Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
15 ліпеня 2002 г. № P-144/2002
15 ліпеня 2002 г. № P-144/2002
Аб забеспячэнні канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты адносна адмовы судоў у разглядзе скарг асуджаных да пазбаўлення волі на прымяненне да іх мер спагнання, устанавiў наступнае.
2 красавіка 2001 г. Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне “Аб праве асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”. У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд, кіруючыся палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актаў, у чарговы раз звярнуў увагу на тое, што прадугледжанае артыкулам 60 Канстытуцыі права грамадзян на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспубліка Беларусь прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Права на судовую абарону адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны. Ім могуць карыстацца і асобы, асуджаныя да пазбаўлення волі.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што дзеючым крымінальна-працэсуальным і крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, якое не прадугледжвае працэдуру абскарджання ў суд дзеянняў адміністрацыі па прымяненню да асуджаных мер спагнання, фактычна абмяжоўваецца права асуджаных да пазбаўлення волі на судовую абарону.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд, у прыватнасці, палічыў, што да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь асуджаныя да пазбаўлення волі, якія абскардзілі накладзенае на іх спагнанне і не згодныя з прынятым у адносінах да іх рашэннем, маюць права на падставе артыкулаў 60 і 137 Канстытуцыі звяртацца са скаргамі ў суд.
Разам з тым, як сведчаць звароты і скаргі грамадзян, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, суды працягваюць адмаўляць у разглядзе скарг асуджаных да пазбаўлення волі на прымяненне да іх мер спагнання, спасылаючыся на тое, што заканадаўствам не прадугледжаны парадак судовага абскарджання ўказаных дзеянняў адміністрацыі папраўчых устаноў.
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд зноў адзначае, што Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай, і ў выпадку разыходжання з ёй закона, дэкрэта або ўказа дзейнічае Канстытуцыя. Гэта палажэнне, замацаванае ў артыкуле 137 Асноўнага Закона, патрэбна разумець не як дэкларацыю, а як настаўленне да практычнага прымянення Канстытуцыі кампетэнтнымі органамі — і перш за ўсё судамі. Яны не толькі маюць права прама прымяняць нормы Асноўнага Закона, але і абавязаны прытрымлівацца прадпісанняў гэтых норм у выпадках, калі мае месца неадпаведнасць Канстытуцыі прымяняемых нарматыўных актаў або недастатковая ўрэгуляванасць у іх асобных канстытуцыйных палажэнняў.
На неабходнасць непасрэднага прымянення норм Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд неаднаразова ўказваў у сваіх заключэннях, у тым ліку і тых, якія датычацца прымянення артыкула 60, што прадугледжвае права кожнага на судовую абарону. У прыватнасці, у Заключэнні Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г. прама ўказвалася, што да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс па пытаннях судовага абскарджання пастановы аб спыненні крымінальнай справы павінна ў адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі.
Непрыняцце судамі скарг асуджаных на прымяненне да іх мер спагнання азначае невыкананне норм Канстытуцыі (артыкулы 7, 8, 59, 112) і не адпавядае прававому статусу асуджаных, замацаванаму Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, адным з састаўляючых кампанентаў якога з’яўляецца іх права звяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі ў адміністрацыю органа або ўстановы, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, суд, пракуратуру і іншыя дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні па абароне правоў і свабод чалавека (частка чацвёртая артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса). Адмова асуджаным у праве на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання цягне адмоўныя для іх вынікі, у тым ліку непрымяненне амністыі і іншых форм змякчэння пакарання або вызвалення ад яго. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што, адмаўляючы асуджаным у судовай праверцы іх скарг, суды бяруць на сябе адказнасць за невыкананне канстытуцыйных норм і парушэнне правоў грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прама ўстаноўлена, што ў выпадку супярэчнасці паміж нормамі гэтага Кодэкса і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць палажэнні Канстытуцыі, а міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, у крымінальным працэсе прымяняюцца разам з дадзеным Кодэксам (часткі трэцяя і чацвёртая артыкула 1). Згодна з артыкулам 72 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” пры выяўленні прабелаў у нарматыўных прававых актах іх пераадоленне да ўнясення адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў можа ажыццяўляцца шляхам выкарыстання інстытутаў аналогіі закона і аналогіі права.
Указаныя палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” абавязваюць прымяняць аналогію ў крымінальным працэсе, што дазваляе пры ажыццяўленні судовай абароны правоў грамадзян выкарыстоўваць найбольш прымальны для дадзенага выпадку працэсуальны парадак прыняцця і разгляду скаргі.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў шэрагу пастаноў Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь змяшчаюцца ўказанні судам на прымяненне аналогіі закона або аналогіі права ў выпадках існуючых прабелаў у заканадаўстве (напрыклад, пункт 4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавіка 2002 г. № 2 “Аб прымяненні судамі заканадаўства аб матэрыяльнай адказнасці работнікаў за шкоду, прычыненую наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў”). Пленум Вярхоўнага Суда не выключае прымянення аналогіі і ў крымінальным працэсе. У прыватнасці, у пункце 3 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 22 чэрвеня 1995 г. № 7 “Аб судовай праверцы законнасці ўзяцця пад варту або прадаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай” (са змяненнямі, унесенымі 22 чэрвеня 2000 г.), прынятай у перыяд дзеяння Крымінальна-працэсуальнага кодэкса 1960 года, які не прадугледжваў парадак абскарджання ў суд затрымання, растлумачвалася, што “у адпаведнасці з арт. 25 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь скарга асобы, затрыманай па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, яго абаронцы або законнага прадстаўніка адносна законнасці затрымання павінна прымацца судом да вядзення па справе і вырашацца па сутнасці ў прымяненні да парадку і па падставах, прадугледжаных крымінальна-працэсуальным заканадаўствам”.
Прымяненне аналогіі крымінальна-працэсуальнага закона пацвярджаецца і правапрымяняльнай практыкай іншых дзяржаў.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што права на судовае абскарджанне прымененых мер спагнання асуджаныя атрымалі ў сувязі з уступленнем у сілу 30 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь і пацвярджэннем непасрэднага характару дзеяння яе норм рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 2 красавіка 2001 г. Такім чынам, асуджаныя маюць права на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання. Яно не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад прыняцця ў будучым закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у крымінальна-працэсуальнае і крымінальна-папраўчае заканадаўства.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкулам 137 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Вярхоўнаму Суду Рэспублiкi Беларусь забяспечыць рэалізацыю судамі нормы артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, якая прадугледжвае права ўсіх грамадзян на судовую абарону, уключаючы і права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання, на што ўказана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 2 красавіка 2001 г. “Аб праве асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”.
2. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання суды, кіруючыся палажэннямі артыкула 72 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” і выкарыстоўваючы магчымасці новых працэсуальных кодэксаў, павінны выбраць найбольш аптымальны варыянт вырашэння падобнага роду спрэчак, прымяняючы пры неабходнасці аналогію закона або аналогію права.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васілевіч