Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 лістапада 2001 г. № З-132/2001
28 лістапада 2001 г. № З-132/2001
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi палажэнняў пунктаў 20 i 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарнiцтве”
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнiкоў:
Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь — Рамановiча I.П.;
Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь — Мiнца I.М.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi палажэнняў пунктаў 20 i 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарнiцтве”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Мiклашэвiч П.П. — першы намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Iваноўскi А.У. – намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, Петраш А.С. – першы намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 17 кастрычнiка 2001 г. па прапанове Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5, 6 i 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, артыкулаў 43 i 48 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
У адпаведнасцi з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыйны Суд па прапановах указаных у дадзеным артыкуле органаў дае, у прыватнасцi, заключэннi аб канстытуцыйнасцi актаў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
Праверцы падлягалi палажэнні пунктаў 20 i 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарнiцтве” (са змяненнямi ад 18 студзеня 1993 г., 18 снежня 1997 г. i 29 сакавіка 2001 г.).
Згодна з пунктам 20 дадзенай пастановы “вызваленне ад крымiнальнай адказнасцi па матывах вымагання хабару або добраахвотнай заявы аб дачы хабару (заўвага да арт. 431 КК Рэспублiкi Беларусь) не выключае злачыннага характару дзеянняў, учыненых раней хабарадавальнiкам. Таму ў такiх выпадках ён не прызнаецца пацярпелым ад злачынства. У вынiку гэтага грошы i iншыя каштоўнасцi, якiя з’явiлiся прадметам хабару, падлягаюць накiраванню ў даход дзяржавы”.
У адпаведнасцi з пунктам 21 указанай пастановы “адабраныя грошы i iншыя каштоўнасцi, якiя з’яўляюцца прадметам хабару i прызнаны рэчавымi доказамi, падлягаюць накiраванню ў даход дзяржавы на падставе арт. 98 КПК. Калi грошы i iншыя каштоўнасцi, передадзеныя ў выглядзе хабару, не былi выяўлены, грашовы эквiвалент беспадстаўна набытай выгады з падсуднага спаганяецца ў даход дзяржавы. Грошы i iншыя каштоўнасцi, калi яны памылкова былi вернуты хабарадавальнiку, могуць быць спагнаны з яго ў даход дзяржавы па iску пракурора ў парадку грамадзянскага судаводства”.
У прапанове Савета Мiнiстраў, унесенай у сувязi са зваротам Мiнiстра ўнутраных спраў, пастаўлена пытанне аб праверцы канстытуцыйнасцi палажэнняў дадзеных пунктаў пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1. На думку ініцыятара прапановы, яны не заснаваны на нормах крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, ставяць у няроўнае становiшча асоб, якiя далi хабар, але падлягаюць вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi ў адпаведнасцi з заўвагай да артыкула 431 Крымiнальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КК), i асоб, якiя ўчынілі іншыя злачынствы і таксама падлягаюць вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi ў сувязi з iх дзейным раскаяннем. Накiраванне ў даход дзяржавы прадмета хабару, што належыць на праве ўласнасцi асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi ў сувязi з меўшым месца вымаганнем хабару цi добраахвотнай заявай вiнаватага аб дачы хабару, на думку Савета Мiнiстраў, не садзейнiчае раскрыццю такога небяспечнага злачынства, як атрыманне хабару.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркiсаву Э.А., прадстаўнiкоў бакоў, эксперта Лукашова А.I. – дактаранта Акадэмii МУС Рэспублiкi Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, Крымiнальнага i Крымiнальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублiкi Беларусь, пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавiка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарнiцтве”, следчую i судовую практыку, а таксама iншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
Згодна з заўвагай да артыкула 431 КК асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымiнальнай адказнасцi, калi ў адносiнах да яе мела месца вымаганне хабару цi калi гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявiла аб учыненым.
У частцы шостай артыкула 61 КК прадугледжана прымяненне спецыяльнай канфiскацыi, якая заключаецца ў прымусовым бязвыплатным адабраннi ва ўласнасць дзяржавы прылад i сродкаў учынення злачынства, што належаць асуджанаму; рэчаў, адабраных з абароту; маёмасцi, набытай злачынным шляхам, а таксама прадметаў, якiя непасрэдна звязаны са злачынствам, калi яны не падлягаюць вяртанню пацярпеламу або iншай асобе.
Пытаннi канфiскацыi рэгулююцца таксама крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам. У прыватнасцi, згодна з артыкулам 98 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым – КПК) у прыгаворы, прысудзе або пастанове аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе павiнна быць вырашана пытанне аб рэчавых доказах. Пры гэтым: 1) прылады злачынства, якiя належаць абвiнавачванаму, падлягаюць канфiскацыi або знiшчаюцца; 2) прадметы, забароненыя да абарачэння, падлягаюць канфiскацыi або знiшчаюцца; 3) прадметы, якiя не ўяўляюць каштоўнасці i не могуць быць выкарастаны, падлягаюць знiшчэнню, а ў выпадку хадайнiцтва зацiкаўленых асоб або ўстаноў могуць быць выдадзены iм; 4) грошы i iншыя каштоўнасцi, здабытыя злачынным шляхам, па прыгавору суда падлягаюць накiраванню на пакрыццё шкоды ад злачынства, а пры невядомасцi асобы, якая панесла шкоду, накiроўваюцца ў даход дзяржавы. Iншыя рэчавыя доказы выдаюцца законным уладальнiкам, а пры неўстанаўленнi апошнiх пераходзяць ва ўласнасць дзяржавы. У выпадку спрэчкi аб iх прыналежнасцi яна падлягае вырашэнню ў парадку грамадзянскага судаводства; 5) дакументы, якія з’яўляюцца рэчавымі доказамі, застаюцца пры крымінальнай справе на працягу ўсяго тэрміну яе захоўвання ці перадаюцца зацікаўленым асобам або ўстановам.
Супастаўляючы правяраемыя пункты пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 з прыведзенымі вышэй нормамі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пункце 21 указанай пастановы змяшчаецца агульнае правіла, якое вызначае лёс прадмета хабару як рэчавага доказу. Яно распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі злачынства ў выглядзе як атрымання хабару, так і дачы хабару.
Фармулюючы ў дадзеным пункце палажэнне аб тым, што адабраныя грошы і іншыя каштоўнасці, якія з’яўляюцца прадметам хабару і прызнаны рэчавымі доказамі, падлягаюць накіраванню ў даход дзяржавы, Пленум Вярхоўнага Суда грунтаваўся на артыкуле 98 КПК. Аднак згодна з пунктам 4 дадзенага артыкула грошы і іншыя каштоўнасці, здабытыя злачынным шляхам, па прыгавору суда падлягаюць накіраванню на пакрыццё шкоды ад злачынства. У даход дзяржавы яны накіроўваюцца толькі ў выпадку невядомасці асобы, якая панесла шкоду. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што спасылка ў пункце 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 толькі на артыкул 98 КПК недастатковая, паколькі з яе прама не вынікае неабходнасць накіравання ва ўсіх выпадках у даход дзяржавы прадмета хабару як рэчавага доказу.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае няўзгодненасць палажэнняў пункта 4 артыкула 98 КПК і часткі шостай артыкула 61 КК, згодна з якой маёмасць, набытая злачынным шляхам, падлягае прымусоваму бязвыплатнаму адабранню ва ўласнасць дзяржавы. Таму Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што палажэнне пункта 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1, хаця прама і не вынікае з артыкула 98 КПК, на які зроблена спасылка ва ўказаным пункце, але па сваёй сутнасці не супярэчыць закону ў цэлым, паколькі часткай шостай артыкула 61 КК устаноўлена агульнае правіла аб накіраванні ў даход дзяржавы маёмасці, набытай злачынным шляхам. Такой маёмасцю, у прыватнасці, з’ўляюцца грошы і іншыя каштоўнасці, перададзеныя хабарніку, які асуджаецца па прыгавору суда.
Пленум Вярхоўнага Суда ў пункце 20 указанай пастановы сфармуляваў спецыяльнае палажэнне, што датычыцца асобы, якая дала хабар, але вызвалена ад крымінальнай адказнасці з прычыны таго, што ў адносінах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару ці яна пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
У адпаведнасці з заўвагай да артыкула 431 КК асоба, якая дала хабар, падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці:
1) калі ў адносінах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару;
2) у выпадку дзейнага раскаяння, гэта значыць калі асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
Аналізуючы першую падставу вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобы, якая дала хабар, Канстытуцыйны Суд адзначае, што вымаганне хабару азначае патрабаванне, якое прад’яўляецца службовай асобай, суправаджаецца пагрозай учынення дзеянняў, якія могуць прычыніць урон законным інтарэсам грамадзяніна або яго блізкім, ці пастаўленне яго ў такія ўмовы, пры якіх ён вымушаны даць хабар у мэтах прадухілення шкодных вынікаў для праваахоўваемых інтарэсаў.
З прычыны вымагання хабару асоба можа апынуцца ў такім стане, калі яна вымушана, ахвяруючы сваімі матэрыяльнымі выгадамі, пагадзіцца на дачу хабару ў мэтах абароны больш значных для яе інтарэсаў. Такі стан можа ў пэўных выпадках разглядацца як крайняя неабходнасць, якая ў адпаведнасці з артыкулам 36 КК выключае злачыннасць учыненага дзеяння. У гэтых выпадках указаная асоба не павінна лічыцца асобай, якая ўчыніла злачынства, а таму на яе не могуць распаўсюджвацца прававыя вынікі ўчыненага ў выглядзе канфіскацыі грошай або іншых каштоўнасцей, перададзеных у якасці хабару службовай асобе. У выніку гэтага яна мае права прэтэндаваць на вяртанне прадмета хабару.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што судовая практыка павінна грунтавацца на ўказаных палажэннях крымінальнага заканадаўства.
Разглядаючы другую падставу вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобы, якая дала хабар, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
Згодна з часткай першай артыкула 88 КК асоба, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, што не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, калі яна пасля ўчынення злачынства добраахвотна з’явілася з пакаяннем, актыўна садзейнічала раскрыццю злачынства, пакрыла прычынены ўрон або іншым чынам загладзіла нанесеную злачынствам шкоду. Такія дзеянні вінаватай ва ўчыненні злачынства асобы ўтвараюць у сукупнасці дзейнае раскаянне, наяўнасць якога можа служыць падставай яе вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, што не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі. Часткай другой дадзенага артыкула прадугледжваецца вызваленне ад крымінальнай адказнасці асобы, якая ўчыніла злачынства іншай катэгорыі, толькі ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных артыкулам Спецыяльнай часткі КК, але пры наяўнасці ўмоў, указаных у частцы першай артыкула 88 КК, гэта значыць пры ўчыненні злачынства ўпершыню, добраахвотнай яўцы асобы з пакаяннем, актыўным садзейнічанні раскрыццю злачынства, пакрыцці ўрону або іншым чынам загладжванні нанесенай злачынствам шкоды.
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што паколькі пры дачы хабару не прычыняецца матэрыяльны ўрон, які патрэбна пакрыць, і не наносіцца фактычная шкода, што падлягае загладжванню, крымінальны закон дазваляе вызваліць асобу, якая дала хабар, ад крымінальнай адказнасці толькі пры яе добраахвотнай заяве аб учыненым, што прадугледжвае і актыўнае садзейнічанне гэтай асобай раскрыццю злачынства.
Аднак дзейнае раскаянне вінаватага не выключае злачыннага характару ўчыненага дзеяння ў выглядзе дачы хабару і з прычыны гэтага хабарадавальнік не можа быць прызнаны пацярпелым ад злачынства, якому прычыняецца матэрыяльны ўрон. У дадзеным выпадку асоба добраахвотна перадае грошы ці іншыя каштоўнасці хабарніку. Паколькі ні крымінальным, ні крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не прадугледжваюцца асаблівасці вызначэння лёсу прадмета хабару пры добраахвотнай заяве аб яго дачы, гэта пытанне павінна вырашацца ў адпаведнасці з агульнымі правіламі, устаноўленымі часткай шостай артыкула 61 КК.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць палажэнне пункта 20 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1, што вызначае лёс прадмета хабару ў адносінах да асобы, якая дала хабар, але добраахвотна заявіла аб учыненым, ці ў адносінах да якой мела месца вымаганне хабару пры адсутнасці стану крайняй неабходнасці, адпавядаючым закону.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд не выключае і іншых падыходаў заканадаўца да вырашэння пытання адносна прадмета хабару пры дзейным раскаянні асобы, якая дала хабар, маючы на ўвазе наступнае.
У артыкуле 22 Канстытуцыі абвешчаны прынцып роўнасці ўсіх перад законам. Дадзены прынцып не выключае права заканадаўца ўстанаўліваць асаблівасці, якія датычацца адказнасці асобных катэгорый асоб. Заканадаўцу таксама прадастаўлена права прадугледжваць нормы, якія як змякчаюць адказнасць, так і вызваляюць вінаватых ад крымінальнай адказнасці па розных падставах.
У ліку падстаў вызвалення ад крымінальнай адказнасці законам прадугледжваецца дзейнае раскаянне, якое выкарыстоўваецца заканадаўцам перш за ўсё як сродак, што стымулюе раскрыццё злачынстваў і выкрыццё вінаватых у іх учыненні.
Такі падыход заканадаўца грунтуецца на патрабаваннях артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якім дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Праз заканадаўчае расшырэнне сферы прымянення дзейнага раскаяння дзяржава стварае аптымальныя ўмовы для раскрыцця злачынстваў, выкрыцця вінаватых у іх учыненні. Адным з прыватных выпадкаў прымянення ўказанага інстытута з’яўляецца норма заўвагі да артыкула 431 КК, у адпаведнасці з якой асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі яна пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
Прызнаючы забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь вышэйшай мэтай дзяржавы, Канстытуцыя ў артыкуле 23 прадугледжвае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Канстытуцыйны Суд бярэ пад увагу таксама агульнапрызнаныя ў міжнародным праве палажэнні, згодна з якімі ступень любога абмежавання права павінна быць строга суразмернай патрэбнасці або вышэйшаму інтарэсу, дзеля якіх уводзіцца дадзенае абмежаванне.
Як паказвае практыка, адабранне і накіраванне ў даход дзяржавы грошай або іншых каштоўнасцей, што раней належалі асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з яе дзейным раскаяннем, не стымулююць асоб, якія далі хабар, на добраахвотную заяву аб учыненым і з прычыны гэтага не садзейнічаюць раскрыццю больш небяспечных злачынстваў у выглядзе атрымання хабару.
На думку Канстытуцыйнага Суда, больш мяккага падыходу заслугоўваюць асобы, у адносiнах да якiх мае месца вымаганне хабару.
З улiкам выкладзенага Канстытуцыйны Суд не выключае магчымасцi ўвядзення ў заканадаўства такой нормы, якая б дазваляла суду ў асобных выпадках, на падставе ўсебаковай ацэнкi канкрэтных акалiчнасцей справы, разам з канфiскацыяй грошай або iншых каштоўнасцей, атрыманых службовай асобай у якасцi хабару, вырашаць пытанне аб iх вяртаннi хабарадавальнiку, якi падлягае вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi на падставе заўвагi да артыкула 431 КК, i перш за ўсё калi ў адносiнах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару.
Канстытуцыйны Суд, кiруючыся артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, таксама адзначае, што на практыцы маюць месца выпадкi, калi накiроўваюцца ў даход дзяржавы грошы або iншыя каштоўнасцi, што належаць асобам, якiя загадзя, яшчэ да iх перадачы хабарнiку, добраахвотна паведамляюць праваахоўным органам аб вымаганнi ў iх хабару i затым удзельнiчаюць у правядзеннi аператыўных дзеянняў, што выконваюцца пад кантролем гэтых органаў у мэтах выкрыцця хабарнiкаў.
Канстытуцыйны Суд лiчыць такую практыку незаконнай. Указаныя асобы не ўчыняюць злачынства, i ў вынiку гэтага грошы i iншыя каштоўнасцi, якiя належаць iм i выкарыстоўваюцца ва ўказаных мэтах, падлягаюць вяртанню iх уладальнiкам.
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што развiццё судовай практыкi было б забяспечана ў патрэбным накiрунку, калi б у пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавiка 1992 г. № 1 разам з агульным указаннем аб адабраннi ў даход дзяржавы прадмета хабару змяшчалася i ўказанне на недапушчальнасць канфiскацыi грошай i iншых каштоўнасцей, якiя перадаюцца ў ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць пункты 20 i 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарнiцтве” ў частцы змешчаных у iх растлумачэнняў адпавядаючымi нормам Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь.
Адзначыць, што накiраванне ў даход дзяржавы грошай i iншых каштоўнасцей, перададзеных у якасцi хабару асобай, у адносiнах да якой мела месца вымаганне хабару, не павiнна распаўсюджвацца на асоб, якiя аказалiся ў стане крайняй неабходнасцi i вымушаны даць хабар.
2. Адзначыць незаконнасць практыкi, у адпаведнасцi з якой накiроўваюцца ў даход дзяржавы грошы i iншыя каштоўнасцi, што належаць асобам, якiя да iх перадачы хабарнiку добраахвотна паведамляюць праваахоўным органам аб вымаганнi ў iх хабару i затым удзельнiчаюць у правядзеннi аператыўных дзеянняў, што выконваюцца пад кантролем гэтых органаў у мэтах выкрыцця хабарнiкаў.
Указаныя асобы не ўчыняюць злачынства, i ў вынiку гэтага грошы i iншыя каштоўнасцi, якiя належаць iм i выкарыстоўваюцца ва ўказаных мэтах, падлягаюць вяртанню iх уладальнiкам.
3. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь устаранiць няўзгодненасць палажэнняў артыкула 98 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь i артыкула 61 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь адносна грошай i iншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, маючы на ўвазе таксама i тое, што не выключаецца магчымасць увядзення ў заканадаўства нормы, якая дазваляе суду ў пэўных выпадках вырашаць пытанне аб вяртаннi прадмета хабару хабарадавальнiку, якi падлягае вызваленню ад крымiнальнай адказнасцi на падставе заўвагi да артыкула 431 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь.
4. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i “Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь”.
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч