так і другім чытаннях.

Старшыня і суддзі Канстытуцыйнага Суда ажыццяўляюць паўнамоцтвы па правядзенню дасудовай падрыхтоўчай работы, кіруючыся артыкуламі 44, 45 гэтага Рэгламенту з улікам асаблівасцей, абумоўленых сутнасцю абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў. Указаныя паўнамоцтвы ажыццяўляюцца імі без умяшання ў заканатворчы працэс.

Не дапускаюцца публічныя выказванні суддзямі Канстытуцыйнага Суда меркаванняў па тых або іншых палажэннях праекта закона, уплыў іншым чынам на пазіцыі Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адносна закона, які прымаецца (адабраецца).

Пасля паступлення закона ў Канстытуцыйны Суд ва ўстаноўленым парадку для праверкі яго канстытуцыйнасці ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю ўсе матэрыялы, атрыманыя ў ходзе дасудовай падрыхтоўчай работы, перадаюцца суддзі-дакладчыку, назначанаму ў адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 873 гэтага Рэгламенту.»;

частку трэцюю лічыць часткай дзесятай.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

 

 П.П.Міклашэвіч