Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 студзеня 2002 г. № Р-135/2002
Аб праве на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы, што ўступілі ў законную сілу, перагледжваліся ў парадку нагляду
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь звароты асуджанага грамадзяніна і яго законнага прадстаўніка па пытанню аб непрымяненні амністыі, устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 10 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 14 ліпеня 2000 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” прадугледжвалася скарачэнне на адзін год тэрміну пакарання асобам, асуджаным да пазбаўлення волі. Пад дзеянне гэтага артыкула падпадалі згодна з артыкулам 14 дадзенага Закона асуджаныя, у адносінах да якіх на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі прыгаворы ўступілі ў законную сілу. Аналагічныя нормы змяшчаліся і ў раней прынятых законах аб амністыі.
 
Звароты, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд, сведчаць, што на практыцы мае месца непрымяненне амністыі да асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, але затым перагледжваліся ў парадку нагляду.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што асуджаны, прыгавор у адносінах да якога ўступіў у законную сілу на дзень уступлення ў сілу ўказанага Закона, мае права на амністыю, нягледзячы на тое што пазней прыгавор ці вынесеныя па ім вызначэнні касацыйных інстанцый перагледжваліся ў парадку нагляду.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, узнікшае права асуджанага на амністыю не павінна страчвацца ў сувязі з тым, што яго справа перагледжваецца ў парадку нагляду, калі, як правіла, устараняюцца памылкі, дапушчаныя судамі, але выкананне прыгавору не прыпыняецца і асуджаны працягвае адбываць назначанае судом пакаранне.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ім 17 лістапада 2000 г. было прынята рашэнне “Аб праве на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)”. Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю па дадзенаму пытанню, Канстытуцыйны Суд адзначыў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыяй абвешчаны прынцып роўнасці ўсіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22). Артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў. Артыкул 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ўстанаўлівае, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
 
Ва ўказаным рашэнні Канстытуцыйны Суд не выключыў права на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх вынесеныя судамі першай інстанцыі прыгаворы не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі ў сувязі з тым, што іх касацыйныя скаргі не разглядаліся на працягу доўгага часу па акалічнасцях, ад іх не залежных. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што такія асобы аказваюцца ў няроўным становішчы ў параўнанні з асуджанымі, касацыйныя скаргі якіх былі разгледжаны без зацягвання тэрмінаў, ці з асуджанымі, якія наогул не выкарыстоўвалі права на касацыйнае абскарджанне судовага прыгавору.
 
Прыведзеныя аргументы яшчэ ў большай меры адносяцца да тых выпадкаў, калі вынесеныя прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, але пазней асуджаныя выкарыстоўвалі сваё права на судовую абарону праз прынясенне нагляднай скаргі.
 
Непрымяненне да такіх асоб амністыі ставіць іх у няроўнае становішча з асуджанымі, якія не скарысталіся сваім правам абскарджання прыгавору ў парадку нагляду. Акрамя таго, непрымяненне амністыі ў выпадках, калі прыгаворы перагледжваюцца ў парадку нагляду, фактычна абмяжоўвае права асуджаных на судовае абскарджанне прыгавораў, паколькі яны могуць адмовіцца ад ажыццяўлення такого права толькі дзеля таго, каб на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі яны не пазбавіліся права на прымяненне да іх гэтага закона.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, для прымянення амністыі да асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы ці вызначэнні касацыйных інстанцый перагледжваліся ў парадку нагляду, не патрабуецца дадатковага заканадаўчага рашэння. Такія асобы маюць права на амністыю, паколькі на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы мелі законную сілу.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным пры прыняцці ў будучым законаў аб амністыі прадугледжваць іх распаўсюджванне і на асоб, якія ўчынілі злачынствы да ўвядзення ўказаных законаў у дзеянне, але прыгаворы ў адносінах да якіх не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу законаў аб амністыі.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40 і 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Лічыць, што асобы, у адносінах да якіх вынесеныя прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, маюць права на амністыю і ў тых выпадках, калі пазней праводзіцца праверка гэтых прыгавораў у парадку нагляду.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці законаў аб амністыі прадугледжваць іх распаўсюджванне і на асоб, якія ўчынілі злачынствы да ўвядзення ў дзеянне ўказаных законаў, але прыгаворы ў адносінах да якіх не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу законаў аб амністыі.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч