Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 сакавіка 2009 г. № Р-318/2009
Аб Рэгламенце Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў разгледзеў у судовым пасяджэнні Рэгламент Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь.

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (далей – Кодэкс), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Нацыянальнам сходзе Рэспублікі Беларусь”, Рэгламента Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў:

1. Згодна з часткай першай артыкула 6 Кодэкса Канстытуцыйны Суд прызваны забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Беларусі, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Асноўнаму Закону, зацвярджэнне законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

Па выніках абавязковага папярэдняга кантролю, які ажыццяўляецца на падставе і ў выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” (далей – Дэкрэт № 14), Канстытуцыйны Суд у мэтах забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі ў шэрагу сваіх рашэнняў выклаў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм разгледжаных законаў і недапушчэнне неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі ў будучым. Асобныя з іх, у тым ліку тыя, што датычацца працэдуры прыняцця праграмных законаў, выкладзены ў Пасланні аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе.

Адным з асноўных нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць заканатворчы працэс, парадак дзейнасці заканадаўчага органа, з’яўляецца яго рэгламент. Рэгламент Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей – Рэгламент) прыняты Пастановай Савета Рэспублікі ад 19 снежня 2008 г. на падставе артыкула 105 Канстытуцыі. Рэгламент вызначае парадак дзейнасці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей – Савет Рэспублікі), яго органаў і членаў Савета Рэспублікі. Значная частка артыкулаў Рэгламенту рэгулюе заканатворчы працэс, ад якога ў многім залежыць якасць законаў.

2. Згодна з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і часткай другой артыкула 22 Кодэкса Савет Рэспублікі валодае правам унясення прапаноў у Канстытуцыйны Суд аб дачы заключэнняў па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.

У адпаведнасці з артыкулам 304 Рэгламенту “Савет Рэспублікі мае права звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб дачы заключэння” аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. Артыкул 305 Рэгламенту ўстанаўлівае, што “прапанова аб разглядзе ў Савеце Рэспублікі пытання аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь можа ўносіцца ў Савет Рэспублікі Прэзідыумам Савета Рэспублікі, пастаяннымі камісіямі і членамі Савета Рэспублікі”.

Разам з тым, згодна з часткай другой артыкула 59 Канстытуцыі, дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя  меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Частка трэцяя артыкула 22 Кодэкса прадастаўляе права дзяржаўным органам, грамадскім аб’яднанням, арганізацыям і грамадзянам звяртацца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта ў Савет Рэспублікі і да іншых суб’ектаў, якія маюць права на зварот у Канстытуцыйны Суд, указаных у частцы чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і частцы другой артыкула 22 Кодэкса.

Аднак у артыкуле 69 Рэгламенту, які замацоўвае агульную кампетэнцыю пастаянных камісій, у адносінах да разгляду зваротаў грамадзян і арганізацый указваецца, што яны разглядаюць пісьмовыя звароты грамадзян і арганізацый, што змяшчаюць прапановы па ўдасканальванню заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Дадзенае паўнамоцтва пастаянныя камісіі ажыццяўляюць на падставе артыкула 40 Канстытуцыі і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, згодна з артыкулам 1 якога “зварот – індывідуальная або калектыўная прапанова, заява, скарга грамадзяніна (грамадзян) у дзяржаўны орган, іншую арганізацыю (да службовай асобы), выкладзеныя ў вуснай або пісьмовай форме”.

У частцы першай артыкула 3 Канстытуцыі прадугледжана, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу як непасрэдна, так і праз прадстаўнічыя і іншыя органы. У апасродкаванай форме народ, асобныя грамадзяне ажыццяўляюць уладу, у прыватнасці, праз прадстаўнічы орган – Парламент, які складаецца з дзвюх палат – Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, абавязаных прадстаўляць інтарэсы грамадзян у сілу сваёй прававой прыроды (артыкул 90 Канстытуцыі). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, зварот з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта не толькі вынікае з часткі першай артыкула 3 Канстытуцыі, але і належыць кожнаму грамадзяніну, зыходзячы з яго канстытуцыйнага  права на ўдзел (непасрэдна або апасродкавана) у вырашэнні дзяржаўных спраў (артыкул 37 Канстытуцыі), з’яўляючыся адной з важнейшых форм рэалізацыі ўлады народам. Кожнаму грамадзяніну прадастаўляецца права рэалізаваць ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта ў Канстытуцыйным Судзе праз Савет Рэспублікі, гэта значыць у апасродкаванай форме. Аднак дадзенае права грамадзян на ініцыіраванне праверкі канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта ў Канстытуцыйным Судзе, якое мае належную канстытуцыйную аснову, не знайшло адлюстравання ў Рэгламенце.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што палажэнне, якое змяшчаецца ў частцы трэцяй артыкула 22 Кодэкса, а роўна механізм яго рэалізацыі неабходна замацаваць у адпаведных артыкулах Рэгламенту. Прававое рэгуляванне механізму разгляду і вызначэння далейшага лёсу ініцыятывы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта праз Савет Рэспублікі як прадстаўнічы дзяржаўны орган і адзін з суб’ектаў права ініцыіравання канстытуцыйнага судаводства ва ўмовах адсутнасці непасрэднага права грамадзян на падачу канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд павінна вызначацца ў Рэгламенце ў поўным аб’ёме і ў асобым парадку, што адпавядае яе значнасці для развіцця прававой дзяржавы.

3. У рашэнні ад 27 снежня 2008 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў” Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з часткі чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыі, сфармуляваў прававую пазіцыю аб неабходнасці ўстанаўлення асобага парадку ўнясення змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы. Дадзены парадак прадугледжвае прыняцце законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу палат Парламента  ў выглядзе асобных законаў.

У Рэгламенце вызначаны толькі асобы парадак адабрэння праграмных законаў  – прыняцце большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі (артыкулы 152, 197) і замацавана права Савета Рэспублікі атрымліваць інфармацыю аб ходзе іх рэалізацыі (артыкул 310). Разам з тым у Рэгламенце не ўрэгуляваны парадак прыняцця законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы. Пацвярджаючы вышэйуказаную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў Рэгламенце павінны змяшчацца прававыя нормы, якія замацоўваюць асобы парадак унясення змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай восьмай артыкула 22, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1.  Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, належнага ажыццяўлення правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый вызначыць у Рэгламенце Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

права грамадзян і арганізацый на зварот з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, якое мае канстытуцыйную аснову;

парадак разгляду такой ініцыятывы (звароту);

асобую працэдуру прыняцця законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы.

2. Прапанаваць Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Рэгламент Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адпаведныя змяненні і дапаўненні.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

 

 П.П.Міклашэвіч