Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 мая 2002 г. № Р-142/2002
Аб рашэннях Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў сувязі з прыпыненнем прыёму дакументаў на індэксацыю чэкаў “Жыллё”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты грамадзян па пытанню законнасці рашэнняў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта аб прыпыненні прыёму дакументаў на індэксацыю чэкаў “Жыллё”, падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь, устанавiў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” жыллёвыя квоты (сумы квот) грамадзян і членаў іх сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на 1 студзеня 1992 года і ажыццяўляюць індывідуальнае або калектыўнае жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку шляхам долевага ўдзелу ў ім, рэканструкцыю аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, ці ўступілі ў арганізацыю грамадзян-забудоўшчыкаў, ці набываюць жылыя памяшканні шляхам куплі, а таксама пры пагашэнні запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты, падлягаюць індэксацыі з улікам змянення кошту будаўніцтва жылля на дзень звароту гэтых грамадзян з заявай аб індэксацыі жыллёвай квоты ў параўнанні з яго коштам на 31 снежня 1991 года. Пры гэтым індэксацыі падлягаюць жыллёвыя квоты, падораныя, атрыманыя ў спадчыну і набытыя ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь.
 
Указаная норма дадзенага Закона ўзноўлена ў частцы першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399.
 
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт рашэннямі “Аб часовым парадку пералічэння сум праіндэксіраваных жыллёвых квот (імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”)” ад 28 снежня 2000 г. № 1566 (пункт 3), ад 30 сакавіка 2001 г. № 374 (пункт 3), ад 24 верасня 2001 г. № 1329 (пункт 3) і рашэннем “Аб праекце бюджэта горада Мінска на 2002 год” ад 22 снежня 2001 г. № 1748 (падпункт 9.3 пункта 9) прыпыніў у 2000, 2001, 2002 гадах прыём дакументаў на індэксацыю падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь чэкаў “Жыллё” без уліку часу патрэбнасці грамадзян у паляпшэнні жыллёвых умоў.
 
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Артыкулам 120 Канстытуцыі для мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлены абавязак выконваць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” вызначае, што мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца на аснове прынцыпу законнасці (артыкул 5), а рашэнні Саветаў і выканаўчых камітэтаў павінны адпавядаць заканадаўству (артыкул 49).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, прыняўшы рашэнні ад 28 снежня 2000 г. № 1566, ад 30 сакавіка 2001 г. № 374, ад 24 верасня 2001 г. № 1329, ад 22 снежня 2001 г. № 1748, фактычна прыпыніў дзеянне часткі першай артыкула 21 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і часткі першай пункта 4 Палажэння аб iндэксацыi жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399, у адносiнах да iндэксацыi жыллёвых квот, падораных, атрыманых у спадчыну i набытых ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь парадку, перавысiўшы тым самым свае паўнамоцтвы.
 
Прызнаючы неабходнасць належнага фiнансавага забеспячэння любога прымаемага нарматыўнага акта, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на тое, што Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт павiнен быў вырашыць пытанне аб iндэксацыi ўказаных жыллёвых квот не шляхам фактычнага прыпынення дзеяння актаў заканадаўства, а шляхам унясення адпаведных прапаноў у кампетэнтныя органы дзяржаўнай улады, у тым лiку i прапаноў, звязаных з унясеннем змяненняў у Закон “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь”.
 
Акрамя таго, насуперак патрабаванням падпункта 2.1 пункта 2 пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 31 снежня 1998 г. № 2034 “Аб прававой экспертызе прававых актаў Нацыянальнага банка, мiнiстэрстваў i iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, абласных, Мiнскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, аблвыканкомаў i Мiнскага гарвыканкома” (са змяненнямi), названыя рашэннi Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта не прайшлi юрыдычную экспертызу ў Мiнiстэрстве юстыцыi Рэспублiкi Беларусь i не былi афiцыйна апублiкаваны, як таго патрабуе норма артыкула 65 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 і часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што пункт 3 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 28 снежня 2000 г. № 1566, пункт 3 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 30 сакавiка 2001 г. № 374, пункт 3 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 24 верасня 2001 г. № 1329, падпункт 9.3 пункта 9 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 22 снежня 2001 г. № 1748 не адпавядаюць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь.
 
2. Прапанаваць:
Мiнскаму гарадскому выканаўчаму камiтэту прывесцi ўказаныя рашэннi ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, законамi Рэспублiкi Беларусь i гэтым рашэннем;
Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь вырашыць пытанне аб фiнансавым забеспячэннi рэалiзацыi норм Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь”, у тым лiку i шляхам магчымага ўнясення прапаноў Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь аб унясеннi змяненняў ва ўказаны Закон.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                          Р.А. Васiлевiч