Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
5 сакавіка 2009 г. № Р-316/2009
Аб прававым рэгуляванні выплаты выхадной дапамогі

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Ізоткі У.П., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў разгледзеў пытанні прававога рэгулявання выплаты выхадной дапамогі пры скасаванні працоўнага дагавора.

Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК), Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканальванню працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны” (далей – Дэкрэт № 29), пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 “Аб зацвярджэнні Прыкладнай формы кантракта наймальніка з работнікам” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі) і ад 25 верасня 1999 г. № 1476 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 “Аб практыцы разгляду судамі працоўных спрэчак, звязаных з кантрактнай формай найму работнікаў”, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з мэтамі сацыяльнай прававой дзяржавы (частка першая артыкула 1),  гарантуючы правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), устанаўлівае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

Артыкуламі 41, 47 Канстытуцыі прадугледжваюцца правы грамадзян на працу, на сацыяльнае забеспячэнне, на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў. Указаныя правы дапаўняюцца і гарантуюцца адпаведнымі нормамі ПК.

У прыватнасці, у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 48 ПК на наймальніка ўскладаецца абавязак выплаціць работніку выхадную дапамогу ў памеры не менш як двухтыднёвы сярэдні заработак пры скасаванні працоўнага дагавора ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора.

Згодна з часткай першай артыкула 41 ПК работнік мае права патрабаваць скасавання тэрміновага працоўнага дагавора датэрмінова ў выпадку яго балезні або інваліднасці, якія перашкаджаюць выкананню работы па працоўнаму дагавору, парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора і па іншых уважлівых прычынах. Пры гэтым у частцы трэцяй артыкула 41 ПК прадугледжана, што ў выпадку скасавання тэрміновага працоўнага дагавора пры наяўнасці такой уважлівай прычыны, як парушэнне наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора, наймальнік выплачвае звольненаму работніку выхадную дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку.

Такім чынам, права работніка на выхадную дапамогу ў выпадку скасавання тэрміновага працоўнага дагавора ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора замацавана заканадаўцам у ПК.

Змест норм часткі трэцяй артыкула 41 і часткі трэцяй артыкула 48 ПК сведчыць аб іх імператыўным характары, што гарантуе права работніка на выхадную дапамогу ў памеры, устаноўленым ПК.

2. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 17 ПК кантракт з’яўляецца разнавіднасцю тэрміновага працоўнага дагавора, які заключаецца ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам аб працы.

Згодна з заўвагай да пункта 1 Дэкрэта № 29 кантракты – працоўныя дагаворы, якія заключаюцца ў пісьмовай форме на вызначаны ў іх тэрмін і змяшчаюць асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы. У Палажэнні аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 1999 г. № 1476, вызначэнне паняцця “кантракт” удакладнена і дапоўнена. У адпаведнасці з пунктам 2 дадзенага Палажэння кантракт — гэта працоўны дагавор, які заключаецца ў пісьмовай форме на вызначаны ў ім тэрмін, змяшчае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае канкрэтную мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

Такім чынам, кантракт разам з агульнымі рысамі тэрміновага працоўнага дагавора мае асаблівасці, якія характарызуюць яго як разнавіднасць гэтага дагавора. Да такіх устаноўленых заканадаўствам асаблівасцей кантракта адносяцца, у прыватнасці, парадак і ўмовы яго заключэння, а таксама мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка.

У цяперашні час мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка ўстаноўлена ў размеры трох сярэднямесячных заработных плат прымяняльна толькі да выпадку датэрміновага скасавання кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка (частка першая пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180). У адпаведнасці з падпунктам 7.8 пункта 7 Прыкладнай формы кантракта наймальніка з работнікам, зацверджанай указанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, невыкананне або неналежнае выкананне ўмоў кантракта выражаецца ў тым ліку ў парушэнні наймальнікам заканадаўства аб працы і калектыўнага дагавора. Згодна з часткай другой пункта 2 гэтай жа пастановы работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў) і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсію (акрамя працоўнай пенсіі па інваліднасці, з выпадку страты карміцеля і сацыяльнай пенсіі), мінімальная кампенсацыя не выплачваецца.

У працоўным заканадаўстве, якое ўстанаўлівае асаблівасці кантракта, пытанні выплаты выхадной дапамогі пры яго скасаванні не рэгламентуюцца. З гэтага вынікае, што дадзеныя пытанні не звязаны з асаблівасцямі кантракта і што ў такіх выпадках павінны прымяняцца агульныя нормы ПК, якія рэгулююць выплату выхадной дапамогі пры спыненні працоўнага дагавора па адпаведных падставах, у тым ліку норма часткі трэцяй артыкула 41 ПК.

Такім чынам, пры скасаванні кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання наймальнікам яго ўмоў (парушэнне наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора) у адпаведнасці з ПК павінна выплачвацца выхадная дапамога ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку, а ў адпаведнасці з вышэйназванай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 – мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат. Абедзве выплаты маюць адну і тую ж мэту – змякчэнне для работніка наступстваў у сувязі са стратай ім работы, звязаны з адной і той жа прычынай скасавання тэрміновага працоўнага дагавора, але адрозніваюцца па назве і памеры грашовых сродаў. На практыцы гэта прыводзіць да цяжкасцей у выбары прававых норм, якія падлягаюць прымяненню.

3. Згодна з абзацам другім часткі першай артыкула 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь (далей – Пленум Вярхоўнага Суда) разглядае матэрыялы абагульнення судовай практыкі, судовай статыстыкі і дае ў парадку судовага тлумачэння агульным судам растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства.

Абмеркаваўшы практыку разгляду судамі спраў аб кантрактнай форме найму работнікаў, Пленум Вярхоўнага Суда ў частцы трэцяй пункта 21 пастановы ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 “Аб практыцы разгляду судамі працоўных спрэчак, звязаных з кантрактнай формай найму работнікаў” растлумачыў, што “выплата выхадной дапамогі ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку (частка трэцяя артыкула 41 ПК) за парушэнне наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора пры скасаванні кантракта не прадугледжана”.

Улічваючы судовую практыку, якая склалася, і арыентуючы суды на аднастайнае правапрымяненне, Пленум Вярхоўнага Суда фактычна выключыў прымяненне нормы часткі трэцяй артыкула 41 ПК пры скасаванні кантракта.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што, растлумачваючы пытанні прымянення часткі трэцяй артыкула 41 ПК, Пленум Вярхоўнага Суда выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі. Пастановай ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 Пленум Вярхоўнага Суда выключыў магчымасць атрымання выхадной дапамогі не толькі работнікамі, якія маюць права на мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча, але і работнікамі, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікамі, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсію (акрамя працоўнай пенсіі па інваліднасці, з выпадку страты карміцеля і сацыяльнай пенсіі), якім мінімальная кампенсацыя пры скасаванні кантракта не выплачваецца.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, розныя падыходы да прававога рэгулявання выплаты выхадной дапамогі і мінімальнай кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча работніка пры скасаванні кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка прыводзяць да неадназначнага разумення і прымянення адпаведных прававых норм. Узнікшая прававая нявызначанасць можа быць пераадолена шляхам унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у частку трэцюю артыкула 41 і частку трэцюю артыкула 48 ПК, паколькі выпадкі, калі выхадная дапамога не выплачваецца, павінны вызначацца толькі на ўзроўні закона.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай другой артыкула 59, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1.  У мэтах рэалізацыі прынцыпу прававой дакладнасці пры выплаце мінімальнай кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча работніка або выхадной дапамогі ў выпадку скасавання кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка прызнаць неабходным унясенне змяненняў і дапаўненняў у частку трэцюю артыкула 41 і частку трэцюю артыкула 48 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у частку трэцюю артыкула 41 і частку трэцюю артыкула 48 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь
 
 
П.П.Міклашэвіч