Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 мая 2002 г. № Р-143/2002
29 мая 2002 г. № Р-143/2002
Аб прававым рэгуляванні прыёму наяўных грашовых сродкаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116 і часткi чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз прадпрымальнікаў” (змяшчае 498 подпісаў індывідуальных прадпрымальнікаў) адносна пытанняў рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм.
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю” (у далейшым – Дэкрэт № 12), Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, іншых нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць пытанні прыёму наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з пунктам 2 артыкула 8 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” юрыдычныя і фізічныя асобы, якія займаюцца рэалізацыяй прадукцыі (работ, паслуг) за наяўны разлік праз стацыянарныя гандлёвыя (абслугоўваючыя) пункты, абавязаны ажыццяўляць прыём грашовых сродкаў з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм, зарэгістраваных у дзяржаўнай падатковай інспекцыі. Адпаведныя патрабаванні да касавых падсумоўваючых апаратаў і праграмнага забеспячэння камп’ютэрных сістэм, што прымяняюцца для гэтых мэт, вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь (частка першая). Прымяненне касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм пры рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) за наяўны разлік у нестацыянарных гандлёвых (абслугоўваючых) пунктах неабавязкова для фізічных асоб, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, для якіх абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў устаноўлены фіксаваныя стаўкі падаходнага падатку (частка трэцяя).
Такім чынам, Законам “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” абавязковасць прымянення касавых падсумоўваючых апаратаў для індывідуальных прадпрымальнікаў пастаўлена ў залежнасць ад таго, праз якія гандлёвыя (абслугоўваючыя) пункты яны ажыццяўляюць рэалізацыю прадукцыі (тавараў, работ) — стацыянарныя або нестацыянарныя.
Дэкрэтам № 12 быў уведзены адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства пры рэалізацыі фізічным асобам работ (паслуг), а таксама пры рознічнай рэалізацыі ім праз пункты продажу (акрамя магазінаў) тавараў, указаных у прыкладзеным Пераліку відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, а таксама базавых ставак адзінага падатку (абзац другі пункта 1). Ва ўказаны Пералік уключаны рознічны гандаль нехарчовымі таварамі.
Згодна з Дэкрэтам № 12 да пунктаў продажу адносяцца: пункты дробнарознічнай гандлёвай сеткі (палаткі, кіёскі, не маючыя гандлёвых залаў павільёны, міні-кафэ, летнія кафэ, а таксама развазная і разносная гандлёвая сетка); адасобленыя гандлёвыя месцы на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай; адасобленыя месцы, прадастаўленыя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, юрыдычнымі або фізічнымі асобамі для гандлю; адасобленыя месцы на гандлёвых пляцоўках, якія належаць індывідуальным прадпрымальнікам на праве ўласнасці.
Пунктам 10 Дэкрэта № 12 Міністэрству гандлю прадастаўлена права даваць растлумачэнні па пытаннях аднясення гандлёвых аб’ектаў да пунктаў продажу і асобных тавараў да таварных груп, прадугледжаных у прыкладзеным да Дэкрэта Пераліку.
У адпаведнасці з пунктам 5 Дэкрэта № 12 індывідуальныя прадпрымальнікі пры ажыццяўленні дзейнасці, названай у абзацы другім пункта 1 Дэкрэта, могуць ажыццяўляць прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання адрыўных талонаў і касавых падсумоўваючых апаратаў. Такім чынам, дадзеная норма дазваляе індывідуальным прадпрымальнікам, якія рэалізуюць нехарчовыя тавары і выплачваюць адзіны падатак, ажыццяўляць прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў.
У той жа час у частцы другой пункта 5 Дэкрэта № 12 вызначана, што прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання адрыўных талонаў і касавых падсумоўваючых апаратаў не вызваляе індывідуальных прадпрымальнікаў ад выдачы спажыўцам тавараў, работ (паслуг) таварнага чэка цi іншага дакумента, які пацвярджае пакупку тавараў, выкананне работ (аказанне паслуг). Дадзеная норма накіравана на абарону правоў спажыўцоў тавараў (работ, паслуг), а таксама на рэалізацыю палажэнняў Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”.
15 студзеня 2002 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 38 “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм”. Па меркаванню грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз прадпрымальнікаў”, указаная пастанова Савета Міністраў супярэчыць Дэкрэту № 12 і іншым актам заканадаўства.
Як вынікае з пункта 1 пастановы Савета Міністраў ад 15 студзеня 2002 г. № 38, Урад пагадзіўся з прапановай Брэсцкага, Віцебскага, Мінскага, Магілёўскага аблвыканкомаў і Мінскага гарвыканкома, падтрыманай Мiнiстэрствам эканомiкi, Мiнiстэрствам гандлю, Міністэрствам па падатках і зборах, іншымі зацікаўленымі, аб вызначэнні ўказанымі выканкомамі гандлёвых аб’ектаў, а таксама юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў згодна з дадаткам, якія павінны забяспечыць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на ўказаных аб’ектах толькі з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм, уключаных у Дзяржаўны рэестр мадэлей (мадыфікацый) касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Савет Міністраў таксама рэкамендаваў адпаведным аблвыканкомам і Мінскаму гарвыканкому ўстанавіць наступныя тэрміны для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія павінны забяспечыць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на гандлёвых аб’ектах, указаных у дадатку да дадзенай пастановы, з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм: у горадзе Мінску — да 1 ліпеня 2002 г., у абласных цэнтрах — да 1 кастрычніка 2002 г., у астатніх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках — да 1 студзеня 2003 г., калі іншыя тэрміны не ўстаноўлены заканадаўствам (абзац другi пункта 2 пастановы Савета Мiнiстраў ад 15 студзеня 2002 г. № 38). У абзацы трэцім пункта 2 гэтай пастановы дадзены рэкамендацыі Гомельскаму і Гродзенскаму аблвыканкомам вызначыць гандлёвыя аб’екты, а таксама юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія павінны забяспечыць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на такіх аб’ектах толькі з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм, уключаных у Дзяржаўны рэестр мадэлей (мадыфікацый) касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тэрміны, устаноўленыя пастановай.
На аснове аналізу зместу пунктаў 1 і 2 пастановы Савета Міністраў ад 15 студзеня 2002 г. № 38 можна зрабіць вывад, што гэтыя нормы не з’яўляюцца нормамі прамога дзеяння. На момант яе прыняцця дзейнічала пастанова Савета Міністраў i Нацыянальнага банка ад 9 студзеня 2002 г. № 18/1 “Аб прыёме наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) і аб некаторых пытаннях выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм”. Падпунктам 2.1 пункта 2 названай пастановы Савета Міністраў і Нацыянальнага банка было прадугледжана, што прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праз стацыянарныя гандлёвыя (абслугоўваючыя) пункты, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі, у тым ліку Нацыянальным банкам, банкамі, іх філіяламі і прадстаўніцтвамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў і (або) спецыяльных камп’ютэрных сістэм, мадэлі (мадыфікацыі) якіх уключаны ў Дзяржаўны рэестр.
Ва ўказаным падпункце дадзенай пастановы змяшчаецца палажэнне — “калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў частцы першай пункта 5 Дэкрэта № 12 індывідуальным прадпрымальнікам, якія рэалізуюць тавары і выплачваюць адзіны падатак, прадастаўлена права ажыццяўляць прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў.
З улiкам выкладзенага неабходна прызнаць, што пастанова Савета Мiнiстраў ад 15 студзеня 2002 г. № 38 “Аб некаторых пытаннях рэалiзацыi тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сiстэм” прынята без улiку адпаведных палажэнняў Дэкрэта № 12.
Згодна з часткай трэцяй пункта 5 Дэкрэта № 12 права вызначаць пункты продажу, што рэалiзуюць тавары толькi з прымяненнем касавых падсумоўваючых апаратаў, або пералiк вiдаў тавараў, рэалiзацыя якiх ажыццяўляецца толькi ў спецыяльна адведзеных месцах з прымяненнем касавых падсумоўваючых апаратаў, прадастаўлена аблвыканкомам i Мiнскаму гарвыканкому па ўзгадненню з дэпартаментам па прадпрымальнiцтву Мiнiстэрства эканомiкi.
Рашэннем Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 19 лютага 2002 г. № 184 “Аб парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў на асобных гандлёвых аб’ектах (пунктах)” (у далейшым — рашэнне Мiнгарвыканкома № 184) зацверджаны пералiк гандлёвых аб’ектаў (пунктаў), на якiх юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi павiнны забяспечыць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалiзацыi тавараў (работ, паслуг) толькi з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сiстэм, згодна з дадаткам. У пералiк уключаны 27 найменняў розных гандлёвых аб’ектаў (пунктаў) – гэта гандлёвыя цэнтры, выстаўкi-продажы, выстаўкi-кiрмашы, кнiжныя кiрмашы.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Мiнгарвыканкому у адпаведнасцi з часткай трэцяй пункта 5 Дэкрэта № 12 прадастаўлена права вызначаць толькi пункты продажу, якiя рэалiзуюць тавары з прымяненнем касавых падсумоўваючых апаратаў. Аднак у рашэннi Мiнгарвыканкома № 184, акрамя дадзенага пытання, вызначаны таксама iншыя пытаннi.
Так, у абзацы другiм пункта 1 рашэння Мiнгарвыканкома № 184 прадугледжана, што юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя ажыццяўляюць рэалiзацыю тавараў (работ, паслуг) на ўласных плошчах або арэндаваных месцах на гандлёвых аб’ектах (пунктах) згодна з пералiкам, забяспечваюць з 1 лiпеня 2002 г. прыём наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сiстэм, уключаных у Дзяржаўны рэестр мадэлей (мадыфiкацый) касавых падсумоўваючых апаратаў i спецыяльных камп’ютэрных сiстэм, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. У падпункце 2.1 пункта 2 дадзенага рашэння арганiзатарам выставак-продажаў (выставак-кiрмашоў) прадпiсана паведамiць пiсьмова юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам, якiя ажыццяўляюць рэалiзацыю тавараў (работ, паслуг), аб увядзеннi прыёму i ўлiку наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў. У адпаведнасцi з пунктам 3 рашэння юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам, якiя ажыццяўляюць рэалiзацыю тавараў (работ, паслуг) на гандлёвых аб’ектах (пунктах), уключаных у пералiк, у тэрмiн да 1 лiпеня 2002 г. неабходна зарэгiстраваць касавыя падсумоўваючыя апараты ў падатковым органе па месцы рэгiстрацыi ў якасцi падаткаплацельшчыка.
Пастановай Мiнiстэрства гандлю ад 8 лютага 2002 г. № 4, прынятай у мэтах выканання пастановы Савета Мiнiстраў i Нацыянальнага банка № 18/1, зацверджаны пералiк стацыянарных гандлёвых (абслугоўваючых) пунктаў, у якiх юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi ажыццяўляюць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалiзацыi тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сiстэм.
Ва ўказаны пералік разам з такімі стацыянарнымі гандлёвымі аб’ектамі, як магазіны, гандлёвыя цэнтры і іншыя, уключаны і гандлёвыя (абслугоўваючыя) пункты, што вызначаюцца аблвыканкомамі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам у адпаведнасці з пунктам 5 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыцяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю” (пазіцыя № 30).
Такім чынам, гандлёвыя аб’екты 27 найменняў, уключаныя рашэннем Мінгарвыканкома № 184 у пералік гандлёвых аб’ектаў (пунктаў), на якіх юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны забяспечыць прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) толькі з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных камп’ютэрных сістэм, адносяцца да стацыянарных гандлёвых (абслугоўваючых) пунктаў. У сувязі з гэтым да суб’ектаў, якія гандлююць на дадзеных аб’ектах, павінны прымяняцца ўсе правілы прыёму наяўных грашовых сродкаў, што дзейнічаюць у адносінах да стацыянарных гандлёвых (абслугоўваючых) пунктаў.
Парадак выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў суб’ектамі, якія гандлююць у стацыянарных гандлёвых (абслугоўваючых) пунктах, вызначаны ў Палажэнні аб парадку выкарыстання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм для прыёму наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), зацверджаным пастановай Міністэрства па падатках і зборах ад 8 лютага 2002 г. № 11.
Згодна з пунктам 16 названага Палажэння юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выкарыстоўваюць касавыя падсумоўваючыя апараты і (або) спецыяльныя камп’ютэрныя сістэмы для прыёму наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), штомесячна, не пазней дваццатага чысла месяца, наступнага за справаздачным, прадстаўляюць у падатковы орган па месцы рэгістрацыі ў якасці падаткаплацельшчыка справаздачу аб сумах наяўных грашовых сродкаў, прынятых з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў і (або) спецыяльных камп’ютэрных сістэм пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), па форме згодна з дадаткам 5.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што правіла пункта 16 дадзенага Палажэння, якое прадугледжвае штомесячную падачу індывідуальнымі прадпрымальнікамі справаздачы аб сумах наяўных грашовых сродкаў, прынятых з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў, у падатковы орган, не адпавядае зместу часткі першай пункта 4 Дэкрэта № 12, згодна з якой індывідуальныя прадпрымальнікі пры ажыццяўленні дзейнасці, указанай у абзацы другім пункта 1 Дэкрэта, вядуць улік выручкі ў адвольнай форме і пасля заканчэння каляндарнага года (не пазней 1 лютага года, наступнага за справаздачным) прадстаўляюць па месцы пастаноўкі на падатковы ўлік справаздачу аб памеры атрыманай у справаздачным календарным годзе выручкі па форме, што зацвярджаецца Міністэрствам па падатках і зборах.
З аналізу палажэнняў нарматыўных актаў, што рэгулююць пытанні прыёму наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў, вынікае, што асобныя нормы, якія маюць меншую юрыдычную сілу, фактычна выключаюць дзеянне норм, якія маюць большую юрыдычную сілу.
Так, пункт 1 рашэння Мінгарвыканкома № 184 па сутнасці пазбаўляе індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць адзіны падатак і ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў на гандлёвых аб’ектах, уключаных у прыкладзены да рашэння пералік, права ажыццяўляць прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў, як гэта прадугледжана ў частцы першай пункта 5 Дэкрэта № 12.
Правы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць адзіны падатак, абмяжоўваюцца і пунктам 16 Палажэння аб парадку выкарыстання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм для прыёму наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), паколькі выкананне прадпiсанняў дадзенага пункта таксама пазбаўляе індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць адзіны падатак, права на вядзенне ўліку, прадастаўленага ім у частцы першай пункта 4 Дэкрэта № 12.
Асноўным Законам замацавана, што ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, або да адмаўлення ад сваіх правоў (артыкул 58).
Згодна з артыкулам 137 Асноўнага Закона Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” законы, дэкрэты, указы маюць большую юрыдычную сілу ў адносінах, у прыватнасці, да іншых нарматыўных прававых актаў (частка чацвёртая артыкула 10); у выпадку калізіі паміж нарматыўнымі прававымі актамі суб’екты праваадносін абавязаны кіравацца нормай акта, які валодае больш высокай юрыдычнай сілай (частка першая артыкула 71).
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Адзначыць, што пастанова Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 15 студзеня 2002 г. № 38 “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных кампґютэрных сістэм” не ўзгадняецца з адпаведнымi нормамi Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю”, накiраванымi на стварэнне спрыяльных умоў для развiцця iндывiдуальнага прадпрымальнiцтва.
2. Прапанаваць:
Савету Міністраў Рэспублiкi Беларусь пастанову ад 15 студзеня 2002 г. № 38 “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў або спецыяльных кампґютэрных сістэм” прывесці ў адпаведнасць з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 і гэтым рашэннем;
Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту рашэнне ад 19 лютага 2002 г. № 184 “Аб парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў на асобных гандлёвых аб’ектах (пунктах)” прывесцi ў адпаведнасць з палажэннямi Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 і гэтым рашэннем у мэтах рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія выплачваюць адзіны падатак, правоў на прыём наяўных грашовых сродкаў без выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў і на вядзенне ўліку выручкі ў адвольнай форме, прадастаўленых ім указаным Дэкрэтам;
іншым дзяржаўным органам прывесці свае нарматыўныя акты, якія датычацца парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем касавых падсумоўваючых апаратаў, у адпаведнасць з палажэннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 і гэтым рашэннем.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч